Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вучэльні алімпійскай рэзэрвы ня будзе месца апазыцыянэрам?


Любоў Лунёва, Менск Навучэнцу вучэльні алімпійскай рэзэрвы ў Плешчаніцах Паўлу Каранюхіну пагражаюць адлічэньнем з вучобы за апазыцыйную дзейнасьць. Павал зьяўляецца сябрам “Маладога фронту”.

Павал Каранюхін паведаміў Радыё Свабода, што яго сталі часта выклікаць на размову дырэктар вучэльні і яго намесьнік. Яны настойліва прапанавалі яму ўстрымацца ад удзелу ў апазыцыйных акцыях. Павал неаднойчы распаўсюджваў улёткі і ўдзельнічаў у шэрагу мерапрыемстваў “Маладога фронту”. Гэта не перашкаджае яму добра вучыцца і займацца лыжным спортам.

(Каранюхін: ) “Намесьнік дырэктара па вучэбнай працы ўвесь час чапляецца да мяне і да майго сябра з-за маёй палітычнай дзейнасьці. Я сябар “Маладога фронту”, а мой сябр таксама мае дэмакратычныя погляды. Мы неаднойчы зь ім удзельнічалі ў шэрагу апазыцыйных акцыяў. Відаць, намесьнік дырэктара лічыць, што такія, як мы, не павінны вучыцца ў такой вучэльні. Ён лічыць, што нас небясьпечна пускаць на адну лыжню з прэзыдэнтам. Калі б я перамог у якіх-небудзь міжнародных спаборніцтвах, то хацеў бы стаяць пад бел-чырвона-белым сьцягам”.

Намесьнік дырэктара Юры Ціхан, пра якога гаворыць Павал Каранюхін, месяц таму ўладкаваўся на працу ў вучэльню. Ён так патлумачыў Радыё Свабода сытуацыю з хлопчыкам:

(Ціхан: ) “Кожны, хто ў нас вучыцца, павінен быць патрыётам сваёй радзімы. Патрыёт — гэта той, хто любіць сваю радзіму, каб гэтая радзіма была вядомая ва ўсясьветным спорце, і каб ён ня зьбег за мяжу, калі яму рубель больш вялікі дадуць. Хлопец, у яго яшчэ мазгі не сфармаваліся, каб рабіць пра яго высновы. Хто ён — маладагвардзеец фронту, патрыёт, ці просты беларус? Перш за ўсё, трэба разабрацца, хто яго на гэта ўсё намовіў, што прэзыдэнт кепскі, што ён яго ненавідзіць. Я зь ім размаўляў шмат разоў. У яго паняцьцяў ніякіх няма. Ён яшчэ несасьпелы матэрыял. Таму зь дзіцем трэба працаваць”.

Вучэльня алімпійскай рэзэрвы заснаваная ў 1990 годзе замест былога інтэрнату для дзяцей-сіротаў. У вучэльні вучацца 130 чалавек, зь якіх 8 майстры спорту і 41 кандыдат у майстры. Штогоду ў вучэльню прымаюць некалькі новых вучняў і пазбаўляюцца ад тых, хто не выконвае неабходных патрабаваньняў у спартовых паказчыках і вучобе. Намесьнік дырэктара Юры Ціхан запэўніў Радыё Свабода, што Паўла Каранюхіна за іншадумства ня выключаць з вучэльні.

Які лёс чакае хлопца, стане вядома пасьля чарговай пэдагагічнай нарады. Сам Павал ня надта спадзяецца, што пытаньне вырашыцца на яго карысьць. Яго бацькі жывуць у Жодзіне. Там ён пазнаёміўся з Алесем Смольскім — сябрам “Маладога фронту”, якога з ідэалягічных меркаваньняў выключылі з сувораўскай вучэльні.
XS
SM
MD
LG