Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З.Пазьняк: прэзыдыюм Вярхоўнага савету вырашыў пачаць супраць Лукашэнкі крымінальную справу


Ул. інф. Аб падзеях, што адбыліся ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году, згадвае старшыня партыі КХП-БНФ, а тады – кіраўнік фракцыі апазыцыі БНФ у Вярхоўным савеце 12-га скліканьня Зянон Пазьняк.

(Пазьняк: ) "Гаворачы пра ўвод войскаў у Парлямэнт, які адбыўся ў ночы з 11 на 12 красавіка 1995 года, трэба адзначыць, што ў палітычных зьявах існуюць вызначальныя дачыненьні, па якіх можна меркаваць аб характары будучых падзеяў. Напрыклад, публічнае парваньне і зьневажэньне перад усёй нацыяй бел-чырвона-белага сьцяга Ціцянковым. Гэты чалавек аніяк ня быў пакараны. Выснова адназначная: грамадзтва няздольнае да барацьбы за інтарэсы сваёй нацыі. Гэта клясычны тэст, пацьверджаны практыкай.

Тое ж самае адносіцца і да зьбіцьця дэпутатаў у парлямэнце батальёнам спэцназу. У той жа дзень многія дэпутаты ад намэнклятуры радаваліся: Лябедзька, Ганчар – яны думалі, што гэта перамога іхнай крэатуры, іхнага прэзыдэнта, бо Лябедзька тады быў прадстаўніком прэзыдэнта ў парлямэнце. Некаторыя былыя камуністы радаваліся мне ў твар, а потым, праз год, казалі: "Зянон Станіслававіч, дуракі мы, дуракі, чаму мы вас не паслухаліся?"

Груба была парушаная канстытуцыя, права, былі ўведзеныя войскі ў парлямэнт і зьбітыя дэпутаты, і калі было прынята незаконнае рашэньне аб рэфэрэндуме – бо ў часе нашай галадоўкі парлямэнт, пад уплывам гэтай галадоўкі, адкінуў усе пытаньні, акрамя эканамічных, усе пытаньні рэфэрэндуму, якія выставіў Лукашэнка, і Лукашэнка ў гістэрыцы выскачыў з парлямэнту. Гэта было рашэньне закону. Увядзеньнем войска гэта ўсё было паламана, і быў зроблены гвалт над грамадзтвам, над парлямэнтам, над Канстытуцыяй.

(В.Караткевіч: ) "Спадар Зянон, Вам было страшна ў той момант?"

(Пазьняк: ) "Мне страшна не было. Я тут не хвалюся, мне абсалютна не было страшна, я нават ня мог дапусьціць, што да мяне нехта даткнецца – у мяне ніколі такога не было, я ніколі ня меў ніякай аховы, я езьдзіў ноччу тралейбусам, калі мяне пазнаваў хто-небудзь уночы – нават п''яныя, я спатыкаўся з рознымі людзьмі, яны адразу хацелі са мной пагаварыць, але ніхто не выяўляў агрэсіі. І тут яны на мяне накінуліся – я зь іх пазрываў маскі, гэта людзі былі неславянскай зьнешнасьці. Яны хапалі мяне, білі, душылі, хацелі выціснуць вочы, я зразумеў – яны ў першы раз мяне бачаць. Яны ўвогуле ня ведалі, хто я такі, яны выконвалі ўказаньне. Гэта інтуітыўна дало мне падставы думаць, што там былі задзейнічаны сілы з Масквы".

(В.Караткевіч: ) "Зянон Станіслававіч, пасьля гэтых падзеяў адбылося шмат падзеяў у Беларусі, на якія міжнародная супольнасьць вельмі актыўна рэагавала – рэфэрэндум 1995, 1996 году, зьніклыя ў Беларусі. Чаму тады, на Вашу думку, сьвет праглынуў інфармацыю аб зьбіцьці дэпутатаў? Гэта была адсутнасьць інфармацыі ці недаацэнка таго, што адбывалася ў Беларусі?"

(Пазьняк: ) "Спадзяваньні на іншых, на Захад, на міжнародную супольнасьць – гэта спадзяваньні інфантыльнай палітычнай сьведамасьці. Галоўнае спадзяваньне павінна быць на саміх сябе. Ніякі Захад, ніякая міжнародная супольнасьць нічога ня будзе рабіць для некага, калі той сам нічога ня робіць. І вось пасьля гэтага зьбіцьця ўсе нашыя дэпутаты казалі аб тым, што сёньня патапталі нас, патапталі парлямэнт – заўтра будуць таптаць народ, усё грамадзтва, будуць біць і пляваць у твар, таму што вы не абаранілі нас. Гэта гаварылася, гэта нават запісана. Тое самае з рэфэрэндумам: грамадзтва не рэагавала, прыяжджалі і польскія дэпутаты, і што яны ўбачылі? Грамадзтва пра гэта ня ведае, яго гэта не абыходзіць, у іх "боршч варыцца". І вось гэтая падзея была тэставая падзея, вызначальная, як і парваньне сьцяга, падзея трагічная, таму што мы, вельмі малой колькасьцю, вельмі нечаканымі і правільнымі дзеяньнямі выйгралі ў гэтага рэжыму, мы перакулілі гэтую афёру з рэфэрэндумам, і Лукашэнка вісеў ужо на валаску, ужо было рашэньне прэзыдыюма Вярхоўнага савета, на якім мы прысутнічалі і на якім было пастаноўлена пачаць супраць Лукашэнкі крымінальную справу. Ён павінен быў бы быць адхілены ад дзейнасьці, застаючыся прэзыдэнтам – тым больш што пракурор Шаладонаў гэтую справу пачаў па факту зьбіцьця. І тады, калі падышлі да парлямэнта і ўбачылі, што ён абкружаны войскам, і нават Грыба, старшыню ВС, не прапускаюць, то мы прайшлі, але ўжо было позна.

Грыб прайшоў – і вось на ім, як тагачасным старшыні ВС, ляжыць вялікая маральная адказнасьць за тое, што не былі пакараныя спраўцы дзяржаўнага злачынства. Другая адказнасьць ляжыць на людзях, якія прадстаўлялі прэзыдэнта. Гэта, я ўжо казаў, прадстаўнік прэзыдэнта ў парлямэнце Лябедзька, яго асяродзьдзе – Булахаў, Ганчар – гэтыя людзі, юрысты, маўкліва пагадзіліся са страшным ламаньнем права. Гэта ў палітыцы не забываецца і не даруецца. Калі на гэты раз наша грамадзтва даруе такое, яно прадоўжыць сваё існаваньне ў гэтым рэжыме".

(В.Караткевіч: ) "Зянон Станіслававіч, калі ўявім, што былі б магчымыя адкрытыя тэледэбаты з Лукашэнкам – з чаго б Вы іх пачалі?"

(Пазьняк: ) "У мяне ня можа быць ніякіх тэледэбатаў з Лукашэнкам. Гэта ня тая асоба, зь якім можна аб нечым дэбатаваць – гэта асоба, якая зьняважыла народ, нацыю, патаптала нашую гісторыю, нашую культуру – гэта ня тае сыстэма ўзаемадачыненьняў. Гэта чалавек, які павінен панесьці адказнасьць па шэрагу пэўных артыкулаў крымінальнага кодэкса. Вось і ўсё, якія могуць быць дэбаты? Калі людзі парвалі сьцяг, зьняважылі нацыю, сказалі "сувэрэнітэт – гэта нішто", калі ўкінулі ў такое балота цэлы народ на 10 гадоў – і што, гэта дыскусійнае пытаньне? Не дыскутуецца пытаньне, жыць альбо ня жыць."
XS
SM
MD
LG