Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 красавіка – 115 гадоў з дня нараджэньня Янкі Нёманскага


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 12 красавіка

12 красавіка 1917 году ў Менску было наладжанае Сьвята беларускага значка. Усенародныя гуляньні арганізавала Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Па ўсім горадзе прадаваліся бел-чырвона-белыя значкі, у кавярнях, крамах, на вуліцах ладзіліся нацыянальныя імпрэзы, паўсюль гучала беларуская мова. У адным з гарадзкіх кінатэатраў пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта прайшоў шматлюдны мітынг.

12 красавіка 1961 году адбыўся першы ў гісторыі палёт чалавека ў космас. Юры Гагарын абляцеў Зямлю на вышыні 302 кілямэтры за 108 хвілінаў. З таго часу 12 красавіка адзначаецца Сусьветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. Варта нагадаць, што родам першы касманаўт быў са Смаленшчыны і што зь дзіцячых гадоў напамяць ведаў верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”.

12 красавіка 1993 году зь вялікай пышнасьцю ў прысутнасьці кіраўнікоў незалежнай Беларусі адбылося адкрыцьцё першай музэйнай экспазыцыі ў Мірскім замку. Урачыстасьць адбылася роўна празь 10 гадоў пасьля пачатку рэстаўрацыі гэтага помніка архітэктуры сусьветнага значэньня.

12 красавіка 1995 году інфармацыйныя агенцтвы сьвету паведамілі пра гвалт, які прэзыдэнцкая спэцслужба ўчыніла супраць дэпутатаў парлямэнту Беларусі мінулай ноччу. Дэпутаты абвясьцілі галадоўку на знак пратэсту супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму, за што той загадаў іх зьбіць і гвалтам выцягнуць з Авальнае залі, у якой засядаў Вярхоўны Савет. Расьсьледаваньня гэтага злачынства не адбылося дагэтуль.

Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 12 красавіка ў розныя гады, згадаем сёньня расейскага драматурга Аляксандра Астроўскага, падарожніка Мікалая Пржавальскага і славутую гішпанскую опэрную сьпявачку Мансэрат Кабалье.

Сёньня спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэньня Янкі Нёманскага, беларускага празаіка, публіцыста, вучонага-эканаміста і грамадзкага дзеяча. Родам ён быў са Шчорсаў Наваградзкага павету. Стаў першым неадменным сакратаром Акадэміі Навук Беларусі. Пісаў апавяданьні і аповесьці. Ягоны раман “Драпежнікі” застаўся незавершаным. 30 кастрычніка 1937 году ў Менску Янка Нёманскі быў расстраляны карнікамі НКВД.
XS
SM
MD
LG