Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўнікі зьнішчаюць старажытныя могілкі і месца расстрэлу


Любоў Лунёва, Менск Ушанаваць памяць адных коштам зьнішчэньня памяці пра іншых зьбіраюцца ўлады ў Зэльве. У вёсцы Барукі Зэльвенскага раёну разбураюцца старажытныя могілкі і пахаваньні зь месца расстрэлу рэпрэсаваных мясцовых жыхароў. Будаўнікі пераўтварылі іх у пясчаны кар’ер для будаўніцтва дарогі на партызанскія могілкі. Дарогу мусяць пабудаваць да 60-годзьдзя Перамогі.

Могілкам ля вёскі Барукі ў 1989 годзе археолягі надалі статус помніка ІХ—ХІІІ стст. Вёска раней была даволі вялікая, цяпер там засталіся толькі два жыхары. Людзі сталага веку згадваюць, што ў 1939 годзе побач са старажытнымі могілкамі расстралялі некалькіх мясцовых жыхароў, сярод якіх чатыры сьвятары і настаўнік. На гэтым месцы і пачалі браць пясок для будаўніцтва дарогі да партызанскіх могілак у суседнім Мастоўскім раёне.

Калі ў коўш разам зь пяском трапілі людзкія парэшткі, будаўнікі выклікалі міліцыю. Усе чакалі, што на час, пакуль будуць высьвятляць, каму належаць чарапы і косткі, будаўніцтва спыніцца і адбудуцца перазахаваньні. Але гэтага не адбылося. Людзі абураюцца. Гаворыць жыхар Зэльвы Юры Ткачук:

(Ткачук: ) “Я лічу, што ўсё гэта робіцца дзеля рысачкі, каб хутчэй здаць справаздачу, адчапіцца ад гэтага мерапрыемства. З цынічнымі душамі нельга прыкладацца да сьвятых справаў. Яны ў аўрал гэты ўвайшлі — хутчэй адрапартаваць. Некалі гітлераўцы адразу, як толькі акупавалі Зэльвеншчыну, пачалі з жыдоўскіх могілак каля Дзярэчына з помнікаў брукаваць дарогу. Потым прыйшлі іншыя вызваліцелі, зноў працягнулі гэтую справу, будаваць дарогу з жыдоўскіх помнікаў. А цяпер, бачыце, пайшлі на тое, каб разбураць магілкі. Тая ж цынічная справа працягваецца”.

Намесьніца старшыні райвыканкаму Алена Коўш адказала Радыё Свабода, што займацца гэтым пытаньнем даручылі раённаму ваенкаму. Ваенкам Уладзімер Тарасевіч адказаў:

(Тарасевіч: ) “Быў курган, бралі пясок, патрэбна была зямля. Вось і ўсё. А чаму цяпер не спынілі? У пятніцу была такая размова, што міліцыя мусіла давесьці да кіраўніцтва, ну, і загадаць спыніць гэтую працу. А тое, што не спынілі — гэта, канечне, непарадак”.

Супрацоўнік міліцыі, які папрасіў не называць ягонага імя, паведаміў, што спыняць будаўніцтва не ў іх кампэтэнцыі.

(Міліцыянт: ) “Знайшлі парэшткі. Паводле гэтага факту выяжджала наша сьледчая група. Цяпер вядзецца праверка. Забараніць ім?.. У прынцыпе, мы імі не кіруем. Магчыма, выканкам ім можа ўказаць…”

Мясцовыя жыхары кажуць, што дарогу да партызанскіх могілак плянавалі пабудаваць шмат гадоў, але ўвесь час нешта перашкаджала. Цяпер мясцовыя ўлады загадалі зрабіць гэта як мага хутчэй, каб пасьпець да вялікай даты — 60-годзьдзя Перамогі. Людзі кажуць, што наўрад ці партызаны ўхвалілі б будаўніцтва дарогі на парэштках забітых мірных жыхароў.
XS
SM
MD
LG