Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзкія паркі распачынаюць сэзон за мэталёвай агароджай


Галіна Абакунчык, Менск Ад 16 красавіка гарадзкія паркі Менску распачынаюць новы сэзон. Некаторыя зь іх адначасна будуць праводзіць рэканструкцыю. Часткай гэтага абнаўленьня мусяць стаць паркавыя агароджы. Так, мэталёвыя канструкцыі узводзяцца зараз вакол парку імя Чалюскінцаў, таксама аднаўляецца агароджа вакол Лошыцкага парку Менску. Ці ёсьць гэта характэрнай зьявай і з чым зьвязаная патрэба агароджваць паркі?

Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што парк імя Чалюскінцаў некалі меў агароджу, але яшчэ ў міжваенны пэрыяд. Лошыцкі парк заставаўся агароджаным да апошняга часу, але колісь тут была экспэрымэнтальная аграгаспадарка. Аднак, прыкладам, адзін з гарадзкіх паркаў у Берасьці раней такой агароджы ня меў, а зараз яна ўзводзіцца і плянуецца, што на ноч паркавая брама будзе зачыняцца.

У Менску плянуецца рэканструкцыя яшчэ некалькіх гарадзкіх паркаў, у тым ліку сёлета адкрываецца першая частка парку каля новабудоўлі Нацыянальнай бібліятэкі. Гэткім чынам і стане зразумелым ці агароджваюцца гарадзкія паркі мэтанакіравана, ці з нейкай патрэбы. Дзеля чаго гэта робіцца зараз, кіраўнік парку імя Чалюскінцаў Павел Барысенка патлумачыў гэтак:

(Барысенка: ) “Канечне, трэба зачыняцца, бо людзі ходзяць з усіх бакоў, вельмі шмат пабытовага сьмецьця. І ўвогуле, калі цямнее, дык у закутках нават людзі церпяць, розныя здарэньні былі. Бо асьвятленьне ж ня ўсюды было”.

Акрамя таго, уваход у парк будзе ўтвараць сабой калянаду з 28 пяцімэтровых слупоў, якія злучаць цагляныя аркі гэткай жа вышыні. Прыкладна гэтак выглядалі паркавыя брамы ў 50-я гады. Той стыль, разам з упрыгожваньнем гарадзкой забудовы называлі “сталінскім ампірам”.

Натуральна, што рэканструкцыя такіх збудаваньняў вымагае немалых сродкаў. Колькі менавіта, спадар Барысенка не назваў, спаслаўшыся на тое, што грошы на аднаўленьне парку выдзяляе гарадзкая адміністрацыя. Але тое, што іх не хапае, і ў парка ёсьць больш пільныя патрэбы, ён не адмаўляе.

(Барысенка: ) “Напачатку ў рэканструкцыі было закладзена шмат чаго. Але потым урэзалі – толькі на агароджу й на асьвятленьне пакінулі. Помнік “Маці ў жалобе” будзе рэканструяваны. Гэта на магіле, дзе ахвяры вайны пахаваныя – прыкладна каля 10 тысячаў чалавек. А на танцпляцоўку й на парк-клюб сказалі – шукайце інвэстараў. Раней у парку былі й спартова-масавыя будынкі, зараз жа гэтага няма”.

Спадар Барысенка кажа пра ўшанаваньне магілы ахвяраў мінулай вайны. Але, як сьцьвярджаюць гісторыкі, парк імя Чалюскінцаў зьяўляецца адным з тых месцаў у Менску, дзе праводзіліся расстрэлы палітзьняволеных у гады сталінскага тэрору. Ці будуць пазначаныя гэтыя мясьціны, і што кажуць пра цяперашнюю рэканструкцыю парку адмыслоўцы з шэрагу архітэктараў і гісторыкаў?

Пра ўшанаваньне памяці ахвяраў палітрэпрэсіяў у кіраўніцтве парку не паведамляюць нічога. Адмыслоўцы ж заяўляюць, што менавіта за ўпарадкаваньнем магілы загіблых у часе вайны, будзе схаваная праўда пра яшчэ адзін, сталінскі тэрор грамадзянаў Беларусі.

У парку падчас рэканструкцыі мусілі быць праведзеныя грунтоўныя архэалягічныя дасьледаваньні – кажа дачка рэпрэсаванага Тодара Кляшторнага, ахвяра рэпрэсіяў Мая Кляшторная. Акрамя таго, спадарыня Кляшторная архітэктар паводле адукацыі й рэканструкцыю паркаў з узьвядзеньнем вакол іх агароджаў пракамэнтавала наступным чынам:

(Кляшторная: ) “Парк – гэта такая структура горадабудаўніцтва, што ён павінен быць адзіны з жытлом. Каб людзі маглі прыйсьці туды ў любы час, а не тады, калі іх пусьцяць. Паколькі ў нас зараз увогуле няма дзе зьбірацца, акрамя парка Бангалор, то, магчыма, і яго хутка агародзяць. І тады ўсё будзе пад наглядам, і на ўсё трэба будзе браць дазвол. Для мяне гэта дужа сумна, паколькі мае ўспаміны пра тыя паркі, якія я са свайго дзяцінства памятаю – агароджаныя, з высокімі варотамі – наганяюць цяжкія думкі”.
XS
SM
MD
LG