Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Глёбус: палітыка – гэта не маё


Вольга Караткевіч, Прага Сёньняшні госьць "Свабоды" – літаратар, выдавец, рухавік інтэрнэтных праектаў Адам Глёбус.

(Караткевіч: ) "Адаме, у якой сфэры дамінуе цяпер Вашая актыўнасьць?"

(Глёбус: ) "Мая актыўнасьць – у мастацтве. У мастацтве паводзінаў. Самае галоўнае, на мой погляд – гэта паводзіны чалавека. І я імкнуся паводзіць сябе годна".

(Караткевіч: ) "Каго б Вы адзначылі, гаворачы аб нечакана-эфэктным зьяўленьні ў літаратурнай сфэры?"

(Глёбус: ) "У мяне ёсьць прэмія "Залатая літара", і я адзначаю тое, што мне асабіста цікава – спадзяюся, што гэта цікава і астатнім. На сёньняшні дзень самы цікавы праект – гэта спалучэньне такіх двух асобаў у адным праекце, як Андрэй Хадановіч і Ганна Кісьліцына, якія ўжо другі год праводзяць конкурсы разам з ПЭН-цэнтрам, падтрымліваюць маладых і выдаюць кніжкі".

(Караткевіч: ) "А вось інтэрнэт-праект "Літара", дзе зьмяшчаюцца навінкі літаратуры, інфармацыі пра імпрэзы, ёсьць літаратурныя форумы – у якой ступені ён адпавядае Вашай задуме?"

(Глёбус: ) "Гэты праект не зусім мой, ён задумваўся як пляцоўка для літаратараў, і на сёньняшні дзень ён адпавядае таму, што я хацеў бачыць на літары. Там было спачатку шмат графаманаў, шмат людзей калялітаратурных, якія прыходзілі, некага спрабавалі вучыць. Прагналі графаманаў – а зараз засталіся маладыя, таленавітыя, так што цікава. Прыходзьце на "Літару".

(Караткевіч: ) "Чаму на "Літару" варта запрасіць тых, хто яшчэ туды не хадзіў, не чытаў?"

(Глёбус: ) "Таму што яна, па-першае, ужо працуе чатыры гады, і там няма цэнзуры, няма мадэратараў, а для літаратуры заўсёды была важная свабода".

(Караткевіч: ) "Вы сказалі пра праект паводзінаў чалавека, мы згадалі пра інтэрнэт-праект "Літара" – а ці не было ў вас ідэі арганізаваць палітычны праект?"

(Глёбус: ) "Не, не было. Таму што мае палітычныя амбіцыі скончыліся недзе ў 1988 годзе, калі "Тутэйшыя" вывелі людзей на Дзяды, калі было страшэннае сутыкненьне народа зь міліцыяй, нас залівалі газам, білі дубінкамі... Мне было цяжка на гэта глядзець, тым больш я не хацеў – я палічыў гэта за сваю памылку, што мы падпісалі дакумэнты, якія вывелі народ, і не змаглі зрабіць так, каб не было бойкі".

(Караткевіч: ) "І вось за 16 гадоў у Вас не зьявілася адчуваньне, што нейкім чынам трэба ці можна ўзяць адказнасьць за тых людзей, якіх выводзяць на вуліцы, а пасьля там саджаюць і зьбіваюць?"

(Глёбус: ) "Я зразумеў, што гэта не зусім маё. Гэта не маё. Па-першае, я выходжу на вуліцы, і я лічу, што беларускі народ, калі ён выглядае недзе годна апошнія 10 гадоў, дык якраз на мітынгах".

(Караткевіч: ) "У часе аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне выступіць на Майдане паехалі беларускія рок-музыкі, пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Зь якімі пачуцьцямі Вы назіралі за разьвіцьцём падзеяў там і ў іншых краінах СНД, дзе мяняліся ці мяняюцца эліты ці ўлады?"

(Глёбус: ) "З пачуцьцём цікавасьці, але... Мяне, па-першае, ніхто не запрашаў, а я ня з тых, хто набіваецца. Палова з тых, хто выступалі на гэтых Майданах, лезьлі туды, каб адзначыцца. Мяне зараз запрасілі ў Ужгарад – хутчэй за ўсё я зьеджджу, выступлю. На чарзе – клюб "Рэактар". Куды мяне запрашаюць – у Астравец, напрыклад, я езьдзіў – туды я прыходжу. Я не люблю людзей, якіх не запрашаюць, а яны лезуць".

(Караткевіч: ) "Ці не ўзьнікае ў Вас адчуваньне, што калі вакол адбываецца падобнае, дык падобныя зьмены могуць адбыцца ў Беларусі?"

(Глёбус: ) "Вядома, мы жывём у адкрытым сьвеце, у адкрытым грамадзтве, як бы там ні было, і хто б там не хацеў бачыць у сьвеце іншае. Зразумела, што падзеі, якія адбыліся ў Украіне, Грузіі, Кіргізіі – гэта вельмі цікавыя і прагрэсіўныя падзеі. Я бачу, як імгненна пастарэлі лідэры іншых дзяржаў СНД пасьля падзеяў у Ўкраіне. Ідэі, якія зараз прапаноўвае Назарбаеў ці Пуцін, выглядаюць рэтраградна. Але я не лічу, што падзеі, якія могуць адбыцца ў Беларусі, будуць паўтараць падзеі, якія адбыліся ў Кіргізіі ці ў Украіне".

(Караткевіч: ) "Калі Вы ня супраць рэвалюцыі – дык у які колер пафарбавалі б беларускую?"

(Глёбус: ) "Я – ў чырвоны. Я нават прыдумаў такую "рачоўку", як паэт: наш колер чырвоны, наш колер чырвоны, наш колер чырвоны чырвоны, чырвоны і белы".

(Караткевіч: ) "Апрача як чытаць Вашыя творы ці слухаць інтэрвію, вас яшчэ можна слухаць у музычных вэрсіях. Я маю на ўвазе супрацоўніцтва зь беларускімі музыкамі. Паводле якіх матываў Вы абіраеце альянс?"

(Глёбус: ) "Я працаваў апошнім часам зь Пітам Паўлавым, мы зрабілі адну песеньку, называецца "Сіні апэльсін". Ён нават выпусьціў кампакт-дыск, кружэлка добра разышлася, 22 красавіка будзе прэзэнтацыя ў клюбе "Рэактар".

(Караткевіч: ) "Чаму апэльсін і чаму сіні?"

(Глёбус: ) "Парадаксальнасьць. Наш сьвет яшчэ, акрамя як рэвалюцыйным, бывае парадаксальным, а гэта вельмі весела і бадзёра, асабліва калі гаворыш раніцай".

(Караткевіч: ) "Апэльсіны любіце?"

(Глёбус: ) "Вядома. Вельмі".
XS
SM
MD
LG