Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі ўрад дае дадатковыя кампэнсацыі ахвярам нацызму ў Беларусі


Галіна Абакунчык, Менск Нямеччына падвышае кампэнсацыйныя выплаты асобным катэгорыям ахвяраў нацызму. 11 сакавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашысцкіх канцлягераў. Ён прымеркаваны да паўстаньня вязьняў Бухенвальду 60 гадоў таму. Сёньня нямецкі фонд “Памяць, адказнасьць і будучыня” абвясьціў пра дадатковыя кампэнсацыйныя выплаты ўраджэнцам Беларусі, якія пацярпелі ад нацызму. Тым часам некаторыя з гэтых людзей заяўляюць пра няўвагу да сябе з боку беларускіх уладаў.

Дадатковыя выплаты перадусім атрымаюць вязьні, якіх утрымлівалі пад вартай на тэрыторыі Нямеччыны, а таксама некаторыя іншыя катэгорыі пацярпелых. Гэтай акцыяй нямецкі ўрад завяршае кампэнсацыйную кампанію на тэрыторыі Беларусі. Кіраўнік беларускага фонду “Ўзаемапаразуменьне і прымірэньне”, празь які выплачваліся грошы, Валянцін Герасімаў з гэтай нагоды заявіў:

(Герасімаў: ) “Да 9 траўня мы б завяршылі выплаты. Але на сёньня нам яшчэ ідуць насустрач. Гэта вельмі добры жэст з боку фэдэральнага фонду і ягонага выканаўчага дырэктара Гюнтэра Заатофа”.

Паводле спадара Герасімава, плянуецца, што канчаткова кампэнсацыйныя выплаты будуць завершаныя да ліпеня. Аднак некаторыя з гэтай катэгорыі ахвяраў па-ранейшаму трымаюць крыўду — але не на немцаў, а на беларускія ўлады. Гаворыць былы вязень канцлягеру ў Нямеччыне, лідэрка руху ахвяраў нацызму “Лёс” Вольга Няхай:

(Няхай: ) “Ва ўсіх дзяржавах людзей, якія выжылі ў канцлягерах, на чужыне, узнагароджвалі ордэнамі і мэдалямі. А мы прыехалі — забыліся на нашыя подзьвігі, забыліся, што нас пакрыўдзілі і прыраўнялі нас да людзей самага нізкага гатунку”.

Акрамя таго, як заявіў выканаўчы дырэктар нямецкага фонду “Памяць, адказнасьць і будучыня” Гюнтэр Заатоф, выплата кампэнсацыяў ускладнялася тым, што нямецкім адмыслоўцам даводзілася пераўдакладняць зьвесткі аб савецкіх грамадзянах, якія падаваліся з архіваў КДБ. Гаворыць Гюнтэр Заатоф:

(Заатоф: ) “Нам вядома, што ў былым СССР ахвяраў, якія вярталіся зь Нямеччыны, дапытвалі спэцслужбы. І калі гэтыя людзі працавалі, да прыкладу, у абароннай прамысловасьці, то іх называлі здраднікамі радзімы. І гэткім чынам, многія патрапілі ў ГУЛАГ. Таму многія зь вязьняў вымушаныя былі хаваць праўду. Паколькі мы гэта добра ведаем, то ўсе рашэньні беларускага фонду кантралявала нямецкая кантрольная каманда. Мы кіраваліся меркаваньнем, што тагачасныя крыніцы КДБ не заўсёды былі праўдзівымі і дакладнымі крыніцамі інфармацыі”.

Як паведаміў спадар Заатоф, цягам чатырох гадоў нямецкі ўрад выплаціў ураджэнцам Беларусі суму памерам 354 мільёны эўра.

Усяго фінансавую кампэнсацыю атрымалі 129 тысяч ураджэнцаў Беларусі, якія пацярпелі ад нацызму. Аднак ахвяры мінулай вайны працягваюць зьвяртацца да ўладаў па-ранейшаму, заявіў кіраўнік Дзяржкамітэту па архівах і справаводзтве Ўладзімер Адамушка.

(Адамушка: ) “Да прыкладу, здараюцца такія рэчы, што людзі кажуць: мы былі на акупаванай тэрыторыі, мы таксама пацярпелі. Але гэтыя грошы былі выдзеленыя для кампэнсацыі вязьням. Тут можна гаварыць пра іншае, палітычнае пытаньне, якое савецкая дзяржава мусіла вырашаць пры канцы 1940-х гадоў. Гісторыя сьведчыць пра тое, што дзяржава адмовілася вырашаць гэтыя праблемы”.

***

Паводле агенцтва “Інтэрфакс”, 340 беларусаў, якія былі ахвярамі мэдычных экспэрымэнтаў нацыстаў, атрымаюць агулам 2 мільёна эўра. У тых выпадках, калі ахвяраў, якія маюць атрымаць выплаты, ужо няма ў жывых, грошы будуць выплачваць іх нашчадкам
XS
SM
MD
LG