Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Марка па пекле


Максім Шчур, Прага Новая перадача сэрыі "Магія мовы"

Часта льга бачыць чалавека, які бадзяецца без занятку, адно так, лынды б’е, не знаходзіць сабе месца і відавочна ад гэтага пакутуе. Памятаю, я адчуваў гэта асабліва тады, калі гуляў са старэйшымі сябрамі ў футбол: працы для мяне асаблівай не было, а ў браме я стаяць не хацеў. Вось і соваўся па тым футбольным полі, як той Марка па пекле, ня ведаючы, што рабіць. Альбо яшчэ часам на школьнай дыскатэцы, баючыся падысьці да ўпадабанай дзяўчыны, хадзіў вакол, як той ласы кот, і пакутаваў, бачачы, як яна танчыць зь іншымі, сьмялейшымі за мяне кавалерамі.

Чаму менавіта Марка і чаму па пекле? Выраз гэты паходзіць з распаўсюджанай некалі легенды аб казаку Марку, якога сьвяты Пётра паслаў ратаваць зь пекла сваіх сяброў-казакоў. Вось і бадзяўся Марка па пекле, як той Дантэ Аліг’еры. Бачыў ён вакол вечныя пакуты людзей, але зьмяніць іхны лёс ці дапамагчы ім ня мог.

Такая самая фразэма існуе і ў польскай, і ў украінскай мовах. А вось расейцы пра беларускага Марку сказалі б: ходит как неприкаянный. Сярод іншых айчынных клясыкаў Марку згадвае Купала ў п’есе “Раскіданае гняздо”, дзе Данілка кажа: “А што ж вы, разумныя? Хоць бы ты, Сымон? Таўпехаецеся, як Марка па пекле ці як мухі ў смале, і больш нічога”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG