Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Салідарнасьць”: ідэя Саюзнай дзяржавы – “рэзэрвовы полк”


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

Газэта “Салідарнасьць” у сьвежым нумары аналізуе беларуска-расейскія ўзаемадачыненьні. Яна зазначае, што з прыходам да ўлады ў Расеі Ўладзімера Пуціна будаўніцтва Саюзнай дзяржавы было замарожана, і некаторыя аналітыкі ўжо лічаць неактуальнай праблему незалежнасьці Беларусі. Паводле выданьня, гэта пасьпешлівая выснова. Ідэя Саюзнай дзяржавы нагадвае “рэзэрвовы полк”, які сёньня ня адыгрывае ніякай палітычнай ролі, аднак у любы момант можа спатрэбіцца, каб уступіць у бой. Таму “Салідарнасць” ня выключае што Крэмль, які ўсур''ёз заклапочаны сэрыяй “рэвалюцыяў” у краінах СНД, можа паскорыць далучэньне Беларусі да Расеі, каб засьцерагчыся ад яшчэ адной “рэвалюцыі”. Газэта дадае да гэтага, што, паводле некаторых зьвестак, у часе нядаўняй сустрэчы лідэраў гэтых краінаў у Сочы Пуцін запатрабаваў ад Лукашэнкі фарсіраваць будаўніцтва Саюзнай дзяржавы.

Газэта “Информ-прогулка”, якая выдаецца ў Лунінцы, распавядае пра мясцовых дзяцей-сіротаў. Летась у Лунінецкі сацыяльны прытулак паступіла 56 дзетак. Газэта ўдакладняе, што фактычна ўсе яны сталі сіротамі пры жывых бацьках, якія ёсьць алькаголікамі. Прычым, колькасьць сем’яў на Лунінеччыне, дзе дарослыя – п’яніцы, расьце. Яшчэ адна адметнасьць, як вынікае з публікацыі, у тым, што гэтыя сем’і маладзеюць. Таму і ў мясцовым прытулку няма вольных месцаў. Паведамляе “Информ-прогулка” і пра чарговую сэсію Мікашэвіцкага пасялковага савету. На ёй было разгледжана пытаньне пражываньня тут асобаў, які ня маюць беларускага грамадзянства й прапіскі. Гэта пераважным чынам таджыкі, кіргізы й узбэкі. Як гучала на сэсіі, зь іх зьяўленьнем у Мікашэвічах больш вострай стала праблема наркаманіі. Дэпутаты, паводле газэты, прапанавалі міліцыянтам узмацніць працу па выяўленьні грамадзянаў – распаўсюднікаў наркотыкаў, а ў выпадку неабходнасьці – дэпартаваць іх.

“Кур’ер з Барысава” разважае над вынікамі нядаўняга прадпрымальніцкага страйку, мэтай якога быў пратэст супраць увядзеньня падатку на даданую вартасьць для прадстаўнікоў дробнага бізнэсу. Прэзыдэнт і ўрад праігнаравалі патрабаваньні ўдзельнікаў акцыі. Тым ня менш, як лічаць барысаўскія актывісты прадпрымальніцкага руху, у цэлым акцыю нельга лічыць безвыніковай. Найперш, дзякуючы страйку была прыцягнутая ўвага да становішча ў Беларусі дробнага бізнэсу. Яшчэ адзін істотны вынік страйку, паводле “Кур’еру з Барысава” – згуртаваньне прадпрымальнікаў дзеля абароны сваіх інтарэсаў. Таксама іх бліжэйшыя пляны, як зазначае газэта, наўрад ці спадабаюцца ўладам. Калі сытуацыя з падаткам на даданую вартасьць да 1 ліпеня ня зьменіцца і не палепшацца іншыя ўмовы працы дробных бізнэсоўцаў, то яны зьбіраюцца распачаць новыя акцыі пратэсту.
XS
SM
MD
LG