Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін''юст зьняў частку прэтэнзіяў да НІСЭПД


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся працэс аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня "Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў". Прадстаўнік пракуратуры зьняў частку прэтэнзіяў да НІСЭПД, але па-ранейшаму настойвае на закрыцьці арганізацыі.

Прадстаўніком Міністэрства юстыцыі на працэсе па ліквідацыі грамадзкай арганізацыі Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў ёсьць кансультант Мін''юсту Аляксандар Харытон, вядомы тым, што мае асабістае дачыненьне да закрыцьця шэрагу грамадзкіх арганізацыяў. На працэсе, які пачаўся ў Вярхоўным судзе, спадар Харытон быў зноў скіраваны на безумоўнае дасягненьне пастаўленай мэты.

(Харытон: ) “Было прынята рашэньне аб ліквідацыі гэтай юрыдычнай асобы з наступных прычынаў. Першае: з-за таго, што не знаходзіўся па статутным юрыдычным адрасе, другое: з прычыны таго, што шматразова не давалі патрэбных зьвестак і дакумэнтаў, трэцяе: з-за таго, што ў складзе арганізацыі ёсьць нестатутны орган — назіральная рада, і чацьвертае: яны шмат разоў выкарыстоўвалі няпоўную назву юрыдычнай асобы. Выступ закончыў”, — гэта быў фрагмэнт выступу ў судзе прадстаўніка Мін''юсту Аляксандра Харытона, у якім ён пералічыў прэтэнзіі да НІСЭПД.

Пры гэтым частку прэтэнзіяў Аляксандар Харытон зьняў. У прыватнасьці, што адмыслоўцы НІСЭПД праз вынікі сваіх дасьледаваньняў распаўсюджваюць “сфальшаваныя зьвесткі”.

Кіраўнік НІСЭПД прафэсар Алег Манаеў у сваім камэнтары да працэсу не пагадзіўся з абвінавачаньнямі на адрас арганізацыі. Частку іх ён назваў “відавочна абсурднымі”. Паводле Алега Манаева, арганізацыя зь вялікімі цяжкасьцямі знайшла магчымасьць атрымаць юрыдычны адрас — у Фаніпалі пад Менскам. Сьцьвярджэньне прадстаўніка Мін''юсту, што па тым адрасе няма сталага офісу НІСЭПД, Алег Манееў назваў спрэчным. Ён згадаў, што закон ніяк не рэглямэнтуе дзейнасьць офісу. З прэтэнзіямі, што арганізацыя нібыта не падавала ў Мінюст пэўных зьвестак і дакумэнтаў, Алег Манаеў таксама не пагадзіўся.

(Манаеў: ) “Гэта няпраўда. Проста няпраўда. Прычым большая частка прэтэнзіяў Мін''юсту да нас ня толькі не адпавядае рэчаіснасьці, а зьяўляюцца ад пачатку непраўдзівымі. Яны не адпавядаюць тэксту перапіскі і пэўным дзеяньням”.

Алег Манаеў лічыць, што НІСЭПД перасьледуюць з палітычных прычынаў. У якасьці доказу ён распавёў пра падзеі апошніх сямі месяцаў. НІСЭПД атрымала 17 дакумэнтаў розных інстанцыяў, адбыўся ператрус на кватэры, якую здымае намесьнік кіраўніка арганізацыі Аляксандар Сасноў, былі візыты міліцыянтаў і супрацоўнікаў КДБ да супрацоўнікаў.

Невядома, як адрэагуе на гэтыя заявы судзьдзя Ларыса Філіманіхіна. Напрыканцы сёньняшняга паседжаньня яна задаволіла хадайніцтва прадстаўнікоў Мін''юсту, паводле якога 13 красавіка ў судзе выступяць сьведкі з Фаніпалю.

На працэсе прысутнічалі прадстаўнікі шэрагу эўрапейскіх дыпляматычных місіяў, у тым ліку кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Эбэргард Гайкен. Прысутнічалі і замежныя амбасадары. У распаўсюджанай імі заяве зазначаецца: “Эўрапейскі Зьвяз занепакоены захадамі, якія робяць апошні час улады, каб абмежаваць і закрыць у Беларусі незалежныя няўрадавыя арганізацыі. Правядзеньне незалежных сацыялягічных апытаньняў грамадзянаў па актуальных пытаньнях ёсьць нармальнай прафэсійнай дзейнасьцю ў любым здаровым грамадзтве”.
XS
SM
MD
LG