Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імя пісьменьніка-вэтэрана Аляксея Карпюка ня ўнесьлі ў кнігу “Памяць”


Сьвятлана Курс, Менск 85 гадоў назад нарадзіўся Аляксей Карпюк — франтавік, партызан, вязень канцлягеру, адзін з найцікавейшых беларускіх празаікаў, вядомы таксама як пасьлядоўны дысыдэнт і лідэр інтэлігенцыі Горадні ў 1960—1980 гг. Пра Аляксея Карпюка апавядаюць літаратары і родныя.

Аляксей Карпюк нарадзіўся ў сям’і сялянаў, ягоны бацька быў сябрам КПЗБ. У 1934-м скончыў сямігодку і ў 1938—1939 навучаўся ў польскай гімназіі ў Вільні, а пасьля яе закрыцьця — у Наваградзкай пэдвучэльні. Падчас вайны браў удзел у партызанскім руху. У сьнежні 1942 трапіў у палон, пазьней — у канцлягер Штутгаф. Адтуль Карпюк здолеў зьбегчы, у 1943 годзе арганізаваў зь мясцовае моладзі партызанскі атрад імя Кастуся Каліноўскага і стаў ягоным камандзірам. У жніўні 1944 забраны ў Чырвоную Армію. Быў двойчы паранены, стаў інвалідам II групы.

Распавядае пісьменьніца Данута Бічэль-Загнетава, даўняя каляжанка Аляксея Карпюка:

(Бічэль-Загнетава: ) “Калі вы памятаеце, як выглядаў Кастусь Каліноўскі, то яны былі адной пароды. Яны былі з блізкіх вёсак, і іх продкі ляжаць на адных могілках. У партыі трэба было быць шэрай мышкай, а ён быў такі квяцісты, такі тутэйшы, самабытны, таленавіты. Ясна, што ён быў дысыдэнтам. Калі кадэбэшнікам і камуністам трэба было ваяваць зь ім, яны выцягвалі факт зь ягонай біяграфіі, што ён уцёк з канцлягеру: “Цябе выпусьцілі, бо ты служыў немцам. Чалавек ня можа ўцячы з канцлягеру”.

Пра Аляксея Карпюка расказвае Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) “Чалавек, які нічога не баіцца, нікога не баіцца, калі ідзе за дабро і справядлівасьць, ён быў цікавы пісьменьнік зь вялікім даверам да жыцьця. Думаю, гэта і было зарукаю сяброўства Аляксея Карпюка з Васілём Быкавым. Ён быў недаспадобы чыноўнікам, і тыя стараліся апляваць ягонае партызанскае, армейскае мінулае”.

Аляксей Карпюк вядомы як аўтар твораў пра жыцьцё Заходняй Беларусі (аповесьць “Данута”, раман “Вершалінскі рай” ды іншыя), праўдзіва пісаў пра партызанскі рух у Беларусі.

Вакол Карпюка ў Горадні ў 1960—1970-я ўзьнік своеасаблівы клюб вальнадумнай інтэлігенцыі. Сам Карпюк пашыраў забароненую ў БССР літаратуру, кантактаваў з Салжаніцыным, зь сям’ёй Геніюшаў.

Жонка пісьменьніка Інга Карпюк згадвае праслухоўваньне тэлефонаў, ператрусы, выключэньне мужа з партыі ў 1972 годзе. КДБ нават сфальшаваў ягоную біяграфію. Гадамі Карпюк быў беспрацоўны. Ды і ў сёньняшні час яго нават ня ўнесьлі ў гарадзенскую мэмарыяльную кнігу “Памяць” як удзельніка вайны, паскардзілася Інга Карпюк.

(Карпюк: ) “Трэба, каб хто-небудзь згадаў, што яны зь ім рабілі. Тыя міты, якія яны выдумлялі, адносіліся і да яго ваеннай біяграфіі”.

Гаворыць дачка Карпюка Алена:

(Алена: ) “Досьвед чалавека, які дайшоў да Бэрліна, даваў яму ўпэўненасьць, што ён мусіць, павінен змагацца з тым, што лічыць несправядлівым. На жаль, я запозна зразумела ягоную выключнасьць на фоне тых, хто не высоўваецца, хто існуе”.

Аляксей Карпюк сябраваў з Васілём Быкавым, абодва яны былі і застаюцца маральнымі аўтарытэтамі для беларускае інтэлігенцыі.
XS
SM
MD
LG