Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка параўнаў Парк высокіх тэхналёгіяў з “пацёмкінскай вёскай”


Ігар Карней, Менск Аляксандар Лукашэнка накіраваў на дапрацоўку дэкрэт аб стварэньні ў Беларусі Парку высокіх тэхналёгіяў, які мусіць стаць аналягам амэрыканскай “крэмніевай даліны”. Пры гэтым паведамляецца, што прынцыпова рашэньне ўхваленае і рэалізацыя праекту пачнецца ўжо сёлета.

Летась праект дэкрэту “Аб стварэньні ў Беларусі Парку высокіх тэхналёгіяў” ужо накіроўваўся на дапрацоўку: чыноўнікі не дасягнулі кансэнсусу ў вызначэньні памераў прэфэрэнцыяў рэзыдэнтам Парку. Меркавалася, што сёньня праект будзе ўхвалены, даўшы старт стварэньню “раю для праграмістаў”. Аднак Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з урадоўцамі і прадстаўнікамі адміністрацыі нечакана загаварыў пра падмену паняцьцяў: маўляў, пабудуем “пацёмкінскую вёску, каб потым ёй толькі любавацца”.

Праўда, пад канец паседжаньня кіраўнік краіны ўжо ня быў такі катэгарычны: з улікам таго, што вялікая колькасьць беларусаў, як выказаўся Лукашэнка, “за бясцэнак прадае мазгі дзядзьку Сэму”, стварэньне Парку аб’ектыўна патрэбна. Самі навукоўцы лічаць, што падобны праект толькі тады мае сэнс, калі ёсьць верагоднасьць выхаду на зьнешні рынак. У іншым выпадку каэфіцыент карыснага дзеяньня Парку можа быць роўны нулю, лічыць дацэнт катэдры лазэрнай фізыкі БДУ Ігар Сташкевіч.

(Сташкевіч: ) “Калі мы разьвіваем навукаёмістыя тэхналёгіі, то павінны арыентавацца на міжнародны рынак. Прыкладам гэтага можа стаць Індыя, якая цяпер ёсьць лідэрам у стварэньні праграмных прадуктаў, дзе працуюць 20—30 тысяч праграмістаў на адной фірме. Сярод высокатэхналягічных кампаніяў, якія займаюцца тым жа праграмным забесьпячэньнем у Беларусі, прынамсі, толькі дзьве я ведаю, якія ўвайшлі ў сотню найбуйнейшых эўрапейскіх фірмаў — “ІBA” і “EPAM Systems”. І тое яны ўваходзяць толькі ў сотню. Канкурэнцыя ў сьвеце вельмі вялікая, і цяжка штосьці зрабіць адразу”.

Адзін з рапрацоўнікаў нарматыўнай базы пад будучы Парк, прэзыдэнцкі дарадца Валеры Цапкала заявіў, што цяпер усе разьвітыя краіны карыстаюцца беларускім інтэлектам. Таму ў гэтым зьвязку ўзьнікаюць дзьве праблемы: “уцечка мазгоў” і страта прыбытку. Стварэньне Парку высокіх тэхналёгіяў, на думку Цапкалы, вырашыла б гэтыя ды іншыя праблемы.

Аднак абяцаньні пэрспэктыўнага шчасьця ў беларускім “раі для праграмістаў” патэнцыйных удзельнікаў пакуль ня вельмі прывабліваюць. Кіраўнік Цэнтру маніторынгу міграцыі Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіл Арцюхін сьведчыць, што ад’езд навукоўцаў у замежжа застаецца стабільным.

(Арцюхін: ) “Штогод 5—7 дактароў навук, 28—30 кандыдатаў. Пры гэтым вельмі адчувальнае амаладжэньне кантынгенту: вельмі вялікі адсотак да сарака гадоў, практычна 50% ад тых, хто ад’яжджае. Гэтыя людзі збольшага і будуць вызначаць будучы склад міграцыі. Гэта перадусім тыя, хто мабільны, — сям’і няма, альбо кар’ера задуманая яшчэ ў студэнцкай аўдыторыі. Ідзе мэтанакіраванае асваеньне моваў, пошук вакансіяў праз інтэрнэт, што вельмі істотна спрошчвае працаўладкаваньне. Гэта індывідуальны выбар”.

На думку навукоўца Ігара Сташкевіча, увесь ранейшы досьвед прасоўваньня беларускіх тавараў на зьнешні рынак не дае падставаў да аптымізму і ў выпадку з Паркам.

(Сташкевіч: ) “Нават калі б мы і разьвівалі высокія тэхналёгіі, выйсьці зь імі на ўсясьветны рынак вельмі цяжка: няма адпаведнага мэнэджарскага патэнцыялу, які б вывеў распрацоўкі на той рынак, дзе яны былі б запатрабаваныя. Але гэта ўжо хвароба ўсёй эканомікі. Калі няма мэнэджараў, якія б маглі гандляваць беларускай прадукцыяй пасьпяхова на міжнародным рынку, то ня будзе іх і для прасоўваньня навуковых распрацовак”.

Дзейнасьць Парку высокіх тэхналёгіяў будзе зьвязаная з распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня. Уласна ж праграмістаў туды плянуецца прыцягваць перадусім льготамі і прэфэрэнцыямі. Кампаніі-рэзыдэнты будуць вызваленыя ад падаткаў на прыбытак і даданую вартасьць, мытных плацяжоў пры ўвозе абсталяваньня і мясцовых збораў. Арэндная плата, як мяркуецца, таксама будзе налічвацца па паніжанай стаўцы — 0,5 базавай велічыні.
XS
SM
MD
LG