Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 14 красавіка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 14 красавіка.

“Полесская правда”, 1925 год:

“Губ. адміністратыўны аддзел даводзіць да ведама был. вугорскіх ваеннапалонных імпэрыялістычнай вайны, якія пражываюць на тэрыторыі Гомельскай губэрні і нарадзіліся на тэрыторыі цяперашняй Вугоршчыны, што ад 15-га красавіка г.г. будзе адбывацца адпраўка іх на радзіму. Прыём заяў ад вышэйзгаданых асобаў аб выезьдзе на радзіму будзе вырабляцца губ. адм. аддз. да 1-га ліпеня 1925 г. Ваеннапалонныя і іх сем’і, якія не падалі заяваў у замежны стол ГАА да згаданага тэрміну, трацяць права на выезд бясплатна, як ваеннапалонныя”.

“Беларуская крыніца”, 1935 год. І.Шпак з Навасёлак, што на Наваградчыне піша:

“Летась паліцыя выявіла ў нашай ваколіцы камуністычную ячэйку. Павадырамі гэтай ячэйкі былі маладыя жыдкі. Камуністычная ячэйка надта-ж агітавала проціў беларускай народнай справы. Словам, камуністы стараюцца заглушыць беларускі народны рух. Беларусы, не паддавайцеся камуністычнай агітацыі, бо камуністы хочаць паняволіць беларускае сялянства — хочаць загнаць нас у камуну, дзе будуць камандаваць маладыя жыдкі-камісары”.

“ЛіМ”, 1955 год. Аляксей Карпюк піша:

“Імя польскай дэмакратычнай пісьменніцы Элізы Ожэшка добра вядома советскім чытачам. Большую частку свайго жыцця Э.Ожэшка правяла ў Беларусі… У 1910 годзе, калі пісьменніца ляжала ў Гродна хворая, жыхары горада выклалі брук перад яе домам саломай, каб хворую не непакоіў грукат колаў… У Гродна захаваўся ў добрым стане дом, дзе жыла Э.Ожэшка. У гістарычна-археалагічным музеі знаходзіцца шмат яе пісем… Ёсць у Гродзенскім музеі і некаторыя рэчы пісьменніцы. Яшчэ больш іх знаходзіцца ў насельніцтва. Даўно наспела патрэба адкрыць музей Элізы Ожэшка ў доме, дзе яна жыла”.
XS
SM
MD
LG