Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

14 красавіка 1894 г. пачалася гісторыя заводу “Аліварыя”


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 14 красавіка

14 красавіка 1894 году на сваім паседжаньні Менская губэрнская ўправа дае дазвол графу Карлу Чапскаму на будаўніцтва каменнага піваваранага заводу на менскіх вуліцах Аляксандраўскай і Рыгораўскай. Так пачынаецца гісторыя заводу “Аліварыя”, будынак якога да сёньня дзівам захаваўся ў беларускай сталіцы.

14 красавіка 1943 году ў Савецкім Саюзе загадам Сталіна ствараецца адмысловая армейская контарвыведка, якую назвалі “Сьмерць шпіёнам” – скарочана “Сьмерш”. Асноўнай задачай “Сьмерша” стала выяўленьне і ліквідацыя здраднікаў у войску. Вэтэраны вайны згадваюць, што паднятым у атаку салдатам не было выбару: сьпераду іх сустракаў агонь зь нямецкіх батарэяў, а ззаду, калі б нехта наважыўся павярнуць назад, чакалі так званыя заградатрады “Сьмерша”. Лішне казаць, што ў часы сталінскае шпіёнаманіі ахвярамі “Сьмерша” найчасьцей станавіліся зусім не шпіёны, а простыя салдаты і афіцэры.

14 красавіка ў розныя гады пакінулі гэты сьвет полацкі князь Усяслаў Чарадзей – адзін з галоўных пэрсанажаў беларускай гісторыі; наш зямляк лекар Людвік Замэнгоф, які прыдумаў штучную мову эспэранта, і дасьледніца беларушчыны на эміграцыі Зора Кіпель. Спадарыня Зора доўгі час апекавалася беларускай калекцыяй Славянскага аддзелу Нью-Ёрскай публічнай бібліятэкі.

14 красавіка 1754 году нарадзіўся расейскі граф Мікалай Румянцаў. За свае дыпляматычныя заслугі Румянцаў атрымаў у падарунак ад імпэратрыцы горад Гомель і там, у Гомелі сабраў вялізную калекцыю кніг і прадметаў старажытнасьці. Пасьля ягоная калекцыя будзе перавезеная ў Маскву і стане падмуркам Румянцаўскай бібліятэкі. За савецкім часам яе пераймянуюць у бібліятэку імя Леніна і будуць называць галоўнай бібліятэкай СССР. Сёньня, адпаведна, гэта галоўная расейская бібліятэка. Але мала хто ведае, што пачынаўся гэты збор у Гомелі.

14 красавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет археоляг і гісторык Уладзімер Завітневіч, які, між іншым, дасьледаваў сотні старажытных гарадзішчаў на берагах Прыпяці; беларускі пісьменьнік і грамадзкі дзеяч Язэп Дыла, а таксама пісьменьнік Аляксей Карпюк, аповесьць якога “Данута” ў глыбокія савецкія часы стала сапраўдным народным бэстсэлерам, што з творамі беларускіх пісьменьнікаў здаралася ня вельмі часта.
XS
SM
MD
LG