Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завялі новую крымінальную справу на Аксану Новікаву


Любоў Лунёва, Менск Супраць Аксаны Новікавай, якую двойчы судзілі за паклёп на Аляксандра Лукашэнку, управа міліцыі Дзяржынскага раёну распачала чарговую крымінальную справу. Аксану падазраюць у спробе атрымаць падроблены пашпарт.

Аксана Новікава пачала знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, распачатай супраць яе паводле 380 артыкулу Крымінальнага кодэксу (выраб і карыстаньне падробленымі дакумэнтамі).

Спадарыня Новікава распавяла Радыё Свабода, што пры канцы мінулага году яе выклікалі ва ўпраўленьне ўнутраных справаў Савецкага раёну Менску. Ёй прад’явілі анкету ў пашпартным стале на імя Ірыны Шынгаровай на атрыманьне новага пашпарту. Але да анкеты прыкладаўся фатаздымак Аксаны Новікавай. Пашпарт быў выдадзены. Потым ім скарысталіся, каб прапісацца ў Дзяржынску, і там у пашпартна-візавай службе яго зьмянілі на новы.

Аксана сьцьвярджае, што на фотаздымку не яна, а нехта падобны да яе. Сьледчы Дзяржынскай міліцыі Віктар Галіцкі пракамэнтаваць гэта адмовіўся, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва. Аксана Новікава ў матэрыялах справы знайшла заключэньне экспэртаў аб тым, што хутчэй за ўсё яна сваёй рукой запаўняла анкету і фотаздымак належыць ёй. На вочнай стаўцы жанчына, у кватэры якой была прапісана Шынгарова, апазнала Аксану.

Сама Аксана Новікава сьцьвярджае, што справа цалкам сфабрыкаваная:

(Новікава: ) “Я лічу, што гэтая справа цалкам сфабрыкаваная. Сьведка, якая павінна была мяне апазнаць на фатаздымку, не казала спачатку, што гэта я. Яна пазнала мяне толькі тады, калі ўбачыла асабіста, бо прайшоў час на падрыхтоўку. Я буду даказваць у судзе, што гэта менавіта так. Я лічу, што ўлады мяне папросту перасьледуюць. У дадзеным выпадку прысуд будзе абвінаваўчы”.

Аксану Новікаву двойчы раней судзілі за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. У 2003 годзе яе пакаралі пазбаўленьнем волі, але з адтэрміноўкай пакараньня. Летась Аксану пакаралі абмежаваньнем волі на два гады. Але Аксана атрымала пастанову Менскага гарадзкога суду аб тым, што прысуд скасавалі і выконваць ня будуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG