Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежнікі знайшлі яшчэ адзін сьпіртавод на беларуска-літоўскай мяжы


Тацяна Поклад, Вільня Беларускія і літоўскія памежнікі выявілі і ліквідавалі яшчэ адзін сьпіртавод, які вёў празь беларуска-літоўскую мяжу. Кантрабандысты праклалі пад зямлёй і вадой плястыкавую трубку даўжынёй 150 мэтраў, каб нелегальна перапампоўваць гарэлку.

Сьпіртавод памежнікі выявілі ў панядзелак, прыкладна за 3 км ад літоўскага памежнага мястэчка Эйшышкі, што ў Салечніцкім раёне. Тут на адкрытай мясцовасьці ўдоўж мяжы цячэ невялікая рэчка Наркунка. Беларускія і літоўскія памежнікі, кожныя са свайго боку мяжы, знайшлі сьпіртавод амаль адначасова. Гэта была плястыкавая трубка дыямэтрам 2 см, на якой нідзе не пазначанае месца вырабу. Сьпіртавод быў закапаны у рачны іл на глыбіні 20-30 см.

Бліжэй да літоўскага берага памежнікі выцягнулі 50 м сьпіртаводу, але на бераг ён ня быў выведзены. Трубка была акуратна закрытая драўлянай затычкай. На беларускім баку трубка сьпіртаводу была амаль 100 м даўжынёй, выведзеная на бераг і ўкапаная ў зямлю. Гэты сьпіртавод яшчэ не выкарыстоўваўся, як мяркуюць памежнікі. Сьледзтва распачатае, але пра затрыманых нічога не паведамляецца.

Напачатку студзеня летась на тым самым месцы, каля рэчкі Наркункі, на беларуска-літоўскай мяжы быў выяўлены сьпіртавод рэкорднай даўжыні – 3 км. Пра гэта распавядалася ў праграме беларускай “Свабоды”, і таксама многія замежныя сродкі масавай інфармацыі перадавалі пра гэта, адзначыўшы вынаходлівасьць кантрабандыстаў.

Той сьпіртавод памежнікі выцягнулі з-пад вады, дзе да дна ён быў прымацаваны жалезнымі 40-сантымэтровамі скобамі. Ён быў зроблены з 50-сантымэтровых кавалкаў плястыкавай трубкі, вырабленай на літоўскім прадпрыемстве. Як і цяпер, тым разам таксама не знайшлі саміх кантрабандыстаў – прынамсі, пра затрыманьні так і не паведамлялася.

Ідэя плястыкавага сьпіртаводу ня новая, упершыню памежнікі паведамілі пра падобную знаходку яшчэ у 2002 г. Цяперашні сьпіртавод – пяты ў ліку знойдзеных цягам апошніх гадоў. Два былі выяўленыя напрыканцы мінулага году. Апрача ўжо згаданага, быў яшчэ знойдзены сьпіртавод у Варэнскім раёне, – ён быў працягнуты пад зямлёй на адлегласьць у 50 мэтраў. А на літоўска-латыскай мяжы такія трубы кантрабандысты выкарыстоўвалі для пампаваньня скрадзенага бэнзіну.

Гарэлка ў Беларусі прыкладна удвая таньнейшая, чым у Літве. Як можна меркаваць паводле апошніх паведамленьняў Дзяржаўнай службы аховы мяжы, кантрабандны алькаголь перапампоўваюць альбо ў плястыкавыя ёмістасьці, альбо ў сховішча, зробленыя пад дном машыны – такія таксама ўжо знаходзілі памежнікі – і перавозяць на падпольныя прадпрыемствы далей ад мяжы. Некалькі такіх нелегальных прадпрыемстваў ужо былі выкрытыя.

Як сьведчаць знаходкі памежнікаў, часьцяком гэты кантрабандны алькаголь утварае сабой тэхнічны разбаўляльнік з высокай канцэнтрацыяй этылявага сьпірту, які пасьля ачышчаецца і разьліваецца па пляшках. Толькі на беларуска-літоўскай мяжы памежнікі летась сканфіскавалі каля 9 тонаў кантрабанднага алькаголю, які быў зьнішчаны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG