Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле экспэртаў, Беларусь і Расея каардынуюць дзеяньні пад ціскам "аранжавых рэвалюцыяў"


Алесь Дашчынскі, Менск Падчас наведваньня вучэньняў беларускага войска Аляксандар Лукашэнка працягнуў тэму саюзных дачыненьняў з Расеяй. У інтэрвію журналістам ён заявіў, што пытаньні распрацоўкі і прыняцьця Канстытуцыйнага акта “саюзнай краіны” і ўвядзеньня адзінай валюты павінны вырашацца ў адзіным пакеце. Паводле кіраўніка Беларусі, сумесная беларуска-расейская групоўка войскаў бліжэйшым часам будзе ўзмоцненая некалькімі расейскімі комплексамі С-300. Таксама ёсьць дамоўленасьць з расейскім бокам пра тое, што ў 2006 годзе Беларусь будзе атрымліваць расейскі газ па цяперашніх коштах. Ці ёсьць падставы гаварыць пра інтэнсыфікацыю дачыненьняў між Беларусьсю і Расеяй? Меркаваньнямі экспэртаў у Расеі і Беларусі цікавіўся наш карэспандэнт.

Расейскі палітоляг Сяргей Маркаў нагадвае, што раней Лукашэнку прапаноўвалі пасаду віцэ-прэзыдэнта, але ён ад яе адмовіўся. Падчас сустрэчы ў Сочы ў большасьці пытаньняў прарыву не адбылося, ў тым ліку ў справе адзінай валюты, таму нельга казаць аб прарыве ў такім вялікім пытаньні як аб''яднаньне дзьвюх краінаў.

Сяргей Маркаў лічыць спадара Фельгенгаўэра, які напісаў пра дамоўленасьць аб правядзеньні ў абедзьвюх краінах рэфэрэндуму пра аб''яднаньне, далёкім ад Крамля – маўляў, гэта ня той аналітык, які мае эксклюзіўную ўнутраную інфармацыю. Ён называе рэжым Пуціна фашыстоўскім і гатовы яго зьвінаваціць у чым заўгодна.

(Маркаў: ) "Я думаю, што гэта звычайная выдумка экспэрта, якая ніякіх адносінаў ня мае да рэальнасьці. Фельгенгаўэр бясконца далёкі ад Крамля і калі б нешта такое і адбылося, то, напэўна, Фельгенгаўэр быў бы апошнім, хто пра гэта даведаўся б".

Аднак, нягледзячы на непаразуменьні ў пытаньні інтэграцыі Лукашэнка і Пуцін сустрэліся ў Сочы, і цяпер чакаецца сустрэча ў рамках так званага Вышэйшага дзяржсавета Беларусі і Расеі, такога паседжаньня даўно ўжо не было. Што думае пра аднаўленьне гэтых сустрэчаў Сяргей Маркаў?

(Маркаў: ) "Абедзьве краіны адчуваюць некаторы ціск пад выглядам таго, што мы называем “аранжавыя” рэвалюцыі. Як мы ведаем, такая “аранжавая” рэвалюцыя актыўна рыхтуецца ў Беларусі. Паколькі ёсьць ціск у сувязі з “аранжавай” рэвалюцыяй, то, натуральна, два лідэры вымушаны ў пэўнай меры каардынаваць свае дзеяньні. Але гэта толькі каардынацыя і пакуль пра аб''яднаньне гаворка не ідзе”.

А цяпер погляд зь Менску. Як ставіцца да апошніх заяваў Лукашэнкі незалежны палітоляг Андрэй Фёдараў?

(Фёдараў: ) “Пакуль што нічога не пацьвярджае наяўнасьць гэтых сакрэтных дамоўленасьцяў. Тое, што Канстытуцыйны акт і адзіная валюта павінны прымацца ў адным пакеце, пра гэта ўжо некалькі гадоў ідзе размова зь беларускага боку. Новага тут нічога няма. Тое, што С-300 – некалькі іх ужо было пастаўлена, зараз магчыма яшчэ некалькі дадатковых, але гэта пакуль не вынікае з наяўнасьці гэтай сакрэтнай дамоўленасьці. Газ? Тут цяжка сказаць, гэта пакуль што абяцаньне на словах Пуціна, бо ў самой Расеі ідзе гаворка пра падвышэньне кошту газу. Пакуль што гэта працяг тых самых гульняў, якія ідуць ужо не першы год, і нічога новага я тут не бачу”.

А што да каардынацыі дзеяньняў Лукашэнкі і Пуціна ў справе процістаяньня “аранжавым” рэвалюцыям, у тым ліку ў Беларусі?

(Фёдараў: ) “Гэтае пытаньне, безумоўна, абмяркоўвалася, Расея зараз губляе свае пазыцыі на прасторы СНД, гэта відавочна. Іншая справа, што Беларусь гэта не самае слабое з астатніх зьвёнаў у СНД. Безумоўна, яны гэтыя пытаньні абмяркоўвалі, але хутчэй не ў тым сэнсе, каб у Беларусі гэтага не адбылося, а што рабіць сумесна дзеля таго, каб прадухіліць у іншых краінах СНД”.
XS
SM
MD
LG