Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў выступае ў падтрымку свабоды прэсы ў Беларусі


Ул. інф. Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў (ЭФЖ) патрабуе спыніць "шчыльны кантроль беларускіх СМІ". Пра гэта гаворыцца ў спэцыяльнай дэклярацыі аб сытуацыі з СМІ ў Беларусі, прынятай удзельнікамі штогадовага сходу ЭФЖ, які праходзіў 2-4 красавіка ў Більбао (Гішпанія).

Як паведаміла прэсавая служба грамадзкага аб''яднаньня "Беларуская асацыяцыя журналістаў", тэкст дэклярацыі быў падрыхтаваны і вынесены на разгляд удзельнікаў сходу Нарвэскім саюзам журналістаў.

"Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў рашуча падтрымлівае сьмелую барацьбу за свабоду выказваньняў і барацьбу за незалежную журналістыку, якую вядуць нашы калегі зь недзяржаўных выданьняў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Удзельнікі штогадовай сустрэчы ЭФЖ выказваюць вялікую занепакоенасьць сур''ёзным пагаршэньнем сытуацыі ў Беларусі на працягу апошніх некалькіх гадоў, і асабліва пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму 2004 года" – гаворыцца ў дэклярацыію

У дэкларацыі адзначаныя такія факты, як закрыцьцё шэрагу беларускіх незалежных выданьняў, шматлікія прыпыненьні і папярэджаньні, вынесеныя Міністэрствам інфармацыі недзяржаўным СМІ. Апісваючы агульную сытуацыю са сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі, аўтары дакумэнту зьвяртаюць увагу на дамінаваньне "падкантрольных дзяржаве СМІ" на мэдыйнага рынку, крымінальны перасьлед журналістаў па абвінавачаньні ў зьнявазе прэзыдэнта і беларускае заканадаўства аб СМІ, якое дае шырокія паўнамоцтвы уладным структурам.

"Журналісцкія аб''яднаньні, якія прысутнічалі на сустрэчы ЭФЖ, патрабуюць ад дзейнай улады спыніць шчыльны кантроль мэдыйнай сфэры Беларусі. Беларускаму народу тэрмінова патрабуюцца рэформы заканадаўства аб СМІ, якое адпавядала б агульнаэўрапейскім стандартам свабоды прэсы, паважала незалежную журналістыку і абараняла свабоду выказваньняў у беларускім грамадзтве", – гаворыцца ў дэклярацыі.

Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў – найбуйнейшая рэгіянальная арганізацыя Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў, якая прадстаўляе інтарэсы каля 280 тысяч журналістаў больш за 30 краінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG