Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пракурор заклікае ліквідаваць НІСЭПД


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Вярхоўным судзе Беларусі на працэсе аб ліквідацыі рэспубліканскай грамадзкай арганізацыі “Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў” адбыліся спрэчкі бакоў. Пракурор А.Мазоўка заклікала суд падтрымаць пазоў Мінюсту аб ліквідацыі інстытуту, а прадстаўнікі інстытуту абвінавацілі міністэрства ў парушэньні закону.

Судовыя спрэчкі ў справе аб закрыцьці любой грамадзкай арганізацыі звычайна праходзяць напружана і нават драматычна. Ня стаў выключэньнем і працэс аб ліквідацыі грамадзкай арганізацыі “Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў”.

Спрэчкі пачаў прадстаўнік Мінюсту Аляксандар Харытон, які не ўпершыню ўдзельнічае ў падобных працэсах. Ён ня зьняў ніводнай ранейшай прэтэнзіі да інстытуту, а ўсе аргумэнты апанэнтаў адкінуў як неабгрунтаваныя.

Са свайго боку супрацоўнікі інстытуту абвінавацілі Аляксандра Харытона ў фальшаваньні доказаў. Адзін з дакумэнтаў, які Аляксандар Харытон прасіў далучыць да справы, яны назвалі падробкай. Кіраўнік інстытуту Алег Манаеў заявіў у спрэчках, што на месцы міністра юстыцыі Віктара Галаванава адразу звольніў бы свайго падначаленага, які “апусьціўся да падобных мэтадаў адстойваньня сваёй пазыцыі”. Аляксандар Харытон на гэта адказаў, што нібыта здабыў гэты дакумэнт на сайце інстытуту.

У спрэчках кіраўнік інстытуту Алег Манаеў абвінаваціў Міністэрства юстыцыі ў стварэньні перашкодаў грамадзкай арганізацыі, што падпадае пад адказнасьць згодна з 194-м артыкулам Крымінальнага кодэксу. Адвакат Вера Страмкоўская падтрымала гэтую пазыцыю. Яна зьвярнула ўвагу суду на тое, што гэтыя дзеяньні актывізаваліся напярэдадні мінулых парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму аб магчымасьці для Аляксандра Лукашэнкі вылучацца на трэці тэрмін.

(Страмкоўская: ) “Выходзячы за межы закону, Міністэрства юстыцыі стварыла перашкоды ў дзеяньні грамадзкага аб’яднаньня, пачынаючы зь верасьня 2004 году. А што гэта да пэрыяд? Калі ў нас прайшлі апошнія выбары ў парлямэнт? Усім вядома”.

Не падзяляе меркаваньняў адваката пракурор Алена Мазоўка. Яна палічыла ўсе доказы Мінюсту пераканаўчымі, у тым ліку і дакумэнт, які Алег Манаеў назваў “яўнай фальшыўкай”. Паводле пракурора Алены Мазоўкі, суду трэба задаволіць просьбу Мінюсту аб закрыцьці грамадзкай арганізацыі “Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў”. Сваё рашэньне суд плянуе абвясьціць заўтра, 15 красавіка.

Кіраўнік інстытуту Алег Манаеў і ягоныя калегі разумеюць, што вельмі высокая верагоднасьць таго, што іх арганізацыю закрыюць.
XS
SM
MD
LG