Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрадзены скафандар Пятра Клімука да Дня касманаўтыкі так і не знайшлі


Ігар Карней, Менск Беларусь мае дачыненьне да асваеньня космасу. За савецкім часам дзясяткі прадпрыемстваў абароннага комплексу выконвалі замовы для авіякасьмічнай галіны, а нараджэнцы Беларусі Пётар Клімук і Ўладзімер Кавалёнак — сярод самых вядомых касманаўтаў.

Клімук завершыў кар’еру кіраўніком Цэнтру падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына, Кавалёнак доўгі час узначальваў Ваенна-паветраную інжынэрную акадэмію, а цяпер кіруе Фэдэрацыяй касманаўтыкі Расеі. Але ўсё гэта заслугі былыя. Якія пэрспэктывы асваеньня касьмічнай прасторы ў сучаснай Беларусі?

Аошні раз беларус быў у космасе чвэрць стагодзьдзя таму. У 1981 годзе Ўладзімер Кавалёнак трэці раз быў накіраваны ў касьмічную камандзіроўку, дзе адзначыўся выхадам у адкрыты космас. Ад таго часу ідэя аднаўленьня палётаў беларусаў у космас гучала толькі аднойчы. У 2001 годзе на гэтую тэму размаўлялі тагачасны старшыня Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч і кіраўнік Цэнтру падрыхтоўкі касманаўтаў Пётар Клімук. Тады Клімук сам ініцыяваў прагляд беларусаў на кандыдаты ў касманаўты.

(Вайтовіч: ) “Так, ён абяцаў тады. Але ці ён сапраўды меў на ўвазе, што ёсьць нейкія пляны ў яго асабіста, як у начальніка Цэнтру падрыхтоўкі касманаўтаў — ня ведаю. Магчыма, пляны не рэалізаваліся, бо ён неўзабаве пакінуў гэтую пасаду. Спачатку стаў начальнікам, уваходзіў у курс справы. Потым настаў цяжкі час для касманаўтыкі. Не выключаю, што ён насамрэч верыў, што гэта зробіць, але ў чалавека кожнага і думкі, і пляны зьмяняюцца”.

Цяпер адзіны напамін пра касьмічную мінуўшчыну Беларусі — Народны музэй касманаўтыкі ў сярэдняй школе вёскі Тамашоўка Берасьцейскага раёну, дзе ў 1942 годзе нарадзіўся Пётар Клімук. Летась на грошы Нацыянальнага банку музэй пераабсталявалі майстры берасьцейскага мастацкага камбінату. Грошай не шкадавалі, бо старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч — аднаклясьнік Пятра Клімука, і, паводле легенды, Пеці нават сядзелі за адной партай. Гаворыць галоўны захавальнік музэю Аляксей Жалянюк:

(Жалянюк: ) “Музэй наведала ўжо больш за 700 тысяч чалавек. Музэй унікальны, такіх музэяў няма ні ў Беларусі, ні нават у Расеі. Шмат матэрыялаў сапраўдных. Я быў у Зорным гарадку, прывёз яшчэ матэрыялы. Учора віншаваў Клімука са сьвятам, ён абяцаў прыехаць, тое-сёе давезьці”.

(Карэспандэнт: ) “Калі апошні раз Пётар Клімук быў у Тамашоўцы?”

(Жалянюк: ) “Дзесьці гады два таму. Хацеў прыехаць на адкрыцьцё, але не атрымалася, цяпер ён моцна заняты. Але ўвесь час абяцае: “Прыеду”.

(Карэспандэнт: ) “Была інфармацыя, што адзін з самых каштоўных экспанатаў музэю, скафандар Клімука, скрадзены…”

(Жалянюк: ) “Так, было такое…”

(Карэспандэнт: ) “І не знайшлі дагэтуль?”

(Жалянюк: ) “Пакуль не. Але ён знаходзіцца ў вышуку — гадоў пяць ужо”.

На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі сёлета на арбіту мусіць быць выведзены беларускі спадарожнік “БелКА” (Беларускі Касьмічны Апарат). Працы над спадарожнікам вядуцца сумесна з расейскім касьмічным канцэрнам “Энэргія”, на плятформе якога і будзе ўсталяваны спадарожнік. Працы над стварэньнем спадарожніка засакрэчаныя: створаная ў сыстэме Нацыянальнай Акадэміі навук прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сыстэмы” ад кантактаў з прэсай устрымліваецца. Але, паводле акадэміка Вайтовіча, тэрміны, мяркуючы па ўсім, будуць вытрыманыя.

(Вайтовіч: ) “Праца ідзе на ўсю моц. І мяркую, ёсьць вялікая верагоднасьць таго, што запуск адбудзецца паводле пляну”.

Сярод галоўных функцыяў спадарожніка “БелКА” — інфармацыя для геадэзіі і картаграфіі, сачэньне за пажаранебясьпечнай сытуацыяй, забруджаньне вады і навакольнага асяродзьдзя. Паводле тэхнічных характарыстык, спадарожнік можа фіксаваць на Зямлі прадметы да некалькіх мэтраў і цягам дзесяці хвілінаў перадаваць выяву ў Цэнтар кіраваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG