Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнт "Народнай волі" знайшоў Г.Жураўкову ў Менску


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Дзе будзе сьвяткаваць 9 траўня Аляксандар Лукашэнка?" Гэтае пытаньне абмяркоўвае ў сёньняшнім нумары “Народная воля”. Афіцыйнага адказу на яго няма. Спроба выданьня праясьніць сытуацыю ў прэзыдэнцкай адміністрацыі ня мела плёну. Таму газэта зьвярнулася па камэнтар да палітолягаў. Сяргей Нікалюк, напрыклад, лічыць, што ў часе апошняга візыту ў Сочы Лукашэнку далі зразумець: у Маскве яго не чакаюць у гэты дзень. Як вядома, 9 траўня сюды зьбіраюцца прыехаць прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, Генэральны сакратар ААН Кофі Анан ды іншыя вядомыя асобы. А вось палітоляг Уладзімер Мацкевіч мяркуе, што спадар Пуцін вельмі зацікаўлены бачыць у Маскве ўсіх кіраўнікоў краінаў СНД. Адным словам, дылема.

Інфармуе “Народная воля” і пра былую паплечніцу Лукашэнкі Галіну Жураўкову. Газэта нагадвае, што месцазнаходжаньне экс-кіраўніцы справамі прэзыдэнта пасьля суду над ёй было невядомым. Напрыклад, адны меркавалі, што яна зьехала ў Англію, іншыя – ва Украіну. Насамрэч карэспандэнт адшукаў спадарыню Жураўкову ў Менску.

“Кур’ер з Барысава” паведамляе пра зьяўленьне ў дзяржаўнай кніжнай краме гэтага горада брашуры пад назовам “Ворагі Расеі і Славянскага сьвету супраць Беларусі і прэзыдэнта А.Р.Лукашэнкі”. Адметна, што выстаўлена яна, паводле газэты, на адным стэндзе з літаратурай пра Вялікую Айчынную вайну. Аўтар брашуры – Уладзімір Чартовіч, генэральны дырэктар менскага акцыянэрнага таварыства “Праваслаўная ініцыятыва”. “Кур’ер” нагадвае: 6 гадоў таму ён ужо выдаў кнігу “Вайна па законах подласьці”, зьмест якой выклікаў пратэст габрэйскіх суполак Беларусі. Яны ўгледзелі там антысэміцкую прапаганду. У новым творы спадар Чартовіч, як зазначае “Кур’ер з Барысава”, прадоўжыў пошук ворагаў беларускага прэзыдэнта.

“Віцебскі кур’ер” у сьвежым нумары паведамляе пра візыт у Віцебск швэдзкай дэлегацыі. Яе мэтай было абмеркаваньне беларуска-швэдзка-латвійскага турыстычнага праекту “Заходняя Дзьвіна”. Скандынавы зацікавіліся магчымасьцю сумеснай рэканструкцыі знакамітага шляху “З варагаў у грэкі”. Ужо ёсьць ініцыятыва пабудаваць агульнымі намаганьнямі карабель, падобны на той, што плаваў па Заходняй Дзьвіне шмат вякоў таму.
XS
SM
MD
LG