Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Падатковая інспэкцыя больш ня мае прэтэнзіяў да расейскай нафтавай кампаніі


Казімер Яноўскі, Мазыр Расейскае прыватнае прадпрыемства “Захад-Транснафтапрадукт” выйграла чарговы раўнд судоў у падатковай інспэкцыі Мазыра. Падаткоўцы больш ня маюць прэтэнзіяў да “Захад-Транснафтапрадукту”.

Сёлетнія два пазовы падатковай інспэкцыі Мазыра да прыватнага расейскага прадпрыемства “Захад-Транснафтапрадукт” зьвязаны былі з патрабаваньнем прызнаць безгаспадарнымі 26 тысяч тон дызэльнага паліва на суму больш як 15 мільёнаў даляраў. Гэтае паліва даўно знаходзіцца ў сыстэме трубаправодаў прадпрыемства. Яно выконвае тэхналягічную функцыю хуткай дастаўкі нафтапрадуктаў заходнім ды ўсім іншым спажыўцам.

Мазырскі суд спачатку адмовіўся разглядаць пазовы падаткоўцаў. Палічыў, што такія справы суду агульнай юрысдыкцыі непадведамасныя. Аднак абласны суд на падставе скаргаў падаткоўцаў паправіў калегаў з Мазыра. Справу пра паліва забавязалі разгледзець судзьдзю Вячаслава Кугейку. І тут задарылася нечаканае. Гаворыць судзьдзя Вячаслаў Кугейка:

(Кугейка: ) “Я не заводзіў справы: падатковая інспэкцыя адклікала свае пазовы”.

Кіраўнікі “Захад-Транснафтапрадукту” заўважаюць, што адмова падатковай інспэкцыі ад прэтэнзіяў да прадпрыемства адбылася напярэдадні сустрэчы ў Сочы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна.

Ранейшы пазоў падаткоўцаў Мазыра пры падтрымцы Міністэрства падаткаў і збораў да расейскага прадпрыемства “Захад-Транснафтапрадукт” датычны быў спагнаньня штрафу на 12 мільёнаў даляраў за дзейнасьць без рэгістрацыі. Справа цягнулася амаль два гады. Аднак тады, адрозна ад цяперашняга, судовыя разьбіральніцтвы не спыняліся, а, наадварот, аднаўляліся акурат напярэдадні беларуска-расейскіх сустрэчаў у вярхах. Прэтэнзіі былі зьняты пасьля ратыфікацыі беларуска-расейскага міжнароднага пагадненьня, паводле якога магістральныя прадуктаправоды, пракладзеныя на тэрыторыі Беларусі, прызнаны ўласнасьцю Расеі.

Дырэктар “Захад-Транснафтапрадукту” Мікалай Альхімовіч лічыць, што суды ўсё-такі пашкодзілі рэпутацыі прадпрыемства. Гэта адаб’ецца на вытворчай дзейнасьці і памеры падатковых адлічэньняў у беларускі бюджэт:

(Альхімовіч: ) “Кліенты ня пойдуць. Калі б палкі ў колы ня ставілі, за гэты год мы заплацілі б 24 мільярды рублёў падаткаў і збораў”.

Летась сума ўнёскаў “Захад-Транснафтапрадукту” ў бюджэт перавысіла 17 мільярдаў рублёў.
XS
SM
MD
LG