Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Малады Фронт" з Кіева адказвае Сяргею Касьцяну


Паўло Зубюк, Кіеў Заява намесьніка кіраўніка камісіі па міжнародным справам і кантактам з СНД Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргея Касьцяна наконт праведзенай у Кіеве 7 красавіка акцыі “Свабоду палітвязньям!”, не засталася без рэакцыі з боку арганізацый-удзельнікаў. Нагадаем, спадар Касьцян заявіў, што гэтая акцыя зьяўляецца правакацыяй, праведзенай у межах "рэалізацыі ўкраінскім кіраўніцтвам пляну па пашырэньні свабоды ў Беларусі".

Кіраўніцтва Ўсеукраінскай моладзевай грамадзкай арганізацыі “Нацыянальны Альянс” заявіла,што “ня мае нічога агульнага з тымі ці іншымі “плянамі рэалізацыі” ні кіраўніцтва краіны, ні прэзыдэнта Ўкраіны. Прайшоўшая акцыя была ініцыяваная і праведзеная толькі актывістамі “Нацыянальнага Альянсу” (Украіна) і іхнімі калегамі з “Маладога Фронту” (Беларусь), як і усе іншыя акцыі і мерапрыемствы, якія праводзіць арганізацыя.”

Камэнтуе прадстаўнік “Маладога Фронту” у Кіеве Ігар Шчэкаревіч:

(Шчэкаревіч: ) "Мы, «Малады Фронт» і «Нацыянальны Альянс» хочам заявіць, што ня маем ніякіх адносін ні да кіраўніцтва краіны ні да прэзыдэнта Ўкраіны. «Малады Фронт» і «Нацыянальны Альянс» лічаць, што ўлада ў Беларусі груба парушае правы чалавека, у тым ліку на свабоду слова, свабоднае правядзеньне мітынгаў і дэманстрацый. Сьведчаньнем таго ёсьць зьнікненьне і ўтрыманьне за кратамі шэрагу прадстаўнікоў апазыцыі. Мы лічым, што гэтая інфармацыя павінна быць вядомая ўкраінскай грамадзкасьці".

Таксама прадстаўнік “Маладога Фронту” адкідвае абвінавачаньні ў няведаньні арганізатарамі акцыі беларускае рэчаіснасьці. Нагадаем – спадар Касьцян адзначаў, што шмат беларускіх палітыкаў, партрэты якіх трымалі удзельнікі акцыі ужо выйшлі на свабоду.

(Шчэкаревіч: ) "Мы не патрабавалі вызваліць тых, хто ўжо знаходзіцца на волі. Мы трымалі партрэты Маркевіча, Мажейкі, Клімава, Кудзінава таму, што гэтыя людзі былі у свой час пасаджаныя па палітычных матывах. І гэтым мы хацелі зьвярнуць увагу ўкраінскай грамадзкасьці да праблемы палітычных зьняволеных ў Беларусі".

“Малады Фронт” і “Нацыянальны Альянс” запэўніваюць, што і далей будуць праводзіць акцыю на падтрымку людзей, правы якіх парушаюцца ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG