Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт даў дабро на ўступленьне Баўгарыі і Румыніі


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Баўгарыя і Румынія далучацца да Эўрапейскага Зьвязу ў 2007 годзе. Такое рашэньне прыняў сёньня Эўрапарлямэнт на сваёй сэсіі ў Страсбуры. З падрабязнасьцямі наш карэспандэнт.

Яшчэ дзьве ўсходнеэўрапейскія краіны пераадолелі сур’ёзны бар’ер на шляху ў эўрапейскую супольнасьць. Баўгарыя і Румынія ў 2007 годзе стануць дваццаць шостым і дваццаць сёмым сябрамі Эўразьвязу.

Гэтыя краіны з агульным насельніцтвам у 30 мільёнаў чалавек зьяўляюцца самымі беднымі дзяржавамі з усіх былых эўрапейскіх краінаў гэтак званага сацыялістычнага лягеру. Незадоўга да галасаваньня сябра Эўракамісіі, які займаецца пытаньнямі пашырэньня, Олі Рэн заявіў, што не выключае рэкамэндацыі адкласьці далучэньне гэтых краінаў на год, калі яны ня будуць дастаткова падрыхтаваныя. У шэрагу дэпутатаў былі засьцярогі, што Баўгарыя і Румынія яшчэ не завяршылі рэформы, неабходныя для сяброўства ў Эўразьвязе.

Аднак, на сёньняшняй сэсіі былі ўзятыя пад увагу аргумэнты Румыніі, што яна пачала сур’ёзнае рэфармаваньне судовай сыстэмы і што робіць рашучыя захады ў барацьбе з карупцыяй. Паляпшаецца сытуацыя і са свабодай слова, да чаго раней эўрапейскія чыноўнікі мелі прэтэнзіі.

Што да Баўгарыі, дык перамовы аб яе далучэньні да Аб’еднанай Эўропы завяршыліся яшчэ ў чэрвені летась. Эўрапейскія чыноўнікі тады падкрэсьлілі, што ў краіне не найлепшая сытуацыя з цыганамі, якія зьяўляюцца нацыянальнай мяншыняй у Баўгарыі.

Ад 1990-х гадоў абедзьве краіны істотна прасунуліся на шляху рынкавых рэформаў. Нягледзячы на тое, што аб’ём інвэстыцыяў застаецца сьціплым, эканоміка Баўгарыі й Румыніі разьвіваецца стабільна. У той час, як узровень жыцьця ў Баўгарыі і Румыніі ўсё яшчэ далёкі ад сярэдняга эўрапейскага, абедзьве краіны былі прызнаныя дзяржавамі зь дзейнай рынкавай эканомікай. Для іх далучэньне да Эўрапейскага зьвязу будзе азначаць уваход у сур’ёзную камэрцыйную канкурэнцыю, – адзначаюць назіральнікі.

Да 25 красавіка міністры замежных справаў краінаў-сябраў Эўразьвязу павінны падпісаць са сваімі калегамі з Румыніі і Баўгарыі дамову аб далучэньні. Пасьля гэтага парлямэнты эўрапейскіх краінаў будуць мець 20 месяцаў, каб ратыфікаваць дакумэнт.

***

Такім чынам, ужо ў 2007 годзе сябрамі Эўрапейскага Зьвязу зусім верагодна будуць 27 краінаў. І гэта не канчатковая лічба. Далучыцца да Аб’еднанай Эўропы ў абсяжнай пэрспэктыве мае шанцы таксама Сэрбія і Чарнагорыя. Учора Эўракамісія рэкамэндавала пачаць з гэтай краінай перамовы пра падпісаньне адпаведнага пагадненьня. Пэрспэктывы далучэньня Сэрбіі і Чарнагорыі да Эўразьвязу залежаць ад таго, у якой ступені краіна будзе супрацоўнічаць зь Міжнародным трыбуналам ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG