Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вырошчваць гародніну на лецішчах робіцца невыгодна


Сьвятлана Курс, Менск Настала гарачая пара для садаводаў і агароднікаў Беларусі, якіх, калі верыць статыстыцы, больш за 4 мільёны. Наша менская карэспандэнтка высьвятляла, што людзі садзяць і сеюць на ўласнай зямлі, за якую сёлета шмат каму давядзецца заплаціць немалыя падаткі.

Летась 8 кастрычніка палата прадстаўнікоў зьмяніла закон “Аб выплатах за зямлю”. Памер падатку за зямлю ў Менскім раёне падвысіўся з 1800 рублёў да 20,5 тыс. рублёў за гектар штогод, то бок, болей чым у 10 разоў. А тыя дзялкі, якія не зьяўляюцца прыватнай уласнасьцю, сталі каштаваць ажно ў 150 разоў болей. Напрыклад, за дзялку ў 4-6 сотак, якая знаходзіцца за 10-15 км у Менску, давядзецца плаціць ад 350 да 500 тысячаў рублёў.

Робіцца невыгодна вырошчваць гародніну на лецішчах. Гэта, на думку спэцыялістаў, прывядзе да перадзелу прэстыжнай і дарагой прыгараднай зямлі. Магчыма, нашыя непрыгожыя садовыя таварыствы зусім зьнікнуць як зьява. Яны непрыгожыя, але кармілі небагатых людзей.

Што ж сёлета садзяць людзі на сваіх дзялках? Хаця ў выходныя электравікі як і раней забітыя дачнікамі, іхны выгляд і інтарэсы зьмяніліся. Дачнікі лепей апранутыя, экіпіраваныя, і садаводзтва стаецца хутчэй хобі, чым прыбыткам. Гэта датычыцца і сялян. Яны праяўляюць інтарэс да гатунковага насеньня і культуры садаводзтва. Людзі вучацца інтэнсіўнаму, а не экстэнсіўнаму земляробству, рацыянальнаму выкарыстаньню зямлі.

Расьце каталёжнае распаўсюджваньне гатунковых насеньня і саджанцаў, расьце і сетка прыватных і дзяржаўных гадавальнікаў і крамаў. Распавядаюць жыхары дачных вёсак пад Менскам:

(Галасы: ) “У нас то выпісваюць. І “Новафлёра”, і “Агранасенгародніна”, і ў цётак з часопісаў. А я навыпісвала і салатаў, і шпінатаў, і травы прыпраўнай, і кветак столькі. І шмат вясковых людзей гэтым займаюцца, адзін з адным дзеляцца".

"Што саджаць невядома колькі гэтых агуркоў, а потым невядома дзе падзець гэтыя слоікі?"

"У бабулек ніколі не купляю, бо там вельмі дрэннае насеньне".

"Астру купіла, надта ж астра летась добрая была!"

"Я адной астры купіла, і не ў бабак, бо ў іх адна трава”.

Некаторыя садаводы, аднак, наракаюць на якасьць пасадкавага матэрыялу. Гаворыць кветкаводка-прыватніца Мая Косьціна.

(Мая Косьціна: ) “Купляю польскі пасадкавы матэрыял. Кепская ўзыходзіць, бывае, не адпавядае гатункам. Крамы напоўненыя чужой прадукцыяй. А нашыя цяплічныя гаспадаркі развальваюцца”.

Культ садаводзтва разьвіваецца ў кожнай краіне, дзе людзі маюць вольны час і трохі вольных грошай. Гэта адно з самых дэмакратычных хобі. Кветкаводка і дызайнэрка Сьвятлана Глазкова, стваральніца сайту клюбу кветкаводаў klumba.by, гаворыць:

(Глазкова: ) “У Эўропе культ садаводзтва быў заўжды. Але апошнім часам Эўропу ахапіў нейкі бум. “Зялёная тэма” зьмяніла стаўленьне людзей і да сябе, і да эканомікі. У пост-індустрыяльнай краіне квітнее той, хто капіюе біялягічнае ўладкаваньне жыцьця. Той, хто не прытрымлівае інфармацыю, а перадае яе, не застывае ў абранай форме, а пастаянна зьмяняецца – як дрэва, кветкі, травы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG