Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пасьля аб’яднаўчага зьезду сацыял-дэмакратаў узьніклі новыя спрэчкі


Уладзімер Глод, Менск Станіслаў Шушкевіч не прызнаў легітымнасьці праведзенага 10 красавіка зьезду БСДГ, на якім дэлегаты зьнялі яго з пасады старшыні і прынялі рашэньне аб самаліквідацыі партыі. Вынікам гэтага стала аб’яднаньне часткі сябраў распушчанай БСДГ з БСДП “Народная грамада”. Аб’яднаную партыю ўзначаліў былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін.

Станіслаў Шушкевіч іранічна адзначае, што гэты зьезд можна было б пры жаданьні назваць 30-м ці 45-м зьездам КПСС:

(Шушкевіч: ) “Бальшыня тых суполак, ад імя якіх яны праводзілі зьезд, даўно зьнятыя зь уліку. Другое: нават калі б іх лічбы адпавядалі рэчаіснасьці, дык зьезду ніхто не праводзіць бязь ведама нашай Цэнтральнай рады, бязь ведама рэвізійнай камісіі, бязь ведама астатніх суполак. Так што казаць пра тое, што адбыўся зьезд, можа толькі такі чалавек, такі траянскі конь, як Кароль”.

Аднак сам Аляксей Кароль, які быў адным з арганізатараў зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, перакананы, што ўсё адбылося паводле статуту:

(Кароль: ) “Зьезд быў абсалютна легітымны. Рашэньне аб правядзеньні пазачарговага зьезду было прынятае на патрабаваньне дзьвюх трацінаў нашых суполак, якія пастаўленыя на ўлік у органах юстыцыі. І на зьезьдзе было прадстаўлена 36 з 46 суполак ад зарэгістраваных у органах юстыцыі. Было больш за дзьве траціны”.

Згодна зь дзейным заканадаўствам падобныя спрэчкі ацэньвае Міністэрства юстыцыі Беларусі. Кіраўнік управы грамадзкіх арганізацыяў гэтага ведамства Алег Сьліжэўскі паведаміў: пакуль ніякіх дакумэнтаў аб правядзеньні пазачарговага зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады да яго не паступала:

(Сьліжэўскі: ) “У любым выпадку дакумэнты аб самаліквідацыі партыі яны павінны прадставіць нам. А мы ўжо будзем вывучаць і ацэньваць, наколькі ўсё адпавядала статуту”.

Уладзімер Нісьцюк, першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” падкрэсьлівае, што аб’яднаньне, якое адбылося 10 красавіка, палітычнае, хаця фармальна яно выглядае як уліваньне адной партыі ў склад другой. Такая формула невыпадковая — яна дае юрыдычную падставу не рэгістраваць аб’яднаную партыю ў Міністэрстве юстыцыі.

(Нісьцюк: ) “Мне бачыцца, што ўчора было прынятае больш палітычнае рашэньне. І кропка пастаўлена ня столькі ў выбарах старшыні партыі, колькі ў шматмесячнай, амаль двухгадовай праграме аб’яднаньня дзьвюх сацыял-дэмакратычных партыяў. І ў гэтым сэнсе палітычнае рашэньне мае большую вагу і большую значнасьць для сацыял-дэмакратыі, чым рашэньне юрыдычнае”.

Тым часам Мікола Статкевіч, які працяглы час ачольваў “Народную грамаду”, у сваім камэнтары акцэнтуе ўвагу на тым, што ўлады перашкаджалі правядзеньню гэтага зьезду, які прайшоў на вуліцы:

(Статкевіч: ) “Я думаю, што тут усіх павінна цікавіць толькі адно — у нашай краіне людзі пазбаўленыя права на свабоду сходаў. Легітымна гэта з пункту гледжаньня партыйнага ці не, адступае на другі плян”.
XS
SM
MD
LG