Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень 28-ы: да галадоўкі далучыўся былы супрацоўнік падатковай інспэкцыі


Сяргей Астраўцоў, Ваўкавыск 28-ы дзень галадае ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Ён адчувае сябе даволі кепска. Пагоршыўся стан здароўя і некаторых іншых галадоўнікаў. Сёньня ж да акцыі далучыўся яшчэ адзін чалавек — гэта былы супрацоўнік падатковай інспэкцыі Анатоль Дзешка.

Мэдыкі з хуткай дапамогі засьведчылі, што асабліва пагоршыўся стан двух чалавек. Адзін зь іх — Аляксандар Ларын, які галадае 22-гі дзень. Яму 32 гады, ён працаваў на грузавой машыне ў фірме “Ніка-транс”, але тры месяцы ўжо бяз працы.

(Ларын: ) “Ну што, трэба класьціся. Ня маюць права выпісваць лекі нейкія моцныя. Толькі ў стацыянары лячыцца. Тут жа ня толькі я, тут яшчэ чалавеку кепска, пажылому аўганцу, сэрца ў яго”.

Аўганец — гэта вэтэран савецка-аўганскай вайны зь Менску Канстанцін Уланаў, які далучыўся да галадоўнікаў тыдзень таму. У Аляксандра Ларына тэрмін значна большы і ён ведае, што яму трэба пад наглядам дактароў прайсьці курс лячэньня. У яго моцныя галаўныя болі, паколькі раней былі траўмы, аднак Аляксандар Ларын гаворыць:

(Ларын: ) “Не, я ня думаю спыняць галадоўку, таму што з боку ўладаў ніякіх дзеяньняў, нічога. Хочуць ахвяры, тады будуць ім ахвяры. Настроены мы ўсе так, што сваімі нагамі адсюль ніхто ня пойдзе”.

У галадоўнікаў застаецца надзея на Генэральную пракуратуру. Ім удалося даведацца, што там падрыхтаваны пратэст на рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду аб штрафных санкцыях супраць фірмы “Ніка-транс”. Аднак гэты пратэст пакуль не падпісвае адзін з намесьнікаў генэральнага пракурора. Кіраўнік прэс-службы пракуратуры Юры Азаронак сказаў мне наступнае:

(Азаронак: ) “Адказ будзе дадзены Аўтуховічу, а калі ён палічыць патрэбным падзяліцца гэтым адказам са сродкамі масавай інфармацыі — гэта ягонае права. Так, тэрміны ёсьць, па-мойму, месяц. Але, натуральна, улічваючы складанасьць гэтай справы адказ будзе дадзены нашмат хутчэй”.

***

Спадар Аўтуховіч мае 22 таксоўкі, кіроўцаў ён наймае ў фірме “Ніка-транс”, якой выстаўлены штраф на 1 мільярд 813 мільёнаў і 529 тысяч рублёў. Улады лічаць, што прадпрыемства аказвае паслугі ў галіне таксі, ня маючы на гэта ліцэнзіі. Але Мікалай Аўтуховіч зазначае, што паміж ім і “Ніка-транс” падпісана дамова аб аказаньні паслугаў па кіраваньні таксоўкамі, да якіх фірма ня мае дачыненьня. Рахунак “Ніка-транс” арыштаваны, і з пачатку году не працуюць сем яе грузавікоў.

***

• 26-ы дзень галадае у Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч. Галадоўнікаў стала на аднаго меней • Дзень 25-ы: галадоўнікаў наведала здымачная група расейскага TV • 24-ы дзень галадоўкі – стан прадпрымальніка Аўтуховіча пагоршыўся (фота)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG