Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У свой час Лукашэнка прыйшоў да ўлады гэтак жа, як Юшчанка і Саакашвілі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Прычыны і наступствы так званых “каляровых” рэвалюцыяў у былых савецкіх рэспубліках па-ранейшаму застаюцца адной з асноўных тэмаў лістоў на “Свабоду”. Нашы слухачы, выказваючы ўласныя меркаваньні наконт нядаўніх падзеяў ва Ўкраіне і Кіргізстане, адначасова разважаюць пра тое, ці магчымая такая ж нечаканая і хуткая зьмена палітычнай сытуацыі ў Беларусі, дзе ўжо на працягу адзінаццаці гадоў існуе і ўмацоўваецца аўтарытарны рэжым.

Ліст на гэтую тэму ад Ільлі Копыла зь Менску:

“Калі я назіраў за кіргізскай рэвалюцыяй, мне прыпомнілася выказваньне Лукашэнкі: “Нам такая дэмакратыя з гвалтам не патрэбна…” Прыкладу дэмакратычнага кіраваньня ў якой-небудзь краіне на постсавецкай прасторы мы ня маем. Магчыма, многія памятаюць, як на пачатку 1990-х гадоў да ўлады ў некаторых рэспубліках прыйшлі кіраўнікі народных франтоў (Эльчыбей у Азэрбайджане і Гамсахурдзія ў Грузіі). Але ўладу яны атрымалі заўчасна, ня маючы досьведу кіраваньня. Камуністы, якія ў асноўным засталіся на сваіх пасадах, шляхам сабатажу стварылі ў гэтых краінах хаос. І ў выніку да ўлады вярнуліся былыя члены Палітбюро ЦК КПСС Аліеў і Шэварднадзэ. Іх бяда, што яны лічылі сябе незаменнымі. Такую ж памылку дапусьцілі Кучма і Акаеў. Яны ўявілі, што ім усё дазволена: зьдзекі зь людзей, з Канстытуцыі, з законаў. Яны не чакалі, што так званыя “маладыя ваўкі” гатовы змагацца за лідэрства да пераможнага канца. Толькі Барыс Ельцын добраахвотна (ці пад прымусам) зразумеў, што далейшае змаганьне за ўладу ня мае сэнсу”.

Далей у сваім лісьце Ільля Копыл зь Менску параўноўвае “каляровыя” рэвалюцыі са зьменай улады ў Беларусі ў 1994 годзе. Ён піша:

“Лукашэнка тады атрымаў уладу на такой жа хвалі — абвінаваціўшы старую ўладу ў карупцыі. Хоць які плён ад таго змаганьня з карупцыяй — усе ведаюць. Але атрымліваецца, можна лічыць, што Лукашэнка — гэта той жа Саакашвілі ці Юшчанка. А мы — наперадзе ўсёй СНД. Калі б Лукашэнка праводзіў іншую палітыку, калі б ён быў сапраўдным беларусам, то мог бы ўвайсьці ў нашу гісторыю са станоўчай адзнакай. Што тычыцца нашай апазыцыі, дык яна ня горшая, чым ва Ўкраіне. Там лёс рэжыму Кучмы вырашыла насельніцтва, у асноўным заходнія ўкраінцы, якія адмоўна ставяцца да русіфікацыі. Беларусам жа трэба чакаць таго часу, калі Лукашэнка давядзе нас да становішча кіргізаў”.

Вы, спадар Копыл, паўтарылі некаторыя высновы самога Аляксандра Лукашэнкі, агучаныя ім неўзабаве пасьля перамогі “аранжавай” рэвалюцыі ў Кіеве. Ён тады таксама выказаўся ў тым сэнсе, што ў Беларусі рэвалюцыя нібыта ўжо адбылася ў 1994 годзе, а ён яе ўзначальваў, супрацьстаяўшы ранейшай уладзе. Параўнаньне, на маю думку, некарэктнае. І ня толькі таму, што Аляксандар Лукашэнка ніколі ні на словах, ні на справе не адстойваў дэмакратычных каштоўнасьцяў (адрозна ад тых жа Юшчанкі ці Саакашвілі). Згадайце, ці выйшаў тады, напрыклад, пасьля першага туру прэзыдэнцкіх выбараў хоць хто-небудзь на плошчу, дамагаючыся прызнаньня перамогі Лукашэнкі і пратэстуючы супраць фальсыфікацыяў улады на карысьць Кебіча? Лукашэнка перамог дзякуючы таму, што ў Беларусі ў той час дзейнічала параўнальна дэмакратычная сыстэма выбараў і падліку галасоў: не было моцнай цэнтралізаванай улады аўтарытарнага прэзыдэнта. Ва Ўкраіне ж і ў Грузіі ўсё было зусім па-іншаму.

Не выпадае прыпадабняць цяперашнюю беларускую сытуацыю і да кіргізскай. І ня толькі таму, што непараўнальны эканамічны ўзровень разьвіцьця дзьвюх гэтых краінаў. У Кіргізстане пры Акаеву быў параўнальна мяккі аўтарытарны рэжым, са слабымі сілавымі структурамі, з даволі самастойным парлямэнтам. У вырашальны момант прэзыдэнт Акаеў не наважыўся ўжыць сілу — нават супраць ня надта мірных дэманстрантаў. У Беларусі сытуацыя кардынальна іншая.

Наступны ліст — якраз з Украіны, ад відавочца “аранжавай” рэвалюцыі Віктара Галіцкага з гораду Камянца-Падольскага Хмяльніцкай вобласьці. Слухач піша:

“Мой бацька, удзельнік вайны Пётар Паўлавіч Галіцкі, колькі я сябе памятаю, заўсёды казаў: “Віктар, настане час — і Савецкі Саюз разваліцца”. Так і здарылася ў 1991 годзе. Іншая рэч, што ня так стала, як хацелася. Яшчэ гадоў празь пяць-шэсьць бацька зноў кажа: “Я ўпэўнены, што дажыву да таго дня, калі мы будзем выбіраць сапраўды народнага прэзыдэнта!” Зь вялікімі цяжкасьцямі — і гэта спраўдзілася. Летась у сьнежні бацька (ён інвалід І-й групы) са сьлязамі на вачах папрасіў узяць таксоўку і завезьці яго на наш мясцовы Майдан, дзе адбываліся мітынгі, стаялі намёты і г.д. І ён, стоячы на Майдане, плакаў пад гукі Гімну Ўкраіны. Гэта трэба было бачыць! Веру, што вынікі нашай Памаранчавай рэвалюцыі ўрэшце будуць станоўчымі.

Дарэчы, тата, колькі я памятаю, заўсёды слухаў Радыё Свабода. Хаця ў той час гэта было вельмі складана — заміналі “глушылкі”. Уцягнуўся ў гэтую справу і я. Так што пра галадамор ва Ўкраіне, пра псыхушкі для іншадумцаў я ведаў задоўга да галоснасьці. Часта зь цікавасьцю слухаю Беларускую Свабоду. Мова зразумелая, ды і чутнасьць на кароткіх хвалях някепская. Паверце, што тут, ва Ўкраіне, нам неабыякава, што адбываецца ў суседзяў. У Беларусі я бываў толькі праездам. Прыгожая прырода, добразычлівыя людзі. А вось рэчаіснасьць, як я ведаю з мэдыяў, засмучае. Зрэшты, як пакуль што і ў нас, ва Ўкраіне”.

Многія ў Беларусі, спадар Галіцкі, зь вялікім зацікаўленьнем і надзеяй сачылі за тым, як украінскі народ на вуліцах і плошчах адстойваў сваё права на справядлівыя выбары летась у лістападзе і сьнежні. Для людзей, якія спадзяюцца на хуткія палітычныя зьмены ў Беларусі, вельмі важна, каб украінцы не расчараваліся ў сваёй рэвалюцыі, каб новая ўлада там выканала абяцаньні і не падманула надзеяў мільёнаў украінцаў. Шкада, што вы ў сваім жыцьці зьменаў пакуль не заўважаеце. Хоць, зрэшты, яшчэ зусім мала часу мінула дзеля таго, каб рабіць нейкія сур’ёзныя грунтоўныя высновы адносна эфэктыўнасьці новай украінскай улады.

На заканчэньне ліст ад Міколы Віцязя з гораду Белаазёрску Бярозаўскага раёну. Слухач даслаў нам вершаваны твор пра Зянона Пазьняка, якога лічыць нацыянальным героем і геніяльным палітыкам. У сваім лісьце Мікола Віцязь піша:

“Гэта не панэгірык Зянону Пазьняку, гэта пратэст супраць спадара Жданка, які ўжо сьпісаў Пазьняка як палітыка праз эфір Радыё Свабода, сказаўшы, што час Пазьняка нібыта мінуў. Але нешта я пакуль ня бачу сярод апазыцыянэраў (многія зь якіх, дарэчы, былі памагатымі Лукашэнкі) такіх жа пасьлядоўных і адданых справе незалежнасьці Беларусі асобаў, як Зянон Пазьняк. Затое чамусьці Аляксандар Фядута займае адпаведнае месца ў дыскусіях на Радыё Свабода. Той Фядута, які дапамагаў Лукашэнку ўзабрацца на ўладны трон, які ня выступіў супраць русіфікатарскіх ганебных рэфэрэндумаў.

Калі я наведваў Народны ўнівэрсытэт у горадзе Бяроза, які арганізаваў спадар Голубеў, то аднаго разу ў 2001 годзе Фядута амаль паўтары гадзіны абліваў брудам Пазьняка, гэтага нацыянальнага барацьбіта супраць антыбеларускага рэжыму. А што адказаў Жданко, калі я спытаў Радыё Свабода, чаму на дыскусію аб выбарах не паклікалі Зянона Пазьняка? Гэта быў адказ журналіста з савецкай мэнтальнасьцю — маўляў, гэта ўжо не актуальна”.

У сваіх праграмах, спадар Віцязь, мы імкнемся даваць слова палітыкам і палітолягам розных перакананьняў і пазыцыяў, ня толькі тым, якія падзяляюць погляды Зянона Пазьняка. Бо толькі ведаючы разнастайныя (у тым ліку процілеглыя) пункты гледжаньня, нашы слухачы змогуць самастойна сфармаваць уласную пазыцыю адносна грамадзка важных зьяў і праблемаў. Таму ў нашым эфіры будуць гучаць і Зянон Пазьняк — і Аляксандар Фядута, і Анатоль Лябедзька — і Сяргей Калякін…

Усё залежыць ад інфармацыйных падставаў, якія ствараюць сваёй дзейнасьцю палітыкі, ад канкрэтных падзеяў і фактаў. Пагадзіцеся, спадар Віцязь, было б ня надта дарэчы запрашаць таго ж Зянона Пазьняка ў якасьці экспэрта пры абмеркаваньні, напрыклад, апошніх акцыяў апазыцыі, за якімі спадар Пазьняк калі і назіраў, то па кароткіх сюжэтах у замежных тэленавінах. Іншая рэч, калі весьці размову пра падзеі ў Беларусі, напрыклад, на пачатку 1990-х гадоў, калі Зянон Пазьняк жыў у Беларусі і меў магчымасьць актыўна ўплываць на палітычныя падзеі ў краіне.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Эдуард Тобін са Смалявічаў, Мікола Канаховіч з Пружанаў, Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну і Анатоль Жэрдзеў з Гомелю. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG