Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампутары і аргтэхніку "Згодзе" дагэтуль не вярнулі


Іна Студзінская, Менск Уціск на незалежныя сродкі масавай інфармацыі працягваецца. У Смаргоні адбыўся суд над распаўсюднікамі мясцовай недзяржаўнай газэты. Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч падаў у суд на “Народную волю” – за абразу ягоных гонару і годнасьці, якія ён ацэньвае ў 200 мільёнаў рублёў. Беларускія друкарні па-ранейшаму адмаўляюцца заключаць дамовы зь недзяржаўнымі мэдыямі, і яны вымушаныя друкавацца ў расейскім Смаленску. У газэты “Згода” незаконна канфіскаваная тэхніка – і гэты сьпіс можна працягваць...

У пятніцу выйшаў чарговы нумар “Згоды”. Але, як сказаў галоўны рэдактар і выдавец газэты Аляксей Кароль, гэта сталася магчымым толькі дзякуючы журналісцкай салідарнасьці, бо кампутары і аргтэхніку дагэтуль не вярнулі.

Нагадаю, 24 сакавіка ў рэдакцыі зьявіліся супрацоўнікі праваахоўных органаў і бяз санкцыі пракурора, без складаньня пратаколу канфіскавалі кампутары і аргтэхніку, нават тую, якую газэце давала ў арэнду амэрыканская амбасада. Міліцыянты патлумачылі, што быццам бы нехта невядомы патэлефанаваў і паведаміў, што у рэдакцыі друкавалі ўлёткі, якія падрываюць аўтарытэт дзяржаўнай улады. І вось ужо больш за два тыдні штодня Аляксей Кароль вядзе перамовы з міліцыяй Партызанскага раёну і пракуратурай.

(Кароль: ) "Ніякіх дакладных адказаў я не атрымаў. Нейкія намёкі, што нешта яны яшчэ шукаюць. Што і як – я ня ведаю. Таму абвінавачваньне, якое вылучалася раней, па якім яны канфіскавалі тэхніку, ня можа быць пацьверджана. Ніякіх улётак мы не выпускалі. Двойчы зьвязваўся з пракуратурай, заява ляжыць, яны па ёй яшчэ працуюць. Але адказу па ёй яшчэ няма. Вусна яны кажуць, што сапраўды ёсьць парушэньне, што не было санкцыі пракурора, што павінен быць выдадзены мне дакумэнт, які б сьцьвярджаў, што кампутары забраныя, арыштаваныя, ці як гэта тлумачыць, я ня ведаю. Тым ня менш, пакуль што тэхніка там".

Пракуратурай парушаны 10-дзённы тэрмін адказу на скаргу: прайшло ўжо 18 дзён. Сёньня спадар Кароль зноў зьбіраецца ў пракуратуру за адказам.

А вось чаму зноў уся незалежная беларуская прэса друкуецца за мяжой? Беларускія друкарні проста адмаўляюцца заключаць дамовы зь незалежнымі выданьнямі. Ніякіх пісьмовых забаронаў, натуральна, няма, але дырэктары друкарняў проста запалоханыя.

Вось і зусім сьвежая навіна – пасьля вымушанага паўгадовага перапынку аднавіла свой выхад газэта “Таварыш” – орган Партыі камуністаў Беларускай. Друкавацца газэта вымушаная ў Смаленску. Камуністам не прывыкаць з часоў ленінскай “Іскры” выходзіць у эміграцыі, жартуюць выдаўцы. Нагадаю, што ў Смаленску друкуюцца і “БДГ”, і ваўкавыская “Местная газета”, і “Салідарнасьць”.

Гаворыць галоўны рэдактар “Салідарнасьці” Аляксандар Старыкевіч:

(Старыкевіч: ) “Канешне, усе тыя праблемы, якія былі, яны ня зьніклі. Але па сёньняшніх умовах, дзякуй Богу, што новыя не зьявіліся. Двойчы беларускія друкарні разрывалі з намі дзеючыя дамовы, таму са студзеня 2004 году мы мусім друкавацца ў Смаленску, і гэта, канешне і па затратах непрыемна, і дастаўка накладу, і праходжаньне праз мытню, і усё такое – карацей, праблематычна”.

А як выжываюць рэгіянальныя выданьні? У бальшыні рэгіянальных газэт вельмі складаныя адносіны зь мясцовымі ўладамі. Чыноўнікі забараняюць распаўсюджваць выданьні праз “Белсаюздрук”, празь мясцовыя крамы. Застаецца адзін шлях – прадаваць газэту праз сваю сетку распаўсюднікаў, якіх пастаянна ганяе міліцыя, накладае штрафы.

І самая вялікая праблема – мясцовыя “вэртыкальшчыкі” забараняюць чыноўнікам, дзяржслужачым, праваахоўным органам даваць інфармацыю незалежным журналістам. Вельмі цяжка здабываць, спраўджваць інфармацыю. На гэта скардзіцца ваўкавыская “Местная газета”, “Борисовские новости”, слуцкі “Інфа-кур’ер”, “Курьер из Борисова”...

Распавядае былы рэдактар закрытай уладамі “Новой газеты Сморгони” Аліна Суравец, якая зараз выдае рэгіянальны смаргонскі дадатак да ваўкавыскай “Местной газеты”.

(Суравец: ) "Цяжка... Інфармацыі не даюць, адусюль праганяюць, усё забараняюць, адносіны проста жудасныя. Нават я б не сказала, што гэта выражаецца ў адносінах з чыноўнікамі, таму што яны з намі ніякіх зносін ня маюць, яны проста адмаўляюцца кантачыць з намі. Гэта на такім ніжэйшым узроўні, паміж людзьмі, якіх ужо даўно ведаеш, зь якімі шмат гадоў працаваў разам, яны проста адварочваюцца. Трэці год такая агрэсіўная палітыка да супрацоўнікаў "Новой газеты Сморгоні". У фінансавым пляне таксама цяжка, 3 гады мы не распаўсюджваемся праз пошту, праз шапікі "Белсаюздруку". Таму наклад быў некалі 10 тысяч, максымальны нават 16 тысяч, а цяпер толькі чатыры з паловай тысячы".

Але ж навідавоку парушэньне і Канстытуцыі, і Закону аб СМІ – наконт права на распаўсюд інфармацыі, на атрыманьне інфармацыі... Што мясцовыя чыноўнікі ня маюць такіх паўнамоцтваў – не даваць інфармацыю, забараняць прадаваць газэты ў крамах – пагаджаюцца нават юрысты з прававога ўпраўленьня Міністэрства інфармацыі і з Міністэрства гандлю. Але ўмешвацца ў дзеяньні мясцовых ўладаў ня хочуць.

Свавольства мясцовых чыноўнікаў у рэгіёнах асабліва адзначае і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, нагадваючы, што прымяняюцца і ўсе ранейшыя мэтады ўціску на прэсу.

(Літвіна: ) "Гэта і палітыка эканамічнай дыскрымінацыі, гэта і недасканаласьць заканадаўства ў галіне СМІ. Але апошнім часам больш праяўляецца такая зьява: прэса, асабліва на месцах, канчаткова стала закладнікам чынавенства, закладнікам бачаньня чыноўнікам заканадаўства. Тое, што адбываецца сёньня на Гарадзеншчыне – вельмі яскравы прыклад гэтай зьявы. Сёньня наагул усю Гарадзеншчыну можна назваць небясьпечнай зонай: і арышты, затрыманьні пікетоўшчыкаў, гэта і закрыцьцё "Біржы інфармацыі", і тое, што адбываецца ў Ваўкавыску вакол "Местной газеты", гэта і падзеі са смаргонскай газэтай".
XS
SM
MD
LG