Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Vox-populi: “Што б вы напісалі ў кнігу скаргаў Адміністрацыі прэзыдэнта?”


Галіна Абакунчык, Менск Паводле распараджэньня кіраўніка краіны, ва ўсіх адміністрацыйных установах і арганізацыях краіны, а таксама ў камэрцыйных структурах і прыватных кампаніях мусяць быць заведзеныя кнігі скаргаў. У адміністрацыі прэзыдэнта таксама абяцалі завесьці кнігу скаргаў і прапановаў. Што б вы напісалі ў гэтую кнігу? Апытаньне на вуліцах Менску.

(Спадарыня: ) “Я ў сваім жыцьці ніколі не прывыкла ні на каго скардзіцца, я ўсё раблю сама. Але калі такая кніга ў прэзыдэнта зьявіцца, то гэта вельмі добра, бо вельмі многія людзі ня могуць самі за сябе пастаяць”.

(Спадар: ) “Пакуль усё задавальняе”.

(Спадарыня: ) “Што нізкія заробкі. Патрэбна, каб людзям выплачвалі годныя заробкі”.

(Карэспандэнтка: ) “Што б вы запісалі ў кнізе скаргаў адміністрацыі прэзыдэнта?”

(Спадарыня: ) “Бессэнсоўна там нешта запісваць”.

(Юнак: ) “Ведаеце, адзінае, што я туды б запісаў, дык гэта тое, што не магу знайсьці працу, якая б адпавядала маёй адукацыі і здольнасьцям і якая дала б мне магчымасьць зарабіць грошы на годнае жыцьцё”.

(Спадарыня: ) “Што ўсё кепска: і з працай, і з грашыма, і з вучобай, і з усім”.

(Спадар: ) “Тое, што на выбарах людзі прагаласавалі, а як і хто лічыў — невядома. Што мэдыі пад кантролем і толькі дзяржаўныя, што няма альтэрнатывы”.

(Спадарыня: ) “Вельмі сумна глядзець на моладзь, якая хранічна п’е нават на вуліцах і ў парках. А яшчэ, калі б да мяне прыслухаліся б, я ўвяла б штраф за тое, што плююць на асфальт. Усё запляванае — прыпынкі, дарожкі. Мне даводзілася быць у Францыі, Нямеччыне, няма там такога”.

(Юнак: ) “Наконт прэзыдэнцкіх усіх гэтых штучак? А сэнс? Ніколі вярхі не прыслухоўваліся да таго, што кажуць людзі, рабілі так, як гэта патрэбна ім, матывуючы рознымі прычынамі”.

(Спадарыня: ) “Ёсьць у мяне адна скарга, што тычыцца вэтэранаў. Я сама ветэран вайны з 1941 году. І вось я прыходжу ў паліклініку, і мне кажуць: ідзеце да лекара без чаргі, бо вы вэтэран. Іду да кабінэту, а там яшчэ пятнаццаць гэткіх жа, змучаных хваробаю людзей. І я мушу празь іхныя галовы ісьці да таго доктара? Так, пра вэтэранаў трэба клапаціцца, але рабіць гэта годна, не за кошт іншых людзей. Так не павінна быць у цывілізаванай, дэмакратычнай дзяржаве”.
XS
SM
MD
LG