Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БДГ” і Ірына Халіп мусяць заплаціць мільёны амэрыканцу Аркадзю Мару


Любоў Лунёва, Менск 50 мільёнаў рублёў спагнаў Кастрычніцкі суд Менску зь “Белорусской деловой газеты” і 10 мільёнаў з журналісткі Ірыны Халіп на карысьць галоўнага рэдактара амэрыканскага выданьня “Русская Америка” Аркадзя Мара. Замежны журналіст, пра якога пісала Ірына Халіп у артыкуле “У Аклагоме так і не даведаюцца пра Лукашэнку”, палічыў сябе абражаным і прасіў суд спагнаць з аўтаркі і газэты 1 мільён даляраў. Але суд гонар і годнасьць Аркадзя Мара ацаніў на 28 тысяч даляраў. І гэтай сумы дастаткова, каб закрыць газэту.

Самога Аркадзя Мара ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску не было, ягоныя інтарэсы прадстаўляла адвакат з Фрунзенскай калегіі. Яна прынесла з сабой два нумары “Руской Америки”, патлумачыўшы, што такая газэта існуе.

Адвакат у судзе выказвалася і наконт вялікай сумы пазову — 1 мільён даляраў. Яна спаслалася на тую абставіну, што яе давернік зьяўляецца грамадзянінам ЗША, а там такія сумы зьяўляюцца нормай у судовай практыцы.

Аўтарка артыкулу Ірына Халіп у судзе даводзіла, што газэта, якую выдае Мар, не зьяўляецца масавай і ўплывовай, і што аўтар інтэрвію з Лукашэнкам атрымаў не матэрыяльнае ўзнагароджаньне, а бясплатную рэкляму.

Ірына Халіп свой артыкул прысьвяціла пэрсоне Аркадзя Мара і ягоным стасункам зь першымі асобамі ў постсавецкіх краінах. У публікацыі Халіп надала журналісту характарыстыку авантурыста.

Судзьдзя Ганна Булаш задаволіла пазоў Аркадзя Мара часткова: яна паменшыла суму да 60 мільёнаў рублёў, зь якіх 10 мусіць заплаціць аўтарка артыкулу, а 50 — рэдакцыя газэты.

Ірына Халіп упэўненая ў тым, што судовае разьбіральніцтва насамрэч спатрэбілася выключна дзеля таго, каб спыніць дзейнасьць незалежнай газэты:

(Халіп: ) “Справа ў нашых уладах, якія вырашылі такім чынам нанесьці чарговы ўдар па “Белорусской деловой газете” і, шчыра кажучы, ужо зьнішчыць яе канчаткова. Таму што 50 мільёнаў, вы ж, ведаеце, такой сумы газэта ня можа заплаціць. Яшчэ да пачатку судовага разьбіральніцтва мы ўжо атрымалі афіцыйную інфармацыю, што ніякі Мар тут увогуле не прысутнічае, а гэта камбінацыя, якую распрацаваў спадар Праляскоўскі, каб канчаткова зьнішчыць “БДГ”. Такім чынам, для мяне нічога незвычайнага сёньня не адбылося. Мы ўсе гэтага чакалі”.

Галоўны рэдактар Пётра Марцаў паведаміў, што газэту неаднойчы намагаліся зьнішчыць, але, на ягоную думку, каб зьнішчыць брэнд “БДГ”, трэба спачатку зьнішчыць яе аўдыторыю, сярод якой дзяржаўныя чыноўнікі, у тым ліку з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

(Марцаў: ) “Безумоўна, тут мае месца абарона гонару мундзіра. Людзі, якія рэкамэндавалі прэзыдэнту такую піяр-акцыю, намагаюцца абараніць свой гонар. Я ня ведаю, ці сам Праляскоўскі знайшоў гэтага пісьменьніка, але, як галоўны па ідэалёгіі, мусіў зацьвердзіць гэтую акцыю. Цяпер яны намагаюцца рабіць добрую міну пры кепскай гульні. Ніхто дрэнна пра Мара ня думае. У кожнага чалавека свой хлеб. А тут прадставіўся такі выпадак. Ён казаў, што ў яго ўплывовая і вялікая газэта. Людзі з адміністрацыі насамрэч і аказалі прэзыдэнту мядзьведжую паслугу. Цяпер зручны момант, каб расправіцца з нашай газэтай. Гэтая сума, як і для кожнай незалежнай газэты, даволі вялікая. Але газэту зачыняй-не зачыняй, яна ўсё роўна будзе выходзіць”.

Рэдакцыя “БДГ” будзе абскарджваць судовае рашэньне ў вышэйшых інстанцыях, каб зьменшыць суму задаволенага пазову.
XS
SM
MD
LG