Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін''юст падаў пазоў аб ліквідацыі НІСЭПД


Валер Каліноўскі, Менск Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі рэспубліканскага аб’яднаньня “Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў” — аднаго зь вядучых недзяржаўных аналітычных цэнтраў Беларусі. Разгляд справы прызначаны на 12 красавіка.

Актыўны ціск на НІСЭПД з боку Мінюсту і іншых органаў улады, у тым ліку праваахоўных, пачаўся яшчэ летась. Ён стаў наступствам публікацыі вынікаў сацапытаньняў, зьвязаных з кастрычніцкім рэфэрэндумам, якія не спадабаліся ўладам. У канцы мінулага году Мінюст вынес папярэджаньне НІСЭПД за адмову падаць анкеты аднаго з агульнанацыянальных сацапытаньняў. Сёлета ў лютым інстытут спрабаваў абскардзіць гэтае папярэджаньне ў судзе, паколькі палічыў такія патрабаваньні незаконным умяшальніцтвам у сваю дзейнасьць, але справу прайграў. У пазове ў Вярхоўны суд Мін''юст абвінавачвае інстытут у паўторным зьдзяйсьненьні дзеяньня, за якое было вынесенае папярэджаньне, — за адмову падаць органу рэгістрацыі ўзоры анкетаў. У пазове дзесяць старонак тэксту з рознага роду прэтэнзіямі Мін''юсту да НІСЭПД за апошнія два гады.

Такое разьвіцьцё падзеяў ня стала нечаканасьцю для дырэктара інстытуту Алега Манаева, які глыбока перакананы ў законнасьці дзеяньняў інстытуту.

(Манаеў: ) “Мы не парушаем ніякіх законаў і нормаў, ні прававых, ні маральных, мы выконваем тую місію, якая і запісаная ў нас у статуце зь першых дзён нашага існаваньня, з пачатку лютага 1992 году: садзеяньне фармаваньню грамадзянскай супольнасьці, дэмакратыі, рынкавай эканомікі ў незалежнай Беларусі пры дапамозе сацыяльных дасьледаваньняў. Менавіта гэта стала галоўным раздражняльным фактарам для ўлады пасьля кастрычніцкага рэфэрэндуму”, — сказаў прафэсар Манаеў.

Адвакат Вера Страмкоўская будзе абараняць інтарэсы НІСЭПД у Вярхоўным судзе. Яна лічыць, што сам пазоў Мінюсту ў суд не адпавядае дзейнаму заканадаўству, прэтэнзіі недакладныя.

(Страмкоўская: ) “Заява павінна быць складзена такім чынам, каб было дакладна адзначана, якія прэтэнзіі ад пазоўніка, якія факты, на чым грунтуюцца гэтыя патрабаваньні, якія доказы”.

Такім чынам, адвакат Вера Страмкоўская лічыць, што патрэбна найперш удакладніць пазоўную заяву Мін''юсту аб ліквідацыі НІСЭПД.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG