Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фармафуд і геноміка: пэрсанальная дыета для кожнага на падставе аналізу крыві і ДНК


Сяргей Абламейка, Прага Новая перадача сэрыі "Навіны сучаснай мэдыцыны".

У ХХ стагодзьдзі ўвага людзей да якасьці прадуктаў харчаваньня ўвесь час расла. Першым прамысловым спосабам доўгатэрміновага захаваньня прадуктаў была іх кансэрвацыя. У 60-я гады ў справе кансэрвацыі прадуктаў і якасьці харчаваньня адбыўся першы прарыў. Людзі пачалі масава кансэрваваць харчы, пастэрызаваць іх, стэрылізаваць і запакоўваць у плястык.

У 70-я гады чалавецтва навучылася абязвожваць харчы і хутка іх замарожваць. Аказалася, гэта вельмі зручна – трымаць у хатніх лядоўнях замарожаную ежу, гатовую да спажываньня адразу пасьля размарозкі. Часткова мода на замарожаныя садавіну і гародніну, а таксама мяса і рыбу трымаецца дагэтуль.

У 80-я гады да ежы пачалі высоўваць новыя патрабаваньні: хуткасьць і якасьць. Прычым, якасьць і ў сэнсе смаку, і ў сэнсе пажыўнасьці. Хутказамарожаная ежа ператварылася ў хуткую ежу і вядомая цяпер па ўсім сьвеце пад амэрыканскай назвай fast food. Цяпер з асяродзьдзя мэдыкаў чуваць усё болей закідаў што да якасьці харчаваньня ў рэстарацыях fast food.

80-я гады былі адзначаныя сэрыяй буйных скандалаў у сусьветнай харчовай прамысловасьці, зьвязаных зь якасьцю прадукцыі. У выніку ў 90-я гады давялося шукаць кампраміс паміж імкненьнем зэканоміць час і высілкі з аднаго боку, і бясьпекай харчаваньня – зь іншага. У выніку зьявіўся новы тып сьвежых прадуктаў, якія лёгкія для спажываньня і бясьпечныя з санітарнага пункту гледжаньня. Да іх ліку належаць ахалоджаныя харчы, напрыклад, папярэдне нарэзаны салат або ахалоджаныя марскія прадукты.

У 80-я і 90-я гады ў справу вытворчасьці прадуктаў харчаваньня пачынаюць умешвацца генэтыкі, і на прылаўках зьяўляюцца генэтычна мадыфікаваныя харчы. Але з 1995 году пачынае распаўсюджвацца ідэалёгія, якая процістаўляе генэтычна мадыфікаваным прадуктам прадукты экалягічна чыстыя і натуральныя. Людзі пачалі адмаўляцца да сынтэтычных упаковак і штучных дадаткаў у ежу. У шмат якіх эўрапейскіх краінах на паліцах крамаў зьяўляюцца ўпакоўкі мяса з пазнакай “бія” – гэта значыць, што скаціна была выкармленая без сынтэтычных кармоў.

Паралельна разьвіваецца і новая тэндэнцыя – яе назвалі Slow food, або павольная ежа. Дзякуючы ёй шмат якія краіны пачалі наноў адкрываць для сябе выгады традыцыйных сямейных абедаў і вячэраў зь віном. На сёньняшні дзень экалягічна чыстыя харчы і харчы непрамысловае вытворчасьці заваёўваюць усё большую папулярнасьць і рынак.

У пачатку ХХІ стагодзьдзя на паліцах крамаў зьявіліся новыя дзіўныя харчы: малако з кіслатой Амэга-3, хлеб з ізафлявонамі соі, прадукты, узбагачаныя вітамінамі і мінэраламі, ёгурты зь біфітабактэрыямі. Узьнікае пытаньне – што нас чакае ў будучыні? Лекары адназначна заяўляюць, што будучыня за так званай геномікай – гэта новая навука, якая спалучае ў сабе генэтыку і дыеталёгію. Мэта геномікі – распрацаваць пэрсанальную дыету для кожнага чалавека на падставе аналізу яго ДНК. У адным з унівэрсытэтаў амэрыканскага штату Нью-Джэрзі ўжо існуе спэцыяльная катэдра геномікі.

Новая ежа ўжо атрымала назву – Pharmafood (фармафуд), або фармакалягічная ежа. Гэта нешта сярэдняе паміж ежай і лекамі. Сёньня ў Нямеччыне шырока прадаецца хлеб зь ізафлявонамі для жанчынаў, якія перажываюць менапаўзу, а ў Злучаных Штатах у краме можна набыць яблыкі, апрацаваныя экстрактам чырвонага віна – калі вы зьясьцё адзін такі яблык, вы атрымаеце колькасьць фляваноідаў, эквівалентную пяці келіхам віна. Фляваноіды, як вядома. Дапамагаюць арганізму змагацца з ракавымі клеткамі.

Сёньня ў амэрыканскіх лекараў ужо няма сумневу, што ў будучыні ежа будзе індывідуальнаю для кожнага чалавека і будзе залежаць ад яго ДНК. Дастаткова будзе ўзяць аналіз крыві з пальца, накіраваць у лябараторыю і заплаціь пару дзясяткаў даляраў. У адказ па электроннай пошце вам дашлюць сьпіс, што вам есьці, у якой колькасьці і на працягу якога часу.

Разам з тым навкоўцы пакуль ня ўпэўненыя, наколькі смачнай будзе такая ежа, і ці будзе яна сапраўды дзейснай. Італьянскі навуковец, доктар Альфонса Сіані з Інстытуту дыеталёгіі ў горадзе Авэліна, кажа, што эфэкт прадукту – гэта нешта нашмат большае, чым проста сума яго інгрыдыентаў.

***

А зараз парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1. Бананы могуць дапамагчы вашым ныркам заставацца здаровымі. Новыя дасьледаваньні паказваюць, што бананы зьмяншаюць рызыку захварэць на рак нырак. Асабліва гэта датычыцца жанчын. У часе дасьледваньня мэдыкі высьветлілі, што тыя жанчыны, якія рэгулярна елі бананы, мелі найменшую рызыку захварэць на рак нырак. Караняплоды кшталту морквы і буракоў, паводле навукоўцаў, таксама маюць аналягічны абарончы эфэкт. RealAge нагадвае, што разнастайная дыета, калі вы будзеце чатыры разы на дзень есьці садавіну, можа зрабціь ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.

2. Старайцеся выкарыстоўваць натуральныя прыправы. Падчас нядаўняга экспэрымэнту высьветлілася, што натуральны арганічны кетчуп мае ў сваім складзе ў тры разы болей ліцапэну, чым кетчуп неарганічны. Ліцапэн – гэта антыаксыдант, які зьмяншае рызыку раку прастаты і сардэчных хваробаў. Іншыя багатыя на ліцапэн крыніцы, гэта таматная паста, кавун і ружовы грэйп-фрут. RealAge нагадвае, што атрыманьне дастатковай колькасьці антыаксыдантаў празь ежу або харчовыя дадаткі можа зрабціь ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

3. Вы можаце пазьбегнуць пераяданьня і палепшыць свой мэтабалізм, калі будзеце сачыць за гадзіньнікам. Адно нядаўняе дасьледаваньне высьветліла, што раўнамерны і рэгулярны прыём ежы ў працягу дня дапамагае людзям зьядаць менш ежы і спальваць болей калёрыяў. Трэба прытрымлівацца свайго графіку ежы настолькі, наколькі гэта магчыма. Таксама трэба заўсёды мець пад рукой гарэхі, сьвежую садавіну і цэльнезерневыя хлебныя прадукты, каб пад’есьці, калі звычайны час прыёмы ежы з-за нейкіх абставінаў адкладаецца. RealAge прапануе не забывацца, што разнастайная дыета, нізкая ў калёрыях і багатая ў карысных рэчывах можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.
XS
SM
MD
LG