Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штраф 102 тысячы рублёў за віншавальную ўлётку


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак 102 тысячы рублёў штрафу — такое пакараньне вынесла адміністрацыйная камісія пры Наваполацкім гарвыканкаме сябру Партыі БНФ Аляксею Трубкіну. Ён аштрафаваны за тое, што распаўсюджваў 25 сакавіка віншавальныя ўлёткі.

Аляксей Трубкін, паводле міліцэйскага пратаколу, быў абвінавачаны ў парушэньні артыкулу 172 частка 3 КоАП: распаўсюд друкаваных матэрыялаў з парушэньнем існага парадку і без выходных зьвестак.

25 сакавіка спадар Трубкін завітаў у кабінэт рэктара Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Зьмітра Лазоўскага і ўручыў яму віншавальную ўлётку з нагоды Дня Волі. Улёткі гэтыя распаўсюджвала мясцовая філія Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. Рэктар запрасіў прысесьці, выйшаў з кабінэту, і неўзабаве Аляксея Трубкіна затрымала ўнівэрсытэцкая ахова, якая перадала яго ў рукі работнікаў міліцыі. Міліцыянты адвезьлі хлопца ў пастарунак і склалі адпаведны пратакол. Сёньня сябры адміністрацыйнай камісіі пры гарвыканкаме разгледзелі гэтую справу і прызналі, што затрыманы нанёс сваімі дзеяньнямі шкоду дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку, і вынесьлі яму пакараньне ў выглядзе штрафу 102 тысячы рублёў.

Гаворыць Аляксей Трубкін:

(Трубкін: ) “Мяне пацягнулі ў міліцыю за тое, што я перадаў рэктару віншавальную ўлётку з нагоды 25 сакавіка. У нашай краіне гэты дзень мусіць быць нацыянальным сьвятам. Мне ж прысудзілі 102 тысячы рублёў штрафу. Іначай, як фантасмагорыяй, гэта не назавеш”.

Падтрымаць Аляксея Трубкіна прыйшлі 11 сябраў Задзіночаньня беларускіх студэнтаў і мясцовых праваабаронцаў, але нікога зь іх у залю, дзе адбывалася паседжаньне, не пусьцілі.
XS
SM
MD
LG