Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“У нас крывым ды кульгавым інваліднасьць не даюць, пакуль не заплаціш”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Так званыя “каляровыя” рэвалюцыі на прасторах былога Савецкага Саюзу па-ранейшаму застаюцца адной з галоўных тэмаў пошты Беларускай Свабоды. Сёньняшнюю размову пачну зь ліста Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Слухач разважае пра тое, як будуць складвацца ўзаемадачыненьні паміж Беларусьсю і Ўкраінай пасьля таго, як у Кіеве перамагла аранжавая рэвалюцыя.

“Аляксандар Лукашэнка і Віктар Юшчанка вымушаныя будуць шукаць і знаходзіць агульную мову, — лічыць слухач. — Бо два нашыя народы вельмі цесна зьвязаныя, асабліва тут, дзе я жыву, на Берасьцейшчыне, у Берасьцейскім і Маларыцкім раёнах. У некаторых хата — на беларускім баку мяжы, а прысядзібны ўчастак — на ўкраінскім. Ці дзецям, якія жывуць у памежнай берасьцейскай вёсцы, да беларускай школы ў Тамашоўцы — 11 кілямэтраў, а да ўкраінскай усяго два. Вось так і перасякаюць школьнікі дзяржаўную мяжу двойчы на дзень.

За ўкраінскай рэвалюцыяй людзі ў нашай мясцовасьці сачылі вельмі пільна. Нават на некаторых царкоўных крыжах у вёсках можна было пабачыць аранжавыя стужкі. І я ні ад каго ня чуў, каб варожа выказваліся на адрас новай украінскай улады. Наадварот, калі перамог Юшчанка, многія ў нас віншавалі адзін аднаго зь перамогай. Бо ўсе ўбачылі, як трэба адстойваць сваё права на годнае чалавечае жыцьцё. Некаторыя пабойваліся, што пасьля рэвалюцыі з боку Ўкраіны на мяжы зьявяцца абмежаваньні. Але гэтага не адбылося — наадварот, з украінскага боку кантроль стаў больш лагодны. А вось беларускія памежнікі ды мытнікі “трасуць” усіх па поўнай праграме, і ў асноўным украінцаў”.

Калі памятаеце, спадар Сац, Аляксандар Лукашэнка быў адным зь нямногіх прэзыдэнтаў, якія ў тыя самыя дні, калі на вуліцах Кіева набірала размах аранжавая рэвалюцыя, віншавалі зь перамогай Віктара Януковіча. А на адрас украінскай апазыцыі ў той час з экранаў дзяржаўных тэлеканалаў і старонах дзяржаўнай прэсы гучалі зьнявагі і кпіны. У выніку чакаць, што двухбаковыя дачыненьні пасьля зьмены ўлады ва Ўкраіне ніяк ня зьменяцца, на маю думку, не выпадае. Вельмі ўжо рознае стаўленьне ў двух лідэраў да дэмакратычных каштоўнасьцяў, да правоў чалавека, да стратэгіі разьвіцьця сваіх краінаў, да эўрапейскай інтэграцыі… Вядома, два народы па-ранейшаму блізкія — моўна, гістарычна, культурна… Ды і эканамічныя сувязі застаюцца досыць цеснымі. Але палітыка немінуча ўносіць свае карэктывы. Гэта можна назіраць ужо цяпер. Вы, спадар Сац, бачыце гэта па тым, як зьмяніўся парадак памежнага кантролю (прычым пільнасьць праяўляюць менавіта беларускія памежнікі). Можна таксама адзначыць адсутнасьць кантактаў паміж кіраўніцтвам дзьвюх краінаў на колькі-небудзь высокім узроўні, альбо прыём новым украінскім кіраўніцтвам прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазыцыі.

Наступны ліст ад Рамана Зіноўева зь Лёзна. Слухача хвалюе сытуацыя на Паўночным Каўказе:

“Расея не магла не пачаць ні першай, ні другой чачэнскіх войнаў, — піша Раман Зіноўеў. — Як яна можа адпусьціць Чачэнію, калі ў яе гэтулькі нацыянальных ускраінаў. І ня толькі нацыянальных. Стане незалежнай Чачэнія — дык заўтра і Смаленшчына адмовіцца карміць усю гэту маскоўскую мафію. Беларусь ужо даўно магла б пазбавіцца ад залежнасьці ад Масквы, перастаць утрымліваць Расею. Але фактычна ўтрымлівае: людзі ў Беларусі апранутыя ў анучы, прывезеныя з маскоўскіх рынкаў, харчуюцца ня надта якаснымі расейскімі прадуктамі. Думаю, усё гэта таму, што кіраўніцтва Беларусі мае нейкія важныя эканамічныя абавязкі перад Масквой”.

Думаю, спадар Зіноўеў, вы перабольшваеце, калі сьцьвярджаеце, што Беларусь утрымлівае Расею. У самой Расеі на гэты конт зусім іншае меркаваньне — падмацаванае, дарэчы, важкімі эканамічнымі аргумэнтамі, галоўны зь якіх — кошты на энэрганосьбіты. Зрэшты, са свайго боку Беларусь аказвае Расеі шмат іншых паслугаў: не бярэ платы за вайсковыя базы, дазваляе льготны транзыт, ахоўвае агульныя межы… Хто каго ўтрымлівае, стане зразумела толькі тады, калі эканамічныя стасункі будуць цалкам пераведзеныя на рынкавыя рэйкі — гэта значыць, калі абодва бакі пачнуць плаціць за тавары і паслугі па прызнаных у сьвеце рынкавых коштах. Момант такі, відаць па ўсім, ужо недалёка. Прынамсі, Расея заяўляе, што ня мае намеру і надалей пастаўляць Беларусі газ і нафту па нізкіх коштах.

Ліст ад нашага даўняга сябра Анатоля Жэрдзева з Гомелю. Слухач агукнуўся на адну з сакавіцкіх перадачаў “Вострая Брама”, у якой ішла размова пра асобу Кастуся Каліноўскага. Удзельнікі яе, у прыватнасьці, спрабавалі асэнсаваць апошнія словы Каліноўскага: “У нас няма дваран — усе роўныя”. Анатоль Жэрдзеў з нагоды пачутага піша:

“Кастусь Каліноўскі і яго аднадумцы змагаліся за тое, каб людзі не падзяляліся паводле сацыяльнага статусу, тытулаў і прывілеяў, а былі раўнапраўнымі ад нараджэньня і ўсё жыцьцё. Шмат хто загінуў у той барацьбе. І вось тытулаваныя асобы, узяўшы на сябе ролю судзьдзяў, акцэнтуюць увагу на паходжаньні Каліноўскага, тым самым нібы аддаляючы яго ад таварышаў па барацьбе, ад аднадумцаў. У адказ і прагучала: “У нас няма дваран — усе роўныя”. Гэтыя словы зьвернутыя найперш да таварышаў, якія засталіся на волі і прадаўжалі барацьбу, а таксама да нашчадкаў. Зь іншага боку, у гэтых словах чуецца пагарда да судзьдзяў, якія называлі сябе дваранамі і зь якімі ў Кастуся Каліноўскага не магло быць нічога агульнага. Нягледзячы на зьдзекі, наш вялікі зямляк застаўся нязломным, і ў сьветлых думках сваіх нават у апошнія самыя цяжкія хвіліны свайго жыцьця заставаўся змагаром і верным сваім таварышам па зброі”.

А тым часам памяць пра Кастуся Каліноўскага ў сёньняшняй Беларусі належным чынам, як таго заслугоўвае маштаб гэтай гістарычнай асобы, не ўшанавана. Наадварот, улады адмянілі заснаваны на пачатку 1990-х гадоў ордэн Каліноўскага — які задумваўся як адна з найвышэйшых дзяржаўных узнагародаў. Спакваля сьціхлі размовы пра помнік яму ў сталіцы… Ня ўпісваецца асоба змагара з расейскім царызмам у цяперашнюю афіцыйную ідэалёгію. Адметна, што нават за камуністамі яго гістарычныя заслугі перад Беларусьсю замоўчваць не адважваліся. Менавіта тады ў многіх гарадах (у тым ліку ў Менску) зьявіліся вуліцы Каліноўскага, выходзіла нямала дасьледаваньняў на тэму антырасейскага паўстаньня сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя.

Ліст ад Уладзімера Гайдукевіча з хутара Любонічы Кіраўскага раёну:

“Ужо шмат гадоў па розных справах пішу Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Але ён мае допісы не чытае, а адсылае тым, на каго я скарджуся. А яны зь мяне сьмяюцца. Лукашэнка ведае, што яны так робяць: пры канцы мінулага году па тэлебачаньні ён ушчуваў за гэта чыноўнікаў: маўляў, навошта ж так ставіцца да людзкіх скаргаў. Але яны яго ня слухаюць”.

Далей у лісьце Ўладзімер Гайдукевіч падрабязна апісвае сваю праблему. Два гады таму ён перажыў драматычнае здарэньне — трапіў у аварыю, пакалечыўся, стаў інвалідам. Але на мэдычную камісію дзеля вызначэньня інваліднасьці яго пасьля шматлікіх скаргаў накіравалі толькі праз восем месяцаў пасьля таго выпадку. Камісія ўстанавіла, што ён страціў працаздольнасьць на 20 працэнтаў. Яшчэ адна цытата зь ліста слухача:

“Я пагаджаюся — цяпер гэта 20 працэнтаў. Але ж год таму я ня мог хадзіць. І што, таксама было 20 працэнтаў? А як жа тыя восем месяцаў, калі я нерухома ляжаў, і ніводзін лекар, пакуль я не напісаў скаргу, мяне не наведаў? Хаця, што толку з гэтых дактароў? У нашай дзяржаве крывым ды кульгавым інваліднасьці не даюць, пакуль не заплаціш. Круцячы маю паламаную нагу, дактары кажуць, што яна добра гнецца. А мне, маўляў, толькі здаецца, што яна згінаецца кепска. “Гэта, — кажуць, — у вас проста здаровая нага зашмат згінаецца”. Такія вось дактары. Я такі не адзін. Калі Радыё Свабода зачытае мой допіс, то людзі, якія апынуліся ў такім жа становішчы, могуць мне напісаць — будзем змагацца разам”.

Мне здаецца, спадар Гайдукевіч, дарэмна вы пішаце прэзыдэнту шматлікія скаргі з нагоды сваёй праблемы. Іх напаткае той жа лёс, што і ўсе папярэднія, яны будуць перасланыя ў вобласьць і раён, і ўрэшце зноў трапяць у рукі тых жа чыноўнікаў, на якіх вы скардзіцеся. У прававой дзяржаве, дзе закон вышэй за любога чыноўніка, усе падобныя спрэчкі вырашаюцца ў судах. У Беларусі незалежнай судовай сыстэмы не існуе — усе судзьдзі цалкам падпарадкаваныя прэзыдэнту і ягонай вэртыкалі. Але, паколькі ў вашай праблеме палітычнага падтэксту няма, то шанцы на тое, што судзьдзі паспрабуюць аб’ектыўна разабрацца ў гэтым канфлікце — застаюцца. Дык ці не зьвярнуцца вам, спадар Гайдукевіч, у суд?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Перадача “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG