Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кіраўніка былой дэпутацкай групы "Рэспубліка" ўлады зьбіраюцца апісаць маёмасьць


Уладзімер Глод, Менск Сяргей Скрабец, які ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня ачольваў дэпутацкую групу "Рэспубліка", зь дня на дзень чакае судовых выканаўцаў. Яны павінны апісаць маёмасьць былога дэпутата, паколькі той мусіў да 1 красавіка павінен быў выплаціць штраф у памеры 200 базавых велічыняў (гэта больш за дзьве тысячы даляраў). Адтэрміноўка дзён на 10-15, якую паабяцалі судовыя выканаўцы, таксама ўжо заканчваецца. Чым так правініўся экс-парлямэнтар, што ягоныя дзеяньні пацягнулі аж на дзьве тысячы даляраў?

Гарадзенскі суд палічыў Сяргея Скрабца адным з арганізатараў страйку прадпрымальнікаў у Горадні. Пад улёткай з заклікам да мясцовых прадпрымальнікаў сапраўды ёсьць ягоны подпіс. Дарэчы, у той час спадар Скрабец балятаваўся ў якасьці кандыдата па 52-й Гарадзенскай выбарчай акрузе, дзе было вакантнае дэпутацкае месца ў Палаце цяперашняга скліканьня, і таму ён часта бываў у Горадні.

Сяргей Скрабец тлумачыць, што дазвол на выкарыстаньне свайго подпісу ён сапраўды даваў. Але гэта было за месяц да пачатку мітынгу, у якім экс-дэпутат ня ўдзельнічаў і на які, як ён быў упэўнены, мясцовыя ўлады дадуць дазвол. Больш таго, падчас акцыяў прадпрымальнікаў спадара Скрабца наагул не было ў Беларусі. А калі ён вярнуўся, высьветлілася, што ён вінаваты.

Аднак суд да гэтых аргумэнтаў не прыслухаўся. А судовы выканаўца мусіць цяпер рабіць сваю справу, сьцьвярджае спадар Скрабец:

(Скрабец: ) "Жанчына-выканаўца, я быў у яе, размаўляў. Яна мне гаворыць: "Вашая справа на кантролі. І хаця я разумею, чаму так адбываецца, мне трэба прымаць адпаведныя захады. Інакш мяне з працы звольняць".

Да ўчорашняй размовы з Сяргеем Скрабцом я быў упэўнены, што ён атрымлівае дапамогу па беспрацоўю. Але самае дзіўнае, што ён ня бачыў яе ніводнага разу. І вось як былы дэпутат распавядае пра гэтую сытуацыю:

(Скрабец: ) "Мне штомесяц прыходзілі паперы з тлумачэньнямі, чаму мне не даюць дапамогу".

(Карэспандэнт: ) "І чым яны тлумачылі?"

(Скрабец: ) "Прычыны – розныя. Адзін раз ня ў той час прыйшоў на рэгістрацыю. Другі – дрэнна працаваў на сховішчы гародніны".

(Карэспандэнт: ) "А як вызначалі, добра ці дрэнна?"

(Скрабец: ) "Я ня ведаю. Трэці раз яшчэ нешта прыслалі. Яны давалі мне накіраваньні. Я езьдзіў па ўсім горадзе, у міністэрствы розныя. А мне паўсюдна пішуць прычыну адказу – няма патрэбнай кваліфікацыі. Нават інспэктарам па ахове працы не ўзялі. Дзьве вышэйшыя адукацыі маю, а гэтага не хапае, каб стаць звычайным інспэктарам. У мяне чаравікі адны, я стапчу іх туды хадзіць".

Але ж Аляксандар Лукашэнка абяцаў працаўладкаваць былых дэпутатаў. Як склаўся лёс тых парлямэнтароў, якія не патрапілі гэтым разам у склад Палаты?

Некалькі прыкладаў: дэпутат Валянцін Папруга з Гомельскай вобласьці за пяць год амаль ніколі не выходзіў на трыбуну. І што? Цяпер ён чыноўнік у той жа палаце – кіраўнік аддзелу ў справе забеспячэньня аграрнай камісіі. Вярнуўся з падвышэньнем у пасадзе на свой Беларускі мэталюргічны завод Іван Мельнікаў. Галоўным "вэртыкальшчыкам" раённага ўзроўню прызначаны Міхаіл Анікееў.

А вось сябры дэпутацкай групы "Рэспубліка" – і той жа Парфяновіч, і Пашкевіч, і Баслык, і іншыя – да гэтага часу сярод беспрацоўных. Я спрабаваў атрымаць нейкую агульную карціну ў гэтай справе. Аднак кіраўнік аддзелу кадраў Палаты прадстаўнікоў Валеры Рэут, да якога мяне дружна адрасавалі іншыя чыноўнікі, сказаў, што ён такой інфармацыі не мае:

(Рэут: ) "Я пытаньнямі працаўладкаваньня не займаюся. Мне такіх даручэньняў не давалі. Гэта даручэньне аблвыканкамам і гэтак далей".
XS
SM
MD
LG