Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бабруйск (фота)


Ягор Маёрчык, Бабруйск, Магілёўшчына (Эфір 7 красавіка) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Палітычна заангажаваная грамадзкасьць Бабруйску ніяк ня можа вызначыцца, колькі дэмакратычна зарыентаваных дэпутатаў у гарадзкім савеце. Раней іх было двое — настаўнік Алесь Чыгір і дырэктар унітарнага прадпрыемства Вечаслаў Сьвізуноў. А месяц таму колішняга сябра Беларускага Народнага Фронту спадара Сьвізунова прызначылі кіраўніком прадпрыемства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Ленінскага раёну Бабруйску. Былыя паплечнікі абвінавачваюць яго ў здрадзе і ў тым, што ён стаў часткай вэртыкалі. Сам дэпутат пераконвае, што як і раней стаіць на пазыцыях дэмакратыі.

(Сьвізуноў: ) “Ёсьць тры роўні, якія праходзіць любы нармалёвы чалавек: рамантык, фанатык і прагматык. Цяпер я прагматык. У мяне ёсьць тры самыя галоўныя катэгорыі: незалежнасьць, свабода і дэмакратыя. Яшчэ некалькі год таму я быў рамантычна-фанатычным і спрабаваў навязаць свой погляд любому. З гэтага нічога добрага не атрымлівалася. А цяпер я стараюся быць вельмі памяркоўным. Калі прэзыдэнт Лукашэнка гаворыць пра незалежнасьць і сувэрэнітэт, мне гэта падабаецца. Калі ён гаворыць пра энэргетычную і харчовую бясьпеку маёй краіны, мне гэта таксама падабаецца. Нават калі гаворыць, што трэба выкарыстоўваць дровы і пілавіньне — мне гэта таксама падабаецца. Таму я паводжу сябе ў гарсавеце вельмі спакойна”.

Я знаходжуся на Арбаце — так тут празвалі пешаходную вуліцу Сацыялістычную. Новыя мадэрновыя ліхтары асьвятляюць ходнікі, а разам зь імі і стэнды з выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі.

Babrujsk - Бабруйск

Па абодва бакі вуліцы ў старых габрэйскіх дамах месьцяцца нятанныя паводле коштаў гандлёвыя салёны і фірмовыя крамы. А вядзе Сацыялістычная да буйнога кірмашу, дзе пануюць капіталістычныя парадкі — свабода попыту і прапановы, а таксама шалёная канкурэнцыя.

Словазлучэньне “падатак на даданую вартасьць” гандляры ўспрымаюць як лаянку і часам пачынаюць лаяцца ў адказ. Таму мы гутарым на агульнапрадпрымальніцкія тэмы.

(Карэспандэнт: ) “Як пакупніцкая здольнасьць?”

(Спадар: ) “Упала зусім. У гэтым месяцы я ня тое што на нулі ня выйшаў, а нават маю страты. Я сёньня прадаў толькі адную кашулю з кароткім рукавом. А ў мяне ў наяўнасьці 900 адзінак. Гэта нармалёва? Праблемы ёсьць і зь месцамі. Вось пабудавалі купал, а ў ім зімой халодна. Яны яго да розуму не давялі. Ведаеш, як у нас бывае? Дом будуецца, а пра прыбіральню забыліся. А месцы — якія дарагія! За паўтара квадрата плаціш 120 тысяч!”

Цяпер для таго, каб прасачыць эвалюцыйнае разьвіцьцё бабруйскай прыватнай ініцыятывы, прапаную вярнуцца ў мінулае. Чатыры гады таму ўжо тады колішні прадпрымальнік Сяргей Шэндараў апавядаў сваю бізнэс-біяграфію:

(Шэндараў: ) “У сьнежні 1990 году было заснаванае малое прадпрыемства “Рабочы”, якое займалася рамонтна-будаўнічымі работамі. Рабілі мэблю, займаліся інтэр’ерамі. Яно праіснавала дзевяць гадоў — да сьнежня 1999 году. Было зроблена шмат, людзі былі задаволены працаю. Але далей існаваць стала немагчыма, таму што з кожным годам умовы рабіліся цяжэйшыя”.

Сяргей Шэндараў у Бабруйску болей не жыве. Цяпер ён працуе ў аўтакалёне недзе пад Санкт-Пецярбургам.

Не атрымалася сустрэцца і зь яшчэ адным удзельнікам першай праграмы пра Бабруйск з цыклю “Палітычная геаграфія”. Сьцяпан Архіповіч вучыцца ў Кракаўскім унівэрсытэце, а тады ён заканчваў 11-ю клясу і толькі пачынаў сваю грамадзка-палітычную кар’еру.

(Архіповіч: ) “У мяне быў выбар — “Малады фронт”, “Грамадзянскі форум”. Я вырашыў падацца ў “Маладыя сацыял-дэмакраты”, бо там былі ўсе мае знаёмыя. Мы ладзім акцыі, запрашаем моладзь, каб паказаць веліч беларускай нацыянальнай культуры”.

Да нядаўняга часу Сяргей Лацінскі працаваў вартаўніком. Пазьней яго скарацілі. Хлопец назавае сябе прадстаўніком незалежнай моладзевай плыні. Незалежнай, бо не ўваходзіць ні ў якія суполкі.

Babrujsk - Бабруйск

Мы знаходзімся ў двары звычайнага дому. У мяне ў руках мікрафон. Мінакі азіраюцца. Сяргей ставіцца да гэтага спакойна. Кажа, што да зьдзіўленых позіркаў яму не прызвычайвацца.

(Лацінскі: ) “У нас прадстаўлены, напэўна, усё арганізацыі, якія ёсьць ў Беларусі. Але ўсе яны існуюць самі па сабе. Дзейнасьць таго ж “Зубра” абмяжоўваецца тым, што яны раскідваюць улёткі. Час ад часу зьяўляюцца іхныя графіці”.

(Карэспандэнт: ) “Калі рабілі першую праграму “Палітычная геаграфія — Бабруйск”, людзі апавядалі, што гарадзкія ўлады прызначылі міліцыянтам прэмію за кожнага злоўленага зуброўца, якія будзе маляваць графіці. Чым тая кампанія скончылася?”

(Лацінскі: ) “Моладзь па-ранейшаму пісала на сьценах. І шэрагі такіх людзей папаўняліся”.

(Карэспандэнт: ) “Дзейнасьць БРСМ нейкім чынам відаць?”

(Лацінскі: ) “Яе было відаць перад выбарамі. Зуброўцы малявалі свае надпісы, а яны дапісвалі знак роўнасьці і ставілі фашыстоўскі крыж. Вось і ўся іхная дзейнасьць”.

Бабруйск з насельніцтвам 220 тысяч чалавек выбітны тым, што тут выдаецца ажно чатыры незалежныя газэты. Тры зь іх маюць выразную рэклямную скіраванасьць. І толькі адна, “Бабруйскі кур’ер”, друкуе зацемкі на тэму палітыкі, эканомікі, а яшчэ навіны — мясцовыя, нацыянальныя ды міжнародныя.

Babrujsk - Бабруйск

Рэдакцыя месьціцца на другім паверсе старога будынку. Тут жа ўваход у службу быту. Курылка агульная — таму так і тлумна. Мае пытаньні да адказнага сакратара тыднёвіка Віктара Качана.

(Карэспандэнт: ) “Ці на любыя тэмы зьяўляюцца артыкулы ў газэце?”

(Качан: ) “Калі мы пішам вострыя матэрыялы, мы надаем вялікую ўвагу таму, што нам за гэта будзе. Улада часам нэрвова рэагуе на нашыя матэрыялы. Адное неасьцярожнае слова — і справа можа дайсьці да суду і нават да закрыцьця газэты”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта самацэнзура?”

(Качан: ) “Самацэнзура ў тым, што мы ня можам, як “Народная воля”, ляцець “з шашкай нагало”. Мы больш акуратныя ў словах. Прыкладам, мы ведаем, што адзін з намесьнікаў старшыні гарвыканкаму прысутнічаў на сходзе арганізацыі “Саюз жанчынаў”. Ягоная дзейнасьць перад сходам прывяла да таго, што старшыня зьмяніўся на таго, каго хацеў гарвыканкам. Мы пішам пра гэты факт, але бяз прозьвішчаў”.

Вымаві “Бабруск” — і ўсе дададуць: “Белшына”. Вымаві “Белшына” — і будзе зразумела, што “Бабруйск”. Камбінат, дзе працуе 14 тысяч чалавек, вырабляе пакрышкі ўсіх магчымых памераў і відаў.

З чальцом незалежнага прафсаюзу Аленай Захожай мы сустрэліся а шостай раніцы. Перад працоўнай зьменай яна выгульвае свайго сабаку, які адгукаецца на мянушку Кампот.

Babrujsk - Бабруйск

(Захожая: ) “Сёньня становішча зьмянілася, і зьмянілася да лепшага. Мой завод буйнагабарытных шынаў прастайваў месяцамі. А цяпер працуе, і працуе стабільна, як мае быць”.

(Карэспандэнт: ) “У якім стане знаходзіцца прафсаюзны рух?”

(Захожая: ) “Прафсаюзны рух не запатрабаваны. Асобныя людзі бачаць, што іхныя правы парушаюцца, асобныя і змагаюцца. Гэтыя людзі і дамагаюцца, а наагул народу ягоныя правы не патрэбныя. У нас ёсьць суполка свабоднага прафсаюзу. Але на сёньня мы зноў у падпольлі, бо ў нас няма дзяржаўнай рэгістрацыі”.

(Карэспандэнт: ) “Якія дачыненьні чальцоў свабоднага прафсаюзу з адміністрацыяй?”

(Захожая: ) “Мы вас не чапаем і вашых асабістых правоў не парушаем, і вы нас не чапайце”.

Стасункі між незалежным прафсаюзам і адміністрацыяй “Белшыны” сёй-той з працоўных называе “халоднай вайной”. Суполка сваёй дзейнасьцю псуе кроў чыноўнікам за тое, што тыя, на думку прафсаюзных актывістаў, пагардліва ставяцца да падначаленых.

Алена Захожая неяк удзельнічала ў перадачы “Палітычная геаграфія”. Тады яна на прыкладах апавяла, што значыць быць неабароненым працоўным.

(Захожая: ) “Адна жанчына распавяла мне, як яе высялялі з інтэрнату, а наўзамен давалі нешта такое непрывабнае — яшчэ горшае, чым яна мела. І яна шмат парогаў абабіла. І яна прыйшла да Раманоўскага з надзеяй, што ён вырашыць ейнае пытаньне. Аднак той ня толькі ня вырашыў, але і абразіў гэтую жанчыну. Яна мне са сьлязьмі пра гэта распавядала. Ён кінуў на падлогу ўсе ейныя паперы, кабінэт вялікі — дык яны разьляцеліся па ўсім кабінэце. І яна на каленях поўзала па гэтым кабінэце і плакала”.

Ці зьмянілася стаўленьне да чальцоў незалежнага прафсаюзу за апошнія гады? Вы самі зможаце адказаць на гэтае пытаньне пасьля таго, як паслухаеце гісторыю працоўнага Сяргея Гурла. Адна толькі рэмарка: Елак — гэта прозьвішча намесьніка дырэктара прадпрыемства ў справах сацыяльнай дапамогі.

Babrujsk - Бабруйск

(Гурло: ) “Мой малы ўсё хварэе ды хварэе. У дзіцячай паліклініцы напісалі паперку, што трэба ў санатор. Я дайшоў да таварыша Елака... Сакратарка ягоная ведае, хто ідзе: “Я ня буду рэгістраваць вашай заявы!” Я разумею, калі змагаюцца са мной. Магчыма, я небясьпечны для рэжыму. А якая небясьпека ад майго чатырохгадовага сына? Хай яны ганарацца тым, што змагаюцца з хлопчыкам, калі ім болей няма чым ганарыцца!”

Сын Сяргея Гурла заняў першае месца сярод дзяцей у маратонскім забегу. Праўда, у санаторыі тады ён так і не палячыўся.
XS
SM
MD
LG