Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новы дырэктар “Песьняроў” абяцае перавесьці ансамбль на самаакупнасьць


Ігар Карней, Менск У дзяржаўнага ансамблю “Песьняры” чарговы кіраўнік. Замест Валерыя Скаражонка, які займаў дырэктарскую пасаду меней за два гады, загадам Міністэрства культуры прызначаны Вячаслаў Шарапаў, былы мастацкі кіраўнік “Песьняроў”. Разам з тым, Скаражонак застаецца ў калектыве на правах саліста.

Былы дырэктар “Песьняроў” Валеры Скаражонак хоча цалкам прысьвяціць сябе творчасьці. А вось першай заявай Вячаслава Шарапава на пасадзе новага дырэктара ансамблю стала абяцаньне перавесьці дзяржаўны калектыў на самаакупнасьць. Паводле Шарапава, “Песьняры” шмат гастралююць і плённа працуюць у студыі, падараванай ансамблю ад імя Аляксандра Лукашэнкі. Апроч таго, гастрольны графік узгадняецца ў Міністэрстве культуры, якое таксама зацікаўленае ў прыбытковых маршрутах падначаленага гурту.

У гэтым зьвязку новага дырэктара “Песьняроў” засмучае толькі тое, што паралельна зь дзяржаўным ансамблем і практычна тымі ж дарогамі езьдзіць яшчэ шэраг калектываў, якія таксама называюць сябе “Песьнярамі”. Прычым, большасьць зь іх укамплектавана былымі паплечнікамі Ўладзімера Мулявіна. Запытваю ў спадара Шарапава: якія захады зьбіраецца ён зрабіць у зьвязку зь незаконным выкарыстаньнем песьняроўскага брэнду?

(Шарапаў: ) “Скажу адно: мы цалкам перакананыя, што брэнд з усімі яго юрыдычнымі аксэсуарамі вернецца ў Беларусь і будзе належаць толькі беларускаму народу, ніколі нікому асабіста. Мы не змагаемся супраць кагосьці пэрсанальна. Не зь людзьмі змагаемся, а супраць дрэнных зьяваў”.

Пакуль што спадар Шарапаў сам сабе супярэчыць. Афіцыйныя “Песьняры” плённа супрацоўнічаюць з маскоўскім аналягам “Песьняроў”, дзе дырэктарам былы бубнач “Песьняроў” мулявінскага ўзору Аляксандар Дзямешка (ён, да таго ж, яшчэ і кіраўнік ансамблю “Лявоны” ў Расеі). Ужо было некалькі сумесных гастроляў, што не дае нагоды казаць пра адзінства песьняроўскага брэнду. Пра гэта апавядае расейскі музычны крытык Анатоль Вайцэнфельд:

(Вайцэнфельд: ) “У каманду набралі хлопцаў у Маскве, стварылі чарговы ансамбль — пасьля Барткевіча, пасьля Сьвечкіна, пасьля “Песьняроў” дзяржаўных. І цяпер маюць месца нейкія асобныя выпадкі супрацоўніцтва; але ня выключана, што яны маюць намер супрацоўнічаць доўгатэрмінова”.

Цяпер так ці інакш назву “Песьняры” выкарыстоўваюць чатыры розныя калектывы. Перадусім, уласна дзяржаўны ансамбаль “Песьняры”. У Маскве — згаданае ўжо Таварыства з абмежаванай адказнасьцю “Песьняры” Дзямешкі; там жа стала жывуць удзельнікі гурту “Беларускія Песьняры” пад кіраўніцтвам Уладзіслава Місевіча. У Беларусі “Песьнярамі” сябе называе група музыкаў пад кіраўніцтвам былога дырэктара дзяржаўнага ансамблю Ігара Сьвечкіна. Пакуль што бяз справы застаецца былы саліст “Песьняроў” Лявон Барткевіч, які спачатку пайшоў ад прызначанага Міністэрствам культуры на дырэктарскую пасаду Валерыя Скаражонка, а потым яго “папрасілі” зь “Песьняроў” маскоўскіх. У выпадку, калі Барткевіч вернецца да справы, колькасьць “Песьняроў” вырасьце да пяці.
XS
SM
MD
LG