Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

13 красавіка нарадзіліся Томас Джэфэрсан і Сэмюэль Бэкет


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 13 красавіка

Дзень 13 красавіка ў беларускім календары 20-га стагодзьдзя ў розныя гады пазначаны масавымі і пэрсанальнымі рэпрэсіямі бальшавіцкае ўлады супраць беларускага народу і інтэлігенцыі. Гэтак, у 1940-м годзе адбылося чарговае высяленьне з Заходняе Беларусі сем’яў так званага “чуждага элемэнту” – найперш, заможных сялянаў, прадпрымальнікаў, грамадзкіх працаўнікоў і дзеячоў культуры, якія ніяк ня ўпісваліся ў новыя савецкія парадкі пасьля далучэньня Заходняе Беларусі да СССР. Усяго 13 красавіка 1940 году было адпраўлена ў Сыбір 24 тысячы чалавек.

13 красавіка 1943 году нямецкія акупацыйныя войскі на Смаленшчыне ў лесе каля вёскі Катынь адкрылі масавыя пахаваньні польскіх афіцэраў, расстраляных перад вайною карнікамі НКВД. Дарэчы будзе згадаць, што фашысты часьцяком праводзілі эксгумацыі масавых пахаваньняў перадваеннага часу дзеля таго, каб схіліць на свой бок мясцовае насельніцтва і заглушыць ва ўласных жаўнерах усялякі сумнеў перад загадам забіваць мірных людзей.

13 красавіка 1949 году савецкія органы арыштоўваюць ксяндза Адама Станкевіча – аднаго з найбуйнейшых дзеячоў беларускага адраджэньня ХХ ст., асьветніка, змагара за беларусізацыю касьцёла. Арыштаваны на сваёй кватэры ў Вільні Станкевіч будзе засуджаны на 25 гадоў ГУЛАГу і адпраўлены ў Тайшэт. Неўзабаве, праз паўгода, ён загіне на сталінскай катарзе.

13 красавіка 1995 году дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі з парушэньнем працэдуры прымаюць пастанову аб правядзеньні рэфэрэндуму, ініцыяванага прэзыдэнтам Лукашэнкам. Рэч у тым, што адразу Вярхоўны Савет адмовіўся праводзіць гэты рэфэрэндум, і Лукашэнка прыгразіў, што правядзе яго бяз згоды парлямэнту. Каб запалохаць дэпутатаў, ён увёў у Авальную залю вайскоўцаў, якія гвалтам выкінулі з будынку дэпутатаў ад апазыцыі БНФ. Запалохваньне спрацавала, і на наступны дзень тыя дэпутаты, што засталіся ў Вярхоўным Савеце, пагадзіліся на рэфэрэндум аб беларускай мове і дзяржаўнай сымболіцы.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 13 красавіка ў розныя гады, успомнім сёньня трэцяга па ліку амэрыканскага прэзыдэнта і аўтара Дэклярацыі незалежнасьці ЗША Томаса Джэфэрсана, які, між іншым, быў сябрам Тадэвуша Касьцюшкі; ангельскага інжынэра, які прыдумаў паравоз, Рычарда Трэвітыка (Trevithick); і ірляндзкага драматурга, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Сэмюэля Бэкета.
XS
SM
MD
LG