Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты на "адзінага" правялі канфэрэнцыю ў Менску - Калякін атрымаў большасьць галасоў


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску прайшла гарадзкая канфэрэнцыя прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Яе ўдзельнікі заслухалі выступы шэрагу прэтэндэнтаў у адзіныя кандыдаты на прэзыдэнта, задалі ім пытаньні і правялі рэйтынгавае галасаваньне па кандыдатурах. Самі прэтэндэнты казалі, што не імкнуцца здабыць большасьць галасоў дэмакратычнага актыву, а толькі хочуць давесьці да грамадзкасьці свае палітычныя праграмы й пазыцыі. Пераможцам у Менску стаў прадстаўнік камуністаў Сяргей Калякін.

У менскай гарадзкой канфэрэнцыі актывістаў дэмакратычных сілаў бралі ўдзел 74 прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Ад стала дзейнай нарады дэмакратычных сілаў былі прадстаўленыя чатыры асобы – Аляксандар Мілінкевіч, вылучаны зялёнымі і партыяй БНФ, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі камуністаў Сяргей Калякін і кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч.

Гаворыць прэтэндэнт у адзіныя кандыдаты Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) “Думаю, што галоўная мэта такіх канфэрэнцыяў не перамога канкрэтнай асобы, а мабілізацыя людзей. І для таго гэтыя канфэрэнцыі й праводзяцца, каб людзі маглі пазнаёміцца з кандыдатамі й мець сваю думку. І я маю надзею, што менская канфэрэнцыя ў гэтым сэнсе будзе такая ж пасьпяховая як і гомельская”.

Нагадаю, што па выніках галасаваньня гомельскай абласной канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў першае месца заняў менавіта Аляксандар Мілінкевіч.

А вось, што сказаў у інтэрвію беларускай Свабодзе іншы прэтэндэнт – Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “На канфэрэнцыі не прымаюцца нейкія рашэньні, хто пэрсанальна будзе адзіным кандыдатам. Гэта мажлівасьць дыскусіі і як сьведчыць папярэдні досьвед, пытаньне ставіцца ня толькі ў кантэксьце выбараў, а значна шырэй. Па ўсёй стратэгіі. Таму такая дыскусія не перашкодзіць, бо зьбяруцца ўсё ж такі дасьведчаныя людзі. Шкада толькі, што мы ня можам сабраць значна большую колькасьць людзей, якія б маглі прыняць удзел у гэтай дыскусіі”.

Усе прэтэндэнты заклікалі ўдзельнікаў канфэрэнцыі да адзінства і запэўнівалі, што гатовыя зьняць сваю кандыдатуру на карысьць сапраўды адзінага і моцнага кандыдата й працаваць у ягонай камандзе.

Далі слова і двум непартыйным прэтэндэнтам – старшыні Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімеру Коласу і былому дэпутату Менгарсавету Міколу Бусьнюку. Яны пазнаёмілі дэлегатаў са сваімі праграмамі, якія мала чым адрозьніваюцца ад праграмаў партыйных прэтэндэнтаў.

Пасьля дэлегаты задавалі прэтэндэнтам пытаньні, а потым пачалося галасаваньне.

Камісія толькі што скончыла падлік галасоў удзельнікаў канфэрэнцыі. За Сяргея Калякіна паданы 61 голас, за Анатоля Лябедзьку – 56, за Станіслава Шушкевіча – 55, за Аляксандра Мілінкевіча – 51 голас. Усе гэтыя прэтэндэнты будуць удзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сілаў дзе і будзе названае імя адзінага кандыдата.

Да 10 траўня падобныя канфэрэнцыі павінны прайсьці ва ўсіх абласьцях Беларусі.
XS
SM
MD
LG