Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сераду масавая галадоўка у Ваўкавыску можа закончыцца


Сяргей Астраўцоў, Горадня Заўтра у Ваўкавыску можа закончыцца галадоўка прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і кіроўцаў.

Сёньня ўвечары аб магчымасьці заканчэньня галадоўкі мне паведаміў сам Мікалай Аўтуховіч. У Ваўкавыску праводзіў прыём мясцовых жыхароў намесьнік міністра падаткаў і збораў Васіль Каменка. Зь ім сустрэўся дырэктар транспартнага прадпрыемства “Ніка-транс” Юры Лявонаў, які зьяўляецца патнэрам Мікалая Аўтуховіча. Спадар Каменка паабяцаў спадару Лявонаву разблякаваць рахунак прадпрыемства. Як мне сказаў сам Лявонаў: разьліковы рахунак вызваляць ад плацёжнага патрабаваньня спагнаць грошы, каб пагасіць эканамічныя санкцыі. А гэта — 1 мільярд і 813 мільёнаў рублёў, на такую суму было аштрафавана “Ніка-транс”.

Мікалай Аўтуховіч сказаў мне, што калі рахунак фірмы заўтра напраўду разблякуюць, гэта стане перамогай галадоўнікаў, і тады яны скончаць сваю акцыю пратэсту. Сёньня чатыром галадоўнікам, стан якіх быў найгоршы, лекары хуткай дапамогі параілі пакласьціся ў шпіталь. У іхнім ліку і Мікалай Аўтуховіч. Але ім не далі магчымасьці легчы ў адную палату і галадоўнікі адмовіліся, баючыся якіх-небудзь нечаканасьцяў, – так мне патлумачыў сам Аўтуховіч.

Нагадаю, што Мікалай Аўтуховіч галадае 28 дзён. Паводле сьпісу галадоўнікаў, у акцыі пратэсту ўдзельнічаюць кіроўцы і прыхільнікі Аўтуховіча — агулам 38 чалавек.

Спадар Аўтуховіч мае 22 таксоўкі, кіроўцаў ён наймае ў фірме “Ніка-транс”, якой выстаўлены штраф на 1 мільярд 813 мільёнаў і 529 тысяч рублёў. Улады палічылі, што прадпрыемства аказвае паслугі ў галіне таксі, ня маючы на гэта ліцэнзіі. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае, што паміж ім і “Ніка-транс” падпісана дамова аб аказаньні паслугаў па кіраваньні таксоўкамі, да якіх фірма ня мае дачыненьня. Рахунак “Ніка-транс” быў заблякаваны, і з пачатку году не працуюць сем яе грузавікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG