Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Праваслаўная кніга” распачала продаж брашуры “Ворагі Расеі і Славянскага Сьвету супраць Беларусі і Прэзыдэнта А.Р.Лукашэнкі”


Галіна Абакунчык, Менск У продажы менскай кнігарні “Праваслаўная кніга” зьявілася брашура “Ворагі Расеі і Славянскага Сьвету супраць Беларусі і Прэзыдэнта А.Р.Лукашэнкі”. Гэта адмысловы выпуск часопісу “Нацыянальная бясьпека і геапалітыка Расеі”, які выйшаў у Маскве накладам больш за тры тысячы асобнікаў. Брашура зьявілася таксама ў кнігарнях іншых гарадоў Беларусі. Аўтарам некаторых публікацыяў зьяўляецца генэральны дырэктар таварыства “Праваслаўная ініцыятыва”, які падрыхтаваў сумнавядомы зборнік “Вайна па законах нізасьці”, Уладзімер Чартовіч.

Паводле выходных зьвестак, гэта зборнік інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў, прысьвечаных мэтадалёгіі разьвіцьця саюзнай дзяржавы. Але значнае месца ў ёй прысьвечанае вядомым беларускім палітыкам і асобным палітычным падзеям Беларусі апошняга часу.

Так, ва ўступным слове гаворыцца: “На 25 сакавіка 2005 году сіёнамасоны прызначылі спробу сілаў “пятай калёны” ў Беларусі пад назвай “Паўстаньне 2005”. Далей у кнізе пішуць, што “ўсясьветныя змоўшчыкі” рыхтуюць рэвалюцыйныя падзеі ў Беларусі на 2006 год. Пры гэтым згадваюцца прозьвішчы шэрагу беларускіх палітыкаў, у тым ліку кіраўнікоў НАН Беларусі і газэты “Беларусь сегодня” Міхаіла Мясьніковіча і Паўла Якубовіча. Акрамя таго, укладальнік кнігі Ўладзімер Чартовіч піша ў ёй, што толькі праваслаўе зьяўляецца сапраўды традыцыйнай рэлігіяй беларусаў.

У інтэрвію Радыё Свабода спадар Чартовіч зьмест гэтых артыкулаў пракамэнтаваў гэтак:

(Чартовіч: ) “У нас ёсьць свабода слова? Ёсьць. І кожны можа выказваць свае думкі. Я, да прыкладу, нічога тут такога не знайшоў. Можа быць, гэта і рэзкія выказваньні. А інакш і нельга: альбо яны, альбо мы. Яны — гэта зьнешнія і ўнутраныя ворагі”.

Спадар Чартовіч зьяўляецца таксама аўтарам кнігі “Вайна па законах нізасьці”, якую габрэйскія актывісты палічылі распальваньнем рэлігійнай варажнечы і падалі на У.Чартовіча ў суд. Адзін зь іх — старшышя Саюзу габрэйскіх арганізацыяў і грамадаў Беларусі Леанід Левін. Пра распаўсюд новага выданьня “Праваслаўнай ініцыятывы” спадар Левін заявіў:

(Левін: ) “Гэта ўсё небеларускае — беларус, расеец, паляк, украінец — ня могуць так сказаць. Што гэта такое? Гэта так усё брыдка. Нават не за сябе, як кажуць, за айчыну крыўдна”.
XS
SM
MD
LG