Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як знаёмяцца беларусы зь беларускамі


Галіна Жарко, Менск Беларусаў становіцца меней. Па прагнозах ААН, да сярэдзіны стагодзьдзя нас застанецца шэсьць мільёнаў. Але айчынныя дэмографы мяркуюць, што, калі не прымаць тэрміновых мер на дзяржаўным узроўні, беларусаў застанецца толькі чатыры мільёны. Прыватная справа – стварыць сям’ю, нарадзіць дзяцей – набывае дзяржаўнае значэньне. Але пачынаецца ўсё са звычайнага знаёмства...

Сонечныя веснавыя дні, павінны быццам бы ў нейкай ступені спрыяць выпраўленьню дэмаграфічнай сытуацыі. Моладзь актыўна знаёміцца, а шлюбы й нараджэньне дзяцей – лягічны працяг рамантычных знаёмстваў, на якія сапраўды “правакуе” вясновае надвор’е.

Большасьць мужчын і жанчын кожнага пакаленьня рана ці позна ўступае ў шлюб. Паводле перапісу насельніцтва 1999 году, ва ўзросьце 55-59 гадоў толькі 3% грамадзянаў працягвалі заставацца самотнымі. Гэта – дадзеныя з Нацыянальнай справаздачы “Беларусь: 10 гадоў пасьля міжнароднай Каірскай канфэрэнцыі па народанасельніцтву й разьвіцьцю”. Але ўсё ж вясельляў, паводле статыстыкаў, сталі граць меней. У 1990 годзе было зарэгістравана 99,2 тысячаў шлюбаў, а ў 2000 ўжо толькі 62,5 тысячаў. Людзей стала менш.

Кажуць, што шлюбы ладзяцца на нябёсах. Але пазнаёміцца людзі павінныя ўсё ж на зямлі. Як знаёмяцца маладыя людзі зараз? Мінулі часы, калі нявест выбіралі на вячорках або на балах, куды больш высакародная публіка вывозіла дачок. Паводле меркаваньня псыхолягаў, моладзь у большасьці зараз раскаваная, яна й прыцягвае ўвагу, але й нясьмелых, якія й хацелі б зь некім пазнаёміцца, але ня могуць, вельмі шмат.

Паслухаем намесьніцу дырэктара Менскага гарадзкога цэнтра сацыяльнага абслугоўваньня сям’і й дзяцей, псыхоляга Жану Міцкевіч:

(Міцкевіч: ) “Чалавеку з унутранымі бар''ерамі, няздольнаму да камунікацыі цяжка гэта зрабіць. Адна з прычынаў, калі бацькі ставяць псыхалягічную ўстаноўку на тое, што ты ня ўмееш нічога рабіць добра, ты – няўдака. Для такога чалавека дзіва, калі на яго зьвернуць увагу. Да нас зьвяртаюцца людзі, якія маюць жаданьне пазнаёміцца, але перашкаджае страх”.

Існуе такі тэрмін – “шлюбны кірмаш”... Ці роўная колькасьць “жаніхоў” і “нявест”? Паводле статыстыкаў, у Беларусі ў 2001 годзе на 1000 мужчын прыходзілася 1131 жанчына, а гэта – сьведчаньне асымэтрычнага разьвіцьця полавай структуры насельніцтва. Ня варта забывацца, праўда, што бабулі жывуць даўжэй за дзядуляў. І жанчын сярэдняга веку таксама болей за мужчынаў. Але “жаніхоў” і “нявест” маладога веку прыкладна пароўну.

Праблемаю, праўда, можна назваць скіраваныя за мяжу надзеі беларускіх дзяўчат. Паслухаем Юлю.

(Юля: ) “Я думаю, што трэба шукаць недзе ў інтэрнэце і па-за межамі гэтае краіны. Паводле досьведу сябровак, бачу, што гэта мае плён. Няма 100% верагоднасьці, што сустрэнеш свайго чалавека, але нашыя жанчыны разбэсьцілі мужчынаў. Прыгожых жанчын, якія й разумныя, й працавітыя, глядзяць і за сабою і за дзецьмі і за мужам, вельмі шмат. І мужчыны ўпэўненыя, што нават калі яны гэтага не цэняць, празь некаторы час знойдуць яшчэ каго-небудзь”.

Знаёмства праз інтэрнэт зараз вельмі распаўсюджанае сярод моладзі... Нават і ня з мэтаю знайсьці замежніка, каб удала выйсьці замуж... І ня толькі сярод моладзі. Вось як нечакана павярнулася размова, калі я запыталася аб тым як знаёміцца сучасная моладзь, маці амаль дарослага хлопца, літаразнаўцу Ганну Кісьліцыну:

(Кісьліцына: ) “Я працягваю знаёміцца больш, чым мой хлопчык. Мне здаецца, што размова ў чатах значна больш інтэлектуальная, чым тусоўка ці хаджэньне па парку. Бо ў інтэрнэце гарачага дыханьня ня чуеш, кроў не бурліць. І ты бачыш чалавека якраз з інтэлектуальнага боку. Там узьнікае каханьне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG