Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці захоча прэзыдэнт Квасьнеўскі стаяць побач з дыктатарамі (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы занепакоеныя тым, што прэзыдэнт Аляксандар Квасьнесўкі ў часе сьвяткаваньня ўгодкаў перамогі ў Маскве 9 траўня можа апынуцца побач з «ізаляванымі ад сьвету дыктатарамі» – гэта цытата з артыкулу ў сёньняшнім нумары штодзёньніка “Rzeczpospolita”.Сярод іх газэта падае і прозьвішча Аляксандра Лукашэнкі.

Расейскі бок заяўляе, што канчатковы сьпіс кіраўнікоў замежных дзяржаваў, якія прыедуць у Маскву 9 траўня, пакуль не зацьверджаны, але дакладна вядома, што запрашэньне атрымаў Кім Чэн Ір.

“Камуністычны дыктатар, які тэрарызуе сьвет сваім ядзерным патэнцыялам, будзе не адзінай спрэчнай асобай, якая можа зьявіцца ў Маскве. Акрамя яго, Пуцін запрасіў беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнку і ўладара Туркмэністану Сапармурада Ніязава” – піша польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita”.

Паводле шэрагу адмыслоўцаў, прысутнасьць гэтых асобаў на сьвяткаваньні ўгодкаў перамогі над фашызмам, ставіць некаторых лідэраў дэмакратычных краінаў у нязручную сытуацыю. Асабліва гэта тычыцца Аляксандра Квасьнеўскага, бо ягонае прозьвішча пачынаецца зь літары К, а гэта значыць, што побач зь ім, праўдападобна, могуць апынуцца і Кім Чэн Ір і Лукашэнка і Ніязаў, зь якімі трэба будзе вітацца.

Беручы пад увагу гэты факт, шэраг польскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, якія раней падтрымлівалі візыт Квасьнесўкага ў Маскву заяўляюць, што цяпер польскі прэзыдэнт павінен яшчэ раз падумаць перад тым, як паехаць на сьвяткаваньне дня перамогі. Сярод іх былы намесьнік міністра абароны Польшчы Радэк Сікорскі, які заявіў “Rzeczpospolitej”:

“Калі я падумаю, што прэзыдэнт дэмакратычнай Польшчы будзе на маўзалеі Леніна глядзець на парад войска, якое вядзе вайну-генацыд у Чачэніі ды яшчэ будзе гэта рабіць у кампаніі Лукашэнкі, Ніязава і Кім Чэн Іра, дык мне падаецца, што гэта будзе ўспрынятае, як апалёгія дыктатуры”.

XS
SM
MD
LG