Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень 30-ы: галадоўнікі заяўляюць, што акцыя пратэсту пакуль ня спыненая


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня 30-ы дзень галадоўкі ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. У яго ды іншых галадоўнікаў зьявілася рэальная надзея на тое, што іхнія патрабаваньні будуць выкананы падатковай службай. Тым часам падатковая робіць вопіс маёмасьці: апісаныя сем грузавых машынаў.

Разблякаваць рахунак ваўкавыскага транспартнага прадпрыемства “Ніка-транс” учора паабяцаў намесьнік міністра падаткаў і збораў Васіль Каменка. Гэта натхніла кіроўцаў “Ніка-транс” ды іншых галадоўнікаў, хаця іхняе патрабаваньне канкрэтна яшчэ ня выканана. Адна з галадоўнікаў —журналістка Сьвятлана Кухарава гаворыць пра сёньняшнія настроі сярод удзельнікаў акцыі пратэсту:

(Кухарава: ) “Яны хочуць у гэта вельмі верыць, таму пайшлі займацца сваімі машынамі: хтосьці фарбуе, хтосьці бак спраўджвае, іншы узьняў кабіну, штось рамантуе. Яны ўсе вельмі любяць свае машыны і хочуць чым хутчэй паехаць у рэйс. Наконт галадоўкі яны не шкадуюць і будуць галадаць далей, калі абяцаньне намесьніка міністра не пацьвердзіцца”.

Праўда, у раённай філіі “Аграпрамбанку”, дзе знаходзіцца рахунак “Ніка-транс”, мне сказалі, што пакуль не паступала распараджэньне з раённай падатковай інспэкцыі аб тым, каб разблякаваць рахунак. Я вырашыў пацікавіцца ў кіраўніка інспэкцыі Тамары Стасевіч: калі гэта можа адбыцца? Аднак яна на пытаньне не адказала.

Сёньня на тэрыторыі фірмы “Ніка-транс” зьявіліся падатковыя інспэктары і апісалі сем грузавых машын у задатак за штрафныя санкцыі. Але гэта, можна нават сказаць, надало ўдзельнікам акцыі пратэсту ўпэўненасьці ў тым, што рахунак напраўду будзе разблякаваны. Яны гэтага чакаюць.

(Аўтуховіч: ) “Мы атрымалі поўную перамогу і ня трэба нават поваду даваць, што галадоўка нічога не дала. Тое, што мы патрабавалі, было выканана. А што датычыць адмены эканамічных санкцыяў, канечне, можна было б, каб было здароўе, дык паляжаць дзесяць дзён, і рашэньне суда прынялі б і пракуратура адказала б, але ўжо сілаў няма папросту”.

Мікалай Аўтуховіч гаворыць, што канчаткова галадоўка будзе спынена тады, калі рахунак фірмы “Ніка-трнас” рэальна разблякуюць.

***

Спадар Аўтуховіч мае 22 таксоўкі, кіроўцаў ён наймае ў фірме “Ніка-транс”, якой выстаўлены штраф на вялікую суму. Улады лічаць, што прадпрыемства аказвае паслугі ў галіне таксі, ня маючы на гэта ліцэнзіі. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае, што паміж ім і “Ніка-транс” падпісана дамова аб аказаньні паслугаў па кіраваньні таксоўкамі, да якіх фірма ня мае дачыненьня. Рахунак “Ніка-транс” быў заблякаваны, і з пачатку году не працуюць сем яе грузавікоў.
XS
SM
MD
LG