Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Хадановіч: “Паэт павінен быць тэатрам аднаго актора”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Апошнім часам назіраецца нашэсьце іншаземнай вэрсыфікацыі на беларускую кананічную тэрыторыю. Выходзяць то кніга беларускіх хоку (Ул.Сіўчыкаў), то зборнік беларускіх танка (Н.Гілевіч). Днямі прыйшла да чытача і кніга беларускіх лімэрыкаў Андрэя Хадановіча. Першы асобнік шчасьлівы аўтар наўпрост з друкарні прынёс да нас у студыю.

(Міхась Скобла: ) “Андрэй, патлумач, калі ласка, мне, недасьведчанаму: зь якой вярбы грушы — твае лімэрыкі?”

(Андрэй Хадановіч: ) “Плод мічурынскіх сэлекцыянэраў, у ролі Мічурына выступіў я. Лімэрык — старажытны жанр, яму некалькі стагодзьдзяў. Ён мае мудрагелісты назоў, але нічога мудрагелістага ў ім няма, такая сабе гумарыстычная, пяцірадковая прыпеўка-дрындушка. У першым радку абавязкова рыфмуецца населены пункт: горад, мястэчка, зьяўляецца іх жыхар — загадкавы, дзіўнаваты, недарэчны. Лімэрык — караценькая гісторыя пра ягоную нейкую прыгоду. Заснавальнік жанру — ангельскі паэт Эдвард Лір, яго “Кніга нонсэнсу” стала клясыкай жанру.

Але мне падумалася: чаму на месцы якога-небудзь Сан-Паўлу ня можа быць нашых Лынтупаў? У Беларусі сотні гарадоў і мястэчак, жыхары якіх таксама могуць быць героямі цікавых гісторыяў. І яшчэ ў мяне была такая наіўная, мабыць, думка: зачапіць глыбінныя пласты недаразьвітай самасьвядомасьці. Ёсьць у нас процьма такіх “недабеларусаў”, нацыя для іх — абстракцыя, а вось назва роднага мястэчка — гэта нешта блізкае, пра нешта гаворыць, гэта ўжо пароль і водгук, такім спосабам можна знайсьці зь імі паразуменьне. І вось я паспрабаваў закінуць гэткую вуду”.

(Скобла: ) “Кніга “Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі” цікава аздобленая. Скажы колькі словаў пра мастака”.

(Хадановіч: ) “Напраўду, мне здаецца, кніга — вельмі ўдалая супраца з мастачкай Натальляй Паваляевай. Натальля — мая калега,таксама выкладае замежную літаратуру на філфаку БДУ. Як мастачка яна афармляла альбомы гурту “Нэйрадзюбэль”. Эдвард Лір сам быў цудоўным мастаком і свае лімэрыкі суправаджаў уласнымі ж графічнымі ілюстрацыямі. Мне Бог ня даў таленту мастака. Натальля — мастак-інтэлектуал і адначасова чалавек зь вельмі тонкім адчуваньнем ангельскага досьціпу. Яна паказала мне свае малюнкі, я паглядзеў — як жа яны пасуюць да лімэрыкаў! Я іх разьмеркаваў, і цяпер, калі выйшла кніжка, чытачы думаюць, што малюнкі ствараліся адмыслова для яе”.

(Скобла: ) “На вокладцы кнігі — мапа Беларусі, нацягнутая на глёбус. Такім чынам, маем тое, што ўжо ўвайшло ў показку, — глёбус Беларусі. А над плянэтай Беларусь ляцяць твае героі на паветраным шары і нешта сеюць у паветра. Магчыма, яны ня ведаюць, што над нашай краінай на паветраным шары лётаць небясьпечна”.

(Хадановіч: ) “Ну, вобраз мае адразу некалькі сэнсаў, я сам іх усіх з пэўнасьцю ня ведаю. Але некалькі алюзіяў закладалася. Гэта, вядома ж, знак павагі да Лявона Вольскага і ягонага шлягеру “Паветраны шар”, які шмат абыякавых людзей зрабіў патрыётамі беларускай музыкі. Гэта і намёк на рэальнае палітычнае здарэньне, пра якое я калісьці напісаў чатырохрадкоўе:

Плыў над краінай паветраны шар. Толькі раптоўна — зэнітны удар. Будуць пляткарыць цэлыя содні, Быццам Хрыстос прызямліўся ў Гародні.

Можа быць і такая алюзія. Героі маіх лімэрыкаў нездарма ляцяць над Беларусьсю. Погляд на Беларусь зьверху, з космасу, дае нейкае дадатковае агульначалавечае вымярэньне. Мы замкнёныя ў сваім: беларускае існуе само па сабе, сьвет — сам па сабе. Між намі непраходныя перагародкі мысьленьня. Для мяне Беларусь магчымая толькі тады, калі яна ў сьвеце, а сьвет магчымы толькі тады, калі ў ім ёсьць Беларусь. Перагародкі трэба зьнішчаць. І з космасу гэта зручней рабіць. А што яны сеюць… Можа, тыя “зерняткі, што засохлымі былі”, але — прарастуць. Можа, разумнае, добрае, вечнае, як калісьці раілі паэтам сеяць. Можа, пустазельле, але хай і яно прарастае на глёбусе Беларусі”.

(Скобла: ) “Тэорыю лімэрыкапісаньня мы збольшага прайшлі. Засталася практыка”.

(Хадановіч: ) “Пачнем з клясыкаў.

Завіталі ў музэй у Кушляны тры Каляны й чатыры Таляны: стрэсьці ў экскурсаводкі бурачковае водкі — для таварышаў зь Яснай Паляны”.

(Скобла: ) “А я і ня ведаў, што Багушэвіч меў свой рэцэпт самагону…”

(Хадановіч: ) “Клясык сапраўдны павінен умець усё. Тым больш, калі яго ўласны псэўданім абавязвае. Дарэчы, пра псэўданімы.

Неразважны сатырык з-пад Слоніму вершы надрукаваў без псэўдоніму супраць валадара — і за спробу пяра атрымаў… (Не знаходжу сыноніму.)

Прарасейскія гопнікі ў Гомелі прэзыдэнта надзвычай багомілі, “лукамол”, кадэбэ… Ды пазналі сябе ў сьцёбных вершах — і аж зьнерухомелі.

Паліглёт-мнагажэнец з Чачэрску да жанчын заляцаўся па-зьверску: ім уголас чытаў комсомольский устав і паэму “Курган” па-шумэрску.

Афтальмоляг з Лагойскага тракту прэзыдэнту лячыў катаракту й невядома чаму раптам сеў у турму зь дзіўным выракам: “спроба тэракту”.

Палітычны змагар з Ракасоўскага любіць творчасьць Міколы Гусоўскага. Піша слоган: “Пара гуртам выбраць “Зубра”, каб ваўка не абралі тамбоўскага!”

(Скобла: ) “Шчасьлівага палёту тваім героям над Беларусьсю! Будзем спадзявацца, што беларуская супрацьпаветраная абарона гэтым разам не атрымае злачыннага загаду. Памятаю, гады два таму ў Менску праходзіла міжнародная канфэрэнцыя пад назвай “Інтэлектуалы: спакуса маўчаньня”. З таго часу, як мне здаецца, гэтая спакуса яшчэ пабольшала. Доступ на тэлеэкран закрыты, у радыёэфір — абмежаваны. Што ў такіх умовах павінен рабіць інтэлектуал: маўчаць у шапку, пісаць у шуфляду ці ў манастыр сыходзіць, як тое зрабіў паэт і філёзаф Алег Бембель?”

(Хадановіч: ) “Павінен рабіць дзьве рэчы: голасна гаварыць тады, калі маўчаньне ганебнае, і маўчаць тады, калі відавочная спакуса пустаслоўя і марнаслоўя. Інтэлектуал — гэта той, хто акурат адчувае розьніцу паміж патрэбным і непатрэбным тут і цяпер словам. У сытуацыі, калі маўчаць ганебна, трэба шукаць новую мастацкую форму, каб нагадваць пра слушнасьць старых ісьцінаў. Іх ня так шмат. Зь іншага боку, сьвет ператварыўся ў нейкі суцэльны шум, дзе словы абясцэньваюцца. Сьвежы прыклад. Ледзь пасьпеў памерці ў Ватыкане папа Ян Павал ІІ, а ўжо нехта ў інтэрнэце робіць маленькія літскандалы, маніпулюючы імем папы ў сваіх вершыках. А можа, дарэчней было б прамаўчаць і ня пляміць сьвятога…

Інтэлектуалы мусяць усімі магчымымі і немагчымымі сродкамі змагацца за права фармаваць грамадзкую думку, што было, напрыклад, у ХVІІІ стагодзьдзі. Вальтэр казаў: “У мяне няма скіпэтра, але ёсьць пяро!” І ён меў права так казаць, бо мог вырашыць пытаньне жыцьця і сьмерці, ён мог выступіць і кагосьці выратаваць ад інквізыцыі, ад вогнішча. Сёньня ніхто ня чуе інтэлектуалаў, іх выпіхнулі на маргінэз, на ўзбочыну. Людзей больш цікавяць сёньня цана на нафту, траншы і г.д. Інтэлектуалы павінны нагадваць грамадзтву пра нейкія больш істотныя рэчы ў гэтым сьвеце. Аднак хопіць інтэлектуальнага снабізму: літаратура — рэч для абраных, далучаных… Мы павінны сёньня працаваць і са школьнікамі, і са студэнтамі, і з інтэрнэт-карыстальнікамі, зь любым чалавекам, якога можна зацягнуць у мастацкі дыялёг”.

(Скобла: ) “Уладзімер Караткевіч некалі ў роспачы выгукнуў: “Хай лепей ніколі ня будзе краіны, чым будзе краіна бяз волі!” А як гэтыя дзьве рэчы — краіна і свабода — разьмеркаваныя ў тваёй сыстэме каштоўнасьцяў?”

(Хадановіч: ) “Давай ізноў зьвернемся да вечнага. Калісьці ў ХVІІІ стагодзьдзі францускі асьветнік Мантэск’ё сказаў: “Калі б мне прапанавалі выбіраць паміж маімі інтарэсамі і інтарэсамі маёй сям’і, я б адмовіўся ад сваіх на карысьць сямейных. Калі б я выбіраў паміж інтарэсамі сям’і і нацыі, я б выбраў інтарэсы нацыі. Калі б я выбіраў паміж інтарэсам сваёй нацыі і інтарэсамі ўсяго чалавецтва, я б не вагаючыся выбраў інтарэсы чалавецтва”. Гэта адзін скрайні пункт. Але ўжо празь некалькі дзесяцігодзьдзяў прыйшлі рамантыкі і перакулілі ўсю гэтую сыстэму. І чалавечая адзінка, асоба заняла самае галоўнае месца. Мне здаецца, што мы зрабілі з нацыянальнага інтарэсу свайго роду фэтыш, абраз, на які молімся. І ці не зашмат мы гэтым займаемся?”

(Скобла: ) “У сваім эсэ “Беларусь у эўрапейскай пясочніцы”, апублікаваным сёлета ў №1 часопісу “Дзеяслоў”, ты пішаш: “Як бы цяжка было сёньня не дэманізаваць лукашэнкаўскую Беларусь, рабіць гэтага не выпадае. Бо цяперашняя Беларусь — гэта ня толькі прэзыдэнт, як на мяне, даўно нелегітымны, і ня толькі ягоны электарат, суцэльна ачмураны сродкамі масавай інфармацыі…” Што застаецца — “маліцца за тых і за другіх” (М.Валошын)?”

(Хадановіч: ) “Мне здаецца, што інтэлектуал, літаратар ня мае ні маральнага, ні чалавечага права змагацца зь людзьмі. Маё правіла — змагацца з ідэямі, а не зь людзьмі, іх носьбітамі. У Беларусі вельмі моцны апарат прапаганды, і сярэдняму чалавеку вельмі складана застацца неачмураным лукашэнкаўскай ідэалёгіяй. Па вялікім рахунку, чалавек ні ў чым не вінаваты, яму затлумілі галаву, яго так выхавалі. Але ён мае права ня тое што на сэанс перавыхаваньня, але — на шанец, каб яго зачапілі чымсьці іншым, яскравым, супрацьлеглым. Але трэба гэтае іншае яму паказаць, зьдзівіць яго моцна, парушыць ягонае чаканьне. А мы са сваёй беларушчынай падчас адразу ж прымаем абарончую позу. Я гляджу на сваіх добрых прыяцеляў, якія гавораць па-беларуску ў чужым асяродку, і бачу, як яны напружваюцца, бо наперад чакаюць адмоўнай рэакцыі. Таму голас мімаволі пачынае гучаць агрэсіўна. А рабіць гэта трэба з максымальным зарадам дабрыні і любові. І тады тое, што ты нясеш, будзе прынятае”.

(Скобла: ) “У тым жа эсэ ты цьвердзіш, што беларусы — нацыя выразна паветранай стыхіі. Але ж наш нацыянальны эпас сьведчыць пра адваротнае. Тая ж “Новая зямля” Якуба Коласа…”

(Хадановіч: ) “Магчыма, згаданае эсэ — такая сабе лёгкая правакацыя, дзе я жаданае для сябе выдаю за сапраўднае. Калі казаць пра мой ідэал, то гэта, безумоўна, паэзія паветранай стыхіі. Досыць паэзіі працоўных будняў, мы павінны дачакацца паэзіі сьвята. Умоўна кажучы, “новай зямлі” мы ў нашай літаратуры мелі значна больш, чым “вянкоў” багдановічаўскіх. Мне цікава, калі заканчваюцца нейкія архіпатрэбныя і неабходныя рэчы, а пачынаюцца прыемныя непатрэбнасьці. Мне здаецца, што будучыня за такой літаратурай — літаратурай палёту, лёгкай у кантакце, якая будзе сягаць цераз усе перашкоды і межы”.

(Скобла: ) “Я ведаю, што ты жаданы госьць у студэнцкай аўдыторыі. Нядаўна мне ў адным з унівэрсытэтаў дэкан філфаку сказаў, што ім на рэктараце не рэкамэндавана запрашаць да сябе пісьменьнікаў. Ці былі выпадкі, калі цябе чакалі, а сустрэцца магчымасьці не было?”

(Хадановіч: ) “Безумоўна, такія выпадкі здараліся, і ня толькі ў мяне. Скажу зараз пра тое, што мяне больш за ўсё хвалюе. Апошнія пару гадоў я займаюся апякунствам конкурсу маладых літаратараў, які арганізоўвае Беларускі ПЭН-цэнтар. Па выніках конкурсу выходзяць кнігі маладых творцаў, іх трэба прэзэнтаваць, несьці чытачу. Мы ўжо другі год запар ладзім турнэ па беларускіх унівэрсытэтах: Гомель і Горадня, Магілёў і Віцебск, Полацак і Мазыр, менскія ўнівэрсытэты… Праблема паўстае, бо бюракратыя ў ВНУ, здаецца, зацікаўленая, каб не было ніякіх прэзэнтацыяў і сустрэчаў. У нас усё, што не дазволена, — забаронена. Калі выкладчык будзе ўзгадняць з дэканам, дэкан — з прарэктарам, прарэктар — з рэктарам, то хутчэй за ўсё на адным з гэтых зьвёнаў усё замкнецца і забароніцца. Сёньня падобныя сустрэчы — плён добрай волі выкладчыка і рызыкі загадчыка катэдры ці дэкана, якія могуць атрымаць спагнаньне. Дзякуй ім усім за дапамогу — шкада, назваць не магу.

У нас ёсьць зацікаўлены чытач і літаратура, але паміж імі небясьпечная стыхія, якую трэба пераплысьці. У нас сёньня ніхто, апрача аўтара, не зацікаўлены ў прамоцыі ягоных твораў. Паэт у нас мусіць быць такім рухомым балаганчыкам, тэатрам аднаго актора. І шмат хто так робіць. Трэба часьцей езьдзіць, часьцей сустракацца і ламаць дурныя недарэчныя стэрэатыпы, што беларуская паэзія — анахранізм. Будучыня за Беларусьсю і беларускай паэзіяй, і гэтыя рэчы мусяць быць паяднаныя і таленавіта ўвасобленыя. Будучыня — гэта сума нашых намаганьняў. Хочаш, каб цябе чыталі заўтра — выхавай свайго чытача сёньня. Гэта датычыць усяго цэху беларускіх літаратараў”.

(Скобла: ) “Ты яшчэ і перакладчык, і, наколькі я ведаю, наступнай тваёй кнігай мае быць акурат перакладная — анталёгія “Разам з пылам”. У Беларусі вось ужо гадоў дванаццаць няма ніводнага пэрыёдыка накшталт сьветлай памяці альманаху “Далягляды”. Мы спрабуем жыць у палітычнай ізаляцыі, а ці выжывем у культурнай?”

(Хадановіч: ) “Гэта катастрофа, гэта ахілесава пята, гэта самы слабы пункт сучаснай беларускай культуры. Ведаеш, Шэксьпір па-ангельску — гэта абстракцыя, Шэксьпір па-беларуску — гэта ўжо планка, да якой можна дарастаць. Я тут не хачу сказаць, што ў нас няма “беларускага Шэксьпіра”, сёе-тое ёсьць, але колькі ж белых плямаў! Палякі маюць звышпрэстыжную “Literaturu na swiece”, расейцы — “Иностранную литературу”, украінцы — “Всесвіт”. Такі пэрыёдык патрэбен беларускай літаратуры як паветра.

Добра, што ёсьць незалежныя часопісы, якія даюць трыбуну перакладчыкам, часопісы “Дзеяслоў”, “ARCHE”, газэта “Наша Ніва”, але робяць яны гэта ў недастатковай колькасьці. Нават голдынгавая “Маладосьць” прапаноўвае свае старонкі пад пераклады. Але ўсё гэта паўкрокі, паўмеры, патрэбен як мінімум штомесячнік, дзе б друкавалая і клясыка, якой катастрафічна не хапае, і дзе можна было б, напрыклад, паўдзельнічаць у пагоні за бэстсэлерамі. Гэта значыць — выдаць хоць бы на месяц раней за нашага ўсходняга суседа твор, які чытае ўвесь сьвет. Украінцы зрабілі стаўку на Гары Потэра — выдалі яго раней за Маскву ў выдатным паліграфічным афармленьні масавым накладам, які цалкам разышоўся. Ведаеш, можна бясконца пераконваць і агітаваць “за мову”… Прапануйце цікавы прадукт — і яго купяць. Украінская мова жыве ва ўкраінскім Гары Потэры. Пра што я толькі мару ў адносінах да Беларусі”.

(Скобла: ) “Я пра пераклады спытаў нездарма. Набыў нядаўна шыкоўна выдадзены том польскага паэта Галчыньскага. Там сярод перакладчыкаў — Бродзкі, Мартынаў, Самойлаў і — Андрэй Хадановіч. Ты практыкуеш пераклады на расейскую?”

(Хадановіч: ) “Практыкуеш — замоцнае слова. Практыкаваў. У 1995 годзе я скончыў унівэрсытэт, і ў маім дыплёме было напісана: “выкладчык расейскай мовы і літаратуры”. Мяне занесла на расейскае аддзяленьне, дзе я сумленна займаўся расейскай паэзіяй і, у тым ліку, перакладамі па-расейску. Адной з маіх першых любовяў быў Галчыньскі, на якога я літаральна накінуўся і ў меру сваіх сьціплых сілаў перакладаў па-расейску. Пасьля гэтыя тэксты гадоў дзесяць ляжалі бяз руху. І раптам на міжнароднай канфэрэнцыі я ўразіў кагосьці з расейцаў сваімі беларускімі перакладамі з Галчыньскага. І мне прапанавалі паўдзельнічаць ў зборніку Галчыньскага па-расейску. Я паглядзеў свае юначыя пераклады, штосьці паправіў і адаслаў у Маскву. На маё вялікае зьдзіўленьне, яны ўвайшлі ў кнігу, дарэчы, вельмі сымпатычную. І сёй-той кажа, што мае пераклады там ня горшыя”.

(Скобла: ) “Мы раней гаварылі пра спакусу маўчаньня. Пісаць па-расейску — гэта аўтаматычна пашырыць сваю чытацкую аўдыторыю. Ці не было ў цябе гэткай спакусы (пасьля Галчыньскага)?”

(Хадановіч: ) “Такой спакусы для мяне не існуе. Першае, што прапанаваў мне маскоўскі выдавец Галчыньскага — давайце працаваць над наступнай кніжкай, давайце перакладзем яшчэ кагосьці. Я падзякаваў за давер і ветліва адмовіўся. Мне здаецца, што сёньня, заўтра і ў будучыні я такімі рэчамі займацца ня буду. Вялікая, магутная і шматстайная расейская літаратура дасьць рады існаваць і безь мяне. Адначасова ў мяне ёсьць адчуваньне, што вельмі цікавая і сымпатычная беларуская літаратура вымагае і патрабуе маёй прысутнасьці. І я буду ёй дапамагаць ва ўсіх сваіх іпастасях”.

(Скобла: ) “А як ты ставісься да дзьвюхмоўных пісьменьнікаў? Наш Багдановіч пісаў на дзьвюх мовах, былі такія творцы, як Кундэра, Набокаў…”

(Хадановіч: ) “Ні Кундэра, ні Набокаў ніколі не былі дзьвюхмоўнымі пісьменьнікамі. Быў расейскі паэт Сірын, які з часам стаў ангельскім пісьменьнікам Набокавым. Быў чэскамоўны пісьменьнік Кундэра, які цягам доўгага жыцьця ў Францыі зрабіўся францускамоўным пісьменьнікам. Так і Хадановіч у пэўны час стаў беларускамоўным. Не таму, што гэта трэба, а таму, што пісаць па-беларуску для мяне прыемней і атрымліваецца яно неяк само па сабе. Урэшце атрымліваецца лепей, чым некалі атрымлівалася па-расейску. Нават з тым самым Галчыньскім, якому сёлета, дарэчы, споўнілася б 100 гадоў. Геракліт казаў, што двойчы немагчыма ўвайсьці ў адну і тую ж ваду. Я мару выдаць томік “беларускага Галчыньскага”, добра было б пасьпець да юбілею. Ня ўсё ж расейцам выдаваць.

Хачу прачытаць адзін зь перакладаў з будучай кнігі... Ведаеш, кожны дурань можа прызнацца вершам у каханьні прыгожай дзяўчыне. А вось пранесьці праз жыцьцё каханьне да сваёй жонкі і прызнацца, як упершыню, з новай сілай і пяшчотай, — на гэта, мабыць, здольныя толькі геніі. Верш “Інтымная размова”.

— Скажы — як мяне кахаеш? — Скажу. — А скажы. — Кахаю пры сонцы, кахаю ў дажджы. Кахаю ў барэце і капелюшы. Калі канцэрт і ў вятры на шашы. У бэзе й малінах, бярозах і клёнах. Калі сьпіш, калі працай занятая плённай. Калі яйка згатуеш, надбітае крышку. І нават тады, калі падае лыжка. У таксоўцы, у іншым аўто без вынятку. Пры канцы шпацыру і на пачатку. Калі з грабянцом, калі возьмеш келіх. У небясьпецы і на арэлях. У абутку і без. У гарах і на моры. І ўдзень. І ўначы. І заўтра. І ўчора. І ўвесну, зь першым птушыным куплетам. — А ўлетку кахаеш ты? — Як само лета. — А ўвосень? — Як дзень і пахмурны і сонны. І тады, як губляеш мае парасоны. — А зімой, калі ў срэбры аконнае шкло? — Зімой — як вясёлы агонь, як цяпло. Ля сэрца твайго спачываю ў кунезе. А за вокнамі — сьнег. І вароны на сьнезе”.

(Скобла: ) “Што ж будзем чакаць Галчыньскага па-беларуску. Улічваючы палітычна-іранічны зьмест і падтэкст многіх лімэрыкаў, падазраю, што з распаўсюдам тваёй кнігі празь дзяржаўны кнігагандаль могуць узьнікнуць праблемы. Значыць, застаецца спадзявацца на згаданы табой “балаганчык”. Дзе ў найбліжэйшы час можна пачуць слыннага беларускага лімэрыкапісца Хадановіча?”

(Хадановіч: ) “12 красавіка, на Дзень касманаўтыкі, а 18.00 у сталічным Доме літаратара (Фрунзэ, 5). Вечарына нездарма мае назву “Землякі: погляд з космасу”. На арбіце сустрэнуцца Ўладзімер Арлоў, Кася Камоцкая, Юрась Барысевіч, Вальжына Морт (яна спэцыяльна прыехала з Варшавы), малады паэт Глеб Лабадзенка, гурт “Індзіга” (для якога я перакладаю песьні на беларускую мову), авангардавы тэатар “Ай”, які пакажа грандыёзнае дзейства “Сны Юрыя Гагарына”... Адбудзецца такі супольны палёт на шматступеньчатых крылах натхненьня. Запрашаю ўсіх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG