Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца апэратыўна-прафіляктычная праграма “Мак”


Галіна Жарко, Менск 15 красавіка ў Беларусі, як ужо шмат гадоў запар, пачынаецца апэратыўна-прафіляктычная праграма “Мак”, накіраваная на барацьбу з распаўсюджаньнем наркотыкаў расьліннага паходжаньня. Мак, што спрадвеку красаваў на градах у беларусаў, даўно ўжо стаў забароненай расьлінай.

Паводле Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях, артыкул 100-1, прадугледжвацца адказнасьць за вырошчваньне культураў з утрыманьнем наркотыкаў, сярод якіх – мак.

Ва Ўпраўленьні па незаконным абароце наркотыкаў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі сказалі так:

(Службовец: ) “Ён не павінен расьці. Ёсьць міжнародная канвэнцыя, да якой мы далучыліся. Усе ўрады павінны абмяжоўваць, а па магчымасьці ўвогуле каб на тэрыторыі краіны мак ня рос. Калі трэба насеньне маку, калі ласка, купляйце ў краме. Ёсьць польскі. Палякі вырошчваюць мак. Ліцэнзіі нейкія выдаюць. Мы лічым, што гэта ня трэба”.

Нездарма казалі: “Сем гадоў мак не радзіў, а голаду не было”. Для булачак з макам на 100 кіляў цеста расходуецца ўсяго 2 кіляграмы маку. На хлебазаводах купляюць імпартны мак па цане 3200, 3300 тысяч беларускіх рублёў за кіляграм.

Гаворыць тэхноляг аднаго зь менскіх хлебазаводаў:

(Тэхноляг: ) “Пірагі з макам, булачкі пасыпаныя макам карыстаюцца попытам. Новыя віды распрацоўваем. Ніякіх абмежаваньняў. У нас імпартныя пастаўкі. Вугоршчына. Чэхія. Украіна. Беларускага маку ў нас няма”.

Паводле службы інфармацыі Міністэрства ўнутраных справаў, падчас мінулагодняй апэрацыі “Мак” было выяўлена й зьнішчана 44,3 тоны наркасыравіны на плошчы каля 150 га. Раскрыта каля 3300 злачынстваў. Да крымінальнай адказнасьці прыцягнута больш за 2300 чалавек. А да адміністратыўнай – больш за 10. У залежнасьці ад таго, ці мак проста рос у некага на агародзе, ці быў знойдзены сарваны мак, ці гэты мак прадаваўся.

У барацьбе з навалаю праваахоўныя органы спадзяюцца на дапамогу грамадзкіх арганізацыяў. Старшыня грамадзкай арганізацыі “Калегіюм” зь Пінску Надзея Аўсіенка:

(Аўсіевіч: ) “У нас, у Пінску, людзі ў сродках вельмі абмежаваныя і ня могуць набыць гераін. Пачынаюць з клею, потым – марыхуана, а потым на мак саскокваюць. І ўжо да скону яго ўжываюць. Яго, рызыкуючы свабодай, вырошчваюць на продаж. Мы займаемся зь дзецьмі па першаснай праграмай – вучым іх казаць “не”, калі ім будуць прапаноўваць, і па другаснай – перарываем наркакар’еру падлетка на раняй ступені”.

Некалі мак рос на кожным агародзе. У беларускі тлумачальны слоўнік увайшло слова “макавішча” – гэта града або нават поле, на якім папярэдняй культурай быў мак. І слова “макацёр” – гэта гліняная пасудзіна, у якой труць мак. Паводле цэхавых статутаў 17 ст., макацёр быў адным з прадметаў, які павінны былі вырабіць чаляднікі ў часе экзамэну на званьне майстра.

Гісторык Эдвард Зайкоўскі:

(Зайкоўскі: ) “На Палесьсі, каб выклікаць дождж, сыпалі мак у калодзеж і памешвалі кіёчкамі ваду з макам. Мак лічыўся зьвязаным з культам Перуна. На Каляды цёрлі мак, прыпраўлялі цукрам і з аладкамі елі”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці праўда, што немаўлятам давалі?”

(Зайкоўскі: ) “У нашай вёсцы згадвалі, што калі грудное дзіця надта плаксівае, каб лепей спала, яму адвар макавых галовак давалі. Праўда, згадвалі, што гэта ня надта добра ўплывала на інтэлектуальнае разьвіцьцё”.

Цяпер за тым, каб ня вылезла ані кветкі маку-самасейкі, павінны пільна сачыць участковыя міліцыянты. А каб маку не садзілі, у межах апэрацыі “Мак” рассылаюцца лісты кіраўнікам усіх канфэсіяў з просьбаю, каб сьвятары пераконвалі людзей падчас пропаведзяў.
XS
SM
MD
LG