Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзэнтацыя новай кнігі Ніла Гілевіча не адбылася


Іна Студзінская, Менск 12 красавіка на філялягічным факультэце Белдзяржунівэрсытэту мусіла адбыцца прэзэнтацыя новай кнігі народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча "На флейце самоты". Тры тыдні ў будынку вісела аб''ява. Але ў апошні момант прэзэнтацыя была раптоўна перанесеная. Чаму сустрэча з паэтам не адбылася?

Прэзэнтацыю новай кнігі Ніла Гілевіча, прысьвечаную памяці жонкі паэта спадарыні Ніны, ладзіла катэдра беларускай мовы. Я датэлефанавалася да арганізатаркі сустрэчы, загадчыцы катэдры філялягічнага факультэту БДУ Зінаіды Бадзевіч:

(Карэспандэнтка: ) "Быццам бы сёньня павінна быць прэзэнтацыя новай кніжкі Гілевіча, і не адбылася. З якой прычыны?"

(Бадзевіч: ) "Пачаўся тыдзень Казахстану. Проста мы баяліся, што сёньня мы не забясьпечым аўдыторыю, бо студэнты запрошаныя ў пасольства на культурную праграму. Толькі адна нагода. Праз тыдзень мы яе праводзім".

Ніл Гілевіч не губляе аптымізму і спадзяецца, што сустрэча са студэнтамі-філёлягамі некалі адбудзецца.

(Гілевіч: ) "Патэлефанавалі і сказалі: "На вялікі жаль, давядзецца на нейкі час перанесьці". Раптам спатрэбілася аўдыторыя, дзе павінна быць сустрэча. У сувязі з днямі Казахстану. Так мне патлумачылі. Я сказаў: "Добра, буду чакаць". Пачакаем, пабачым, ці так гэта. Думаю, што так. Хачу думаць".

У сераду Ніл Гілевіч разам з рэдактаркаю кнігі Хрысьцінай Лялько зьбіраецца ў Горадню. Яго запрасілі ва ўнівэрсытэт, мастацкую вучэльню і бібліятэку таксама на прэзэнтацыю кнігі.

Гаворыць Хрысьціна Лялько:

(Лялько: ) "У яго ўжо не першы раз зрываюцца сустрэчы. Ён мне расказваў: "Раз патэлефанавалі і сказалі: сустрэчы ня будзе, трубу прарвала. У другім месцы тэлефануюць: "Адмяняецца сустрэча". Ён жартуе: "Трубу прарвала?" "Адкуль вы ведаеце?" Гэта ўжо стала анэкдотам".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG