Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнта, які раздаваў улёткі пра Карпенку, аштрафавалі на 2000 даляраў


Любоў Лунёва, Менск Суд Кастрычніцкага раёну Менску пакараў штрафам 150 базавых велічыняў (гэта каля 2000 даляраў ЗША) сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі студэнта Аляксандра Бяспалага за распаўсюд інфармацыйных улётак пра Генадзя Карпенку.

Судзьдзя Кастрычніцкага суду Натальля Пратасавіцкая вынесла пастанову аб тым, што Аляксандар Бяспалы парушыў закон аб масавых мерапрыемствах. Аляксандар распаўсюджваў улёткі, у якіх была інфармацыя аб тым, што 7 красавіка людзі прыйдуць на Кастрычніцкую плошчу, каб ушанаваць памяць Генадзя Карпенкі. Згодна з Адміністрацыйным кодэксам, гэта ёсьць заклікам удзельнічаць у несанкцыянаванай уладамі акцыі. Судзьдзя пакарала Аляксандра як арганізатара мерапрыемства.

Аляксандар Бяспалы — студэнт чацьвертага курсу ўнівэрсытэту. Ён паведаміў Радыё Свабода, што на штраф 2000 даляраў у яго, натуральна, няма грошай. Яго бацькі таксама ня могуць назьбіраць такой сумы, бо маюць яшчэ дачку, таксама студэнтку. Аляксандар лічыць, што ўлады наўмысна караюць моладзь вялікімі штрафамі, каб прадухіліць іх удзел у вулічных выступленьнях.

(Бяспалы: ) “Вынік судовай справы ня стаў для мяне нечаканасьцю. Менавіта гэтага рашэньня я і чакаў. Яно было гатовае, відаць, яшчэ 7 красавіка, а сёньня толькі было агалошана. Улёткі, якія я распаўсюджваў, былі прысьвечаныя памяці Генадзя Карпенкі. У іх распавядалася пра яго жыцьцё і палітычную дзейнасьць. Відавочна, што асноўнай мэтай такіх судовых рашэньняў ёсьць спроба запалохаць людзей, запалохаць актыўную моладзь, каб прадухіліць выхад людзей на вуліцы”.

Судзьдзя абвясьціла, каб грошы пералічылі на рахунак Кастрычніцкага райфінаддзелу цягам двух тыдняў. У іншым выпадку дадому прыйдуць судовыя выканаўцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG