Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Магілёве: “Што б вы напісалі ў кнізе скаргаў і прапановаў адміністрацыі прэзыдэнта?”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Кнігі скаргаў і прапановаў павінны мець, паводле распараджэньня кіраўніка краіны, усе ўстановы і арганізацыі, дзяржаўныя і прыватныя. Кнігу скаргаў абяцалі займець і ў адміністрацыі прэзыдэнта. “Што б вы напісалі ў кнігу скаргаў і прапановаў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі? На што б паскардзіліся, што прапанавалі?” — з такім пытаньнем наша карэспандэнтка зьвярнулася да магілёўцаў.

(Спадарыня: ) “На што б я паскардзілася? Ва ўсякім разе, на тое, што бюракратыя як была, так і застаецца. І хаця мы змагаемся з карупцыяй, яна як была, так і ёсьць. Гэта шчыра!”

(Дзяўчына: ) “Прапанавала б адмяніць закон пра 75% беларускай музыкі на радыё. Навошта мне сурагат зь беларускіх сьпевакоў, якіх і папсой нельга назваць? Гэта жах!”

(Юнак: ) “Напэўна, праблема расьпіцьця алькагольных напояў. Мне падаецца, што гэта ўсё масава, прыводзіць да скарачэньня нацыі і дэградацыі нацыі”.

(Спадарыня: ) “Паскардзілася б на распаўсюд лятарэяў. Прычым на тое, што людзей прымушаюць іх набываць — не паводле іх жаданьня і волі — адміністрацыя раёнаў, кіраўнікі прадпрыемстваў. Чалавек павінен мець права выбару: хачу — набываю, не хачу — не”.

(Спадарыня: ) “Праблема кантрактнай сыстэмы. Чалавек, які сёньня найманы паводле кантракту, абсалютна бяспраўны. Кіраўніцтва можа ў любы момант прыбраць яго з працы і не тлумачыць на сёньняшні момант — чаму”.

(Спадар: ) “Паскардзіцца — не. Я, у прынцыпе, задаволены і жыцьцём, і ўсім, што ў мяне ёсьць”.

(Спадарыня: ) “У мяне характар добры, ня скарджуся. Толькі б добрае напісала”.

(Спадар: ) “На камунальную службу, пра ацяпленьне ў доме. У нас з новага году гарачай вады амаль пастаянна няма. Колькі ні пісалі — бессэнсоўна”.

(Спадар: ) “Вельмі дрэнна з грамадзкім транспартам у Магілёве. Гэта, мяркую, праблема з праблемаў. Таму што ня ўсе могуць езьдзіць тройчы на дзень таксоўкамі, а гадзіну чакаць на прыпынках... Вось такія моманты”.

(Спадарыня: ) “Суцэльныя скаргі і праблемы. Мала грошай, няма дзе жыць”.

(Спадар: ) “Наша грамадзтва — гэта ўжо праблема”.

(Спадарыня: ) “У Беларусі мне ўсё ўвогуле падабаецца. У параўнаньні, як паслухаеш, зь іншымі, я задаволена Беларусьсю”.

(Спадар: ) “Толькі адны падзякі, бо наш “бацька” — самы лепшы і самы добры. І правільна ўсё робіць”.

(Спадар: ) “Ня ведаю, я пра гэта лепей прамаўчу”.

(Спадар: ) “Я мяркую, што ў нашай краіне скардзіцца на адміністрацыю прэзыдэнта і самога прэзыдэнта — гэта бессэнсоўныя рэчы. Паспрабуйце паскардзіцца, і ў вас абавязкова зьявяцца ў жыцьці нейкія праблемы. Скардзіцца бессэнсоўна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG